XXVI Минская международная книжная выставка-ярмарка удивляет литературными новинками и древними фолиантами

Рай для чытачоў

Вось ужо трэці дзень выставачны комплекс на праспекце Пераможцаў, 14 гудзіць, нібы вулей. Толькі ўнутры яго не пчолы, а тыя, хто ідзе па жыцці з кнігай. І чытачы, і пісьменнікі, і кнігавыдаўцы, і распаўсюджвальнікі з усяго свету. На тэрыторыі плошчай каля 3 тысяч квадратных метраў размясціліся звыш 430 экспанентаў з 35 краін. І як у такой атмасферы не гудзець? XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая праходзіць у сталіцы з 6 па 10 лютага, — неверагодная магчымасць абмеркаваць новыя выданні, пагутарыць пра праблемы кніжнай сферы і падзяліцца вопытам.


Годны прыклад 

Кніжны форум праходзіць у нашай краіне ўжо дваццаць шосты раз, а цікавасць да яго не змяншаецца. І гэта, нягледзячы на развіццё сацыяльных сетак, папулярнасць электронных кніг і іншых тэхналагічных навінак. Як адзначыў у сваім прывітанні ўдзельнікам і гасцям выставы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, кнігавыданне па-ранейшаму застаецца візітнай карткай нашай краіны, звязвае яе багатае гістарычнае мінулае і імкненне сучаснікаў да захавання і ўзбагачэння культурнай спадчыны папярэдніх пакаленняў. У нашых выдаўцоў ёсць чаму павучыцца. Нездарма іх праекты займаюць прызавыя месцы на прэстыжных конкурсах, у прыватнасці, Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД. Летась беларускія кнігі атрымалі на гэтах кніжных агледзінах аж 11 узнагарод! Гэты год на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб’яўлены Годам кнігі. І распачала яго як раз наша выстава-кірмаш.

— Вельмі важна, што менавіта Беларусь адкрывае гэты год, які будзе насычаны падзеямі, прысвечанымі выдавецкай справе, літаратуры нашых краін. Вялізнае свята ў Мінску — важны прыклад для ўсёй постсавецкай прасторы і не толькі, — падкрэсліў на адкрыцці фэсту спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. 


Суседзі запрашаюць

Расія сёлета выступае цэнтральным экспанентам беларускай выставы. Суседзі разгарнулі на пляцоўцы цэлую бібліятэку, заняўшы амаль палову выставачнага комплексу. Уражвае жанравая разнастайнасць: ад слоўнікаў, навуковай літаратуры да мастацкіх і дакументальных твораў. 

Экспазіцыя Санкт-Пецярбургскага стэнда прымеркавана да 75-годдзя зняцца блакады. Адметнае месца займае паэтычная анталогія “Звон Памяці”, прысвечаная трагічным падзеям мінулага стагоддзя — ленінградскай блакадзе і халакосту. У кнізе сабраны вершы каля сотні аўтараў з дванаццаці краін. Кідаецца ў вочы яшчэ адна навінка — “Ваенны дзённік Тані Васаевіч. 22 чэрвеня 1941 — 1 чэрвеня 1945”. Гісторыя дзяўчынкі, якая пахавала ўсіх родных, але выжыла падчас блакады. Свае перажыванні яна давярала дзённіку, які запаўняла ад першага да апошняга дня вайны. Тоўсты школьны сшытак поўны запісаў і малюнкаў. Ён цалкам увайшоў у кнігу. 

Карыстаецца попытам краязнаўчая, гістарычная, дзіцячая літаратура. Для дзяцей тут сапраўдны кніжны рай. Казкі на любы густ: ад класікі да навінак. Маленькім гарэзам нават зрабілі асаблівую сцэну, дзе праходзяць тэатралізаваныя прадстаўленні, вясёлыя заняткі, гульні. 


Толькі свежы тавар 

Годна выглядаюць стэнды і іншых замежных гасцей. І вядома, шырока прадставілі свае праекты айчынныя выдавецтвы. 

Да прыкладу, “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” прэзентуе трохтомную персанальную энцыклапедыю “Янка Купала” — у гісторыі кнігавыдання не памятаюць падобных маштабных праектаў, прысвечаных адной персоне. Дэманструецца серыя выданняў да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Гэта не толькі грунтоўная кніга “Спорт вышэйшай пробы. Еўрапейскія і алімпійскія гульні”, але і практычны даведнік “Мінск” на рускай і англійскай мовах, турыстычная карта беларускай сталіцы, календары з сімволікай II Еўрапейскіх гульняў. Вядома, што больш за 10 тысяч камплектаў такой інфармацыйнай прадукцыі ўжо накіравалі ў пасольствы і прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой.


“Пачатковая школа” прадстаўляе развівальныя кнігі “Вучымся з Топам”. “Народная асвета” прэзентуе серыю Міхася Пазнякова “Свет вакол нас”. “Мастацкая літаратура” прапануе аматарам паэтычнага слова кнігі з серыі “100 вершаў”: “Кахання сад і ластаўка вясны” Яўгеніі Янішчыц, “Ніці лёсу” Генадзя Бураўкіна, “Сэрца маё” Пімена Панчанкі і іншыя.

— Гэта не адзіны праект, які распачалі летась. Новая серыя — “Прэмія”. Друкуем лепшыя ўзоры сусветнай літаратуры, якія атрымлівалі самыя прэстыжныя ўзнагароды. Вядома, не маглі абысці ўвагай і нашага нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч. Выдалі “У вайны не жаночы твар” у перакладзе на беларускую мову. Друкуем класікаў. Але ў той жа час не забываем пра маладых аўтараў. Выпускаем дзіцячую літарату. Вельмі папулярны тавар. Дзеці чытаюць беларускія казкі, вершы, апавяданні, і гэта добры знак. Значыць, будучыня ў кнігі ёсць, — падсумоўвае дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак. 


З кнігай па жыцці

На выставе, дарэчы, можна сустрэць нямала сем’яў з дзецьмі. Маладая маці Вольга, да прыкладу, прыйшла на кірмаш з паўтарагадовай Ксюшай:

— Не чакала, што будзе столькі народу. Але не пашкадавала, што выбралася сюды з дачкой. Мне падаецца, што такая атмасфера на карысць дзеткам. Няхай бачаць, што ёсць не толькі смартфоны і планшэты. Ксюша яшчэ пачынае знаёміцца з літаратурай, таму набылі надзейныя кардонныя кніжкі. І паглядзіце, як яны ёй спадабаліся — не выпускае з рук. 

Разам з сучаснымі кнігамі прадстаўлены экзэмпляры, якія літаральна дыхаюць гісторыяй. Чаго толькі каштуе арыгінал “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны 1522 года выдання. Не адарвацца і ад першага ў свеце “Буквара” 1618 года, да стварэння якога мелі дачыненне беларусы. І няхай наведвальнік бачыць толькі факсімільнае выданне, але і гэта вялікая каштоўнасць для нас, улічваючы, што арыгіналы выдання захоўваюцца за мяжой.

Пакуль гуляеш па выставе, раз-пораз чуеш заклікі на прэзентацыі, майстар-класы, аўтограф-сесіі, сустрэчы з пісьменнікамі... У праграме, разлічанай на пяць дзён, — звыш 400 мерапрыемстваў. З найбольш буйных — Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, узнагароджанне пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, падвядзенне вынікаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы кнігагандлёвы аб’ект “Мы робім па-людску?!”. Найбольш папулярныя сярод наведвальнікаў выставы — сустрэчы з аўтарамі. Павел Басінскі, Вераніка Доліна, Яўген Вадалазкін, Вольга Дварнякова прыехалі на кніжны фэст з Расіі, аўтар бардаўскай песні Даменіко Лакашулі — з Італіі, пісьменнік і ілюстратар Стыян Холе — з Нарвегіі і гэтак далей.


Якія актыўнасці прапаноўвае кніжны форум

Слоган кніжнага форуму — “Больш чым кнігі”. Сталіца далучылася да кніжнага свята ў самых розных месцах: на пляцоўках кнігарняў, бібліятэк і музеяў, пад купалам храма, у кавярнях, нават у аўтобусах. Але і на праспекце Пераможцаў, 14 у наведвальнікаў ёсць магчымасць не толькі набыць кнігі і сустрэцца з пісьменнікамі.

Уявіць сябе першадрукаром

У перапынках паміж прэзентацыямі дарослыя і дзеці са здзіўленнем разглядаюць драўляны друкаваны станок. Узнавіў яго па старадаўніх чарцяжах і гравюрах (без адзінага цвіка!) гісторык Уладзімір Ліхадзедаў. Адразу пераносішся ў мінулае і адчуваеш сябе ў ролі першадрукара.

Стварыць папяровую птушку

Заўтра абавязкова прыходзьце падзівіцца на цуд: з бялюткага лісточка паперы атрымаецца шэдэўр. Майстэрства рук і ніякага махлярства! З таямніцамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пазнаёміць двухразовы пераможца міжнароднай алімпіяды па арыгамі Дзмітрый Лысюк. Вядома, грандыёзныя фігуры патрабуюць незвычайных здольнасцяў і таленту, але зрабіць лісічку, матылька, жураўліка змогуць нават дзеткі. Нездарма кніга Дзмітрыя называецца “Арыгамі для ўсіх”. 

Забраць да хаты “шчасце”

Да кітайскага стэнду цягнецца ланцужком вялікая чарга. Нядзіўна — хто ж не хоча забраць да хаты “шчасце”! Адбітак іерогліфа з гэтым словам робяць на вялікім чырвоным лістку паперы. Можна аформіць яго ў рамачку і павесіць на сцяне. А побач вучаць вымаўляць галосныя і зычныя карэйскага алфавіту. “Дйу, бйу, нйо”, — насамрэч не ўсё так проста. 

Сплесці кошык 

На стэндзе выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” народны майстар па лазапляценні Алёна Гурэцкая спрытна стварае са звычайных пруткоў адметныя і прыгожыя рэчы. Маляўнічы альбом “Лазапляценне: ілюстраваны майстар-клас” пазнаёміць чытачоў са старажытнай тэхналогіяй лазапляцення і па-новаму раскрые ўяўленне аб гэтым рамястве. Вы зможаце правільна падабраць патрэбны матэрыял, асвоіць асноўныя віды пляцення і зрабіць цікавыя рэчы.

Падзівіцца на карціны

На “нулявым паверсе” выставачнага комплексу не толькі гардэроб. Падчас кніжнай выставы-кірмашу тут размясцілі карціны з калекцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А дакладней — ілюстрацыі да твораў беларускіх і замежных аўтараў. Тут можна ўбачыць прыгожыя ілюстрацыі да паэмы Міхая Эмінэску “Лучафэрул” ці да кнігі Уладзіміра Ягоўдзіка “Скарбы Лесавіка”. 

ТОП-5

Найбольш папулярныя выданні мастацкай літаратуры па версіі інтэрнэт-крамы “Белкніга”


1. Дзіна Рубіна
“Напалеонаў абоз.
Кніга 1. Рабінавы клін”
2. Бернар Міньер
“Гробаная гісторыя”
3. Эдвард Сэнт-Обін
“Патрык Мэлроўз. Кніга 1”
4. Халед Хасэйні
“І рэха ляціць па гарах”
5. Чаракова Маша
“Смелая дзяўчынка” 
ЦЫТАТА

Аляксандр Карлюкевіч, міністр інфармацыі:

— Вельмі прыемна, што на Мінскую кніжную выставу-кірмаш прыехалі ўдзельнікі і госці з многіх краін. Мы ўдзячныя ўсім, хто сёння ставіцца да кнігі, як казаў Максім Горкі, як да жывога факту. Мы рады, што цэнтральным экспанентам стала Расія, якая прывезла велізарную колькасць выданняў і новыя творчыя праекты. Жадаю ўсім наведвальнікам выставы знайсці сваю кнігу.

У сталічных кавярнях праходзіць літаратурны гастратыдзень

Сацыяльныя сеткі актыўна запаўняюць фотаздымкі з хэштэгам #смакчытання. На іх стравы, якія сустракаюцца на старонках любімых беларускіх і замежных твораў. Калдуны з мясам нагадваюць пра “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, а духмяная верашчака з блінамі прымушае ўспомніць радкі з “Новай зямлі” Якуба Коласа. “За квасам елі верашчаку, а потым блінчыкі на маку, а там ламанцы-праснакі з пшанічнай добрае мукі...”.

Нямала ў меню сталічных кавярняў і рэстаранаў страў і з сусветных бестселераў. Дзякуючы братам Грым маем магчымасць пакаштаваць арэхавы суп для Рапунцэль. Астрыд Ліндгрэн пакінула ў спадчыну чытачам шведскі селядцовы салат — пра яго даведываемся з твора “Эміль з Лёнебергі”. Аўтар “Як важна быць сур’ёзным” Оскар Уальд частуе сэндвічам з агурком і сырам “Філадэльфія”. Прыхільнікі Умберта Эка напэўна ацэняць французскі цыбулевы суп, апісаны ў рамане “Пражскія могілкі”. А аматары Мікалая Гогаля і яго “Вечароў на хутары ля Дзіканькі” — славутыя варэнікі: “Пацюк разявіў рот, паглядзеў на варэнікі і яшчэ шырэй разявіў рот. У гэты час варэнік выскачыў з міскі, пляснуў у смятану, перавярнуўся на другі бок, падскочыў угару і якраз трапіў яму ў рот”.

Усяго ў літаратурным гастратыдні з 31 студзеня па 10 лютага прымаюць удзел трынаццаць кропак харчавання беларускай сталіцы. Тым, хто не патрапіць на фэст, прапануем прыгатаваць адну з літаратурных страў дома.

Верашчака (з энцыклапедыі беларускай кухні “Смачна есці”)

300 г свіной грудзінкі, 200 г каўбасы, паўшклянкі смятаны, 1 цыбуля, 1 ст. л. мукі, тлушч.


Грудзінку (па 2 кавалкі на порцыю) абсмажыць, заліць булёнам ці вадой, патушыць у закрытым посудзе. На булёне, які застаўся пасля тушэння, прыгатаваць падліўку са смятаны, а таксама абсмажаных на тлушчы мукі і цыбулі. Заліць ёю мяса, пасмажаную каўбасу і давесці да кіпення. Мяса і каўбасу падаваць з падліўкай, гарнір (бліны, дранікі, вараная бульба) — асобна.

infong@sb.by

Фота Юрыя Мазалеўскага, Віталія Піваварчыка і БЕЛТА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter