Растуць сапраўдныя мужчыны

У смілавічскай ДЗЮШАР прайшоў адкрыты турнір юных самбістаў

У Смілавічах у дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву прайшоў адкрыты турнір юных самбістаў 2000—2005 гадоў нараджэння, у якім прынялі ўдзел 9 каманд з Мінска і Мінскага раёна, Жодзіна, Чэрвеньскага раёна і Баранавічаў.

Галоўным суддзёй спаборніцтваў быў майстар спорту Віктар Кожыч, суддзямі — заслужаны трэнер Беларусі Яўген Агейчык і былы трэнер зборнай СССР, заслужаны трэнер СССР і Беларусі Юльян Новік.

Апошні адзначыў, што Смілавічы — край самбісцкі. Першым майстрам спорту СССР па самба ў Смілавічах стаў Яўген Агейчык. А яго сын, таксама Жэня, стаў чэмпіёнам свету па самба. Цяпер Агейчык-малодшы з’яўляецца трэнерам зборнай Фінляндыі па самба.

Чэмпіёнамі не нараджаюцца. Імі становяцца самыя працавітыя, таленавітыя і ўпартыя. Як з зярнятка старанны, клапатлівы селекцыянер вырошчвае цудоўнае дрэва, так улюбёны ў сваю справу трэнер выхоўвае будучых чэмпіёнаў.

Заслужаны трэнер Беларусі Яўген Агейчык зазначыў, што гэтыя спаборніцтвы для юных самбістаў сапраўднае свята. «Вы працягваеце, — падкрэсліў ён, — слаўныя традыцыі беларускага і смілавіцкага самба. У нашым мястэчку вырасла нямала знакамітых спартсменаў, сярод іх — вядомыя самбісты Віктар Абраменка, які быў чэмпіёнам СССР па самба і чэмпіёнам свету па барацьбе дзюдо, прызёр першынства Еўропы па барацьбе самба Аляксандр Казакевіч, які цяпер працуе ў Службе бяспекі Прэзідэнта Беларусі. Дарэчы, ён з залатым медалём закончыў Смілавіцкую сярэднюю школу і з чырвоным дыпломам — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Нехта памыляецца, калі думае, што самба займаюцца толькі хлопцы. Тут выраслі і знакамітыя дзяўчаты. Напрыклад, Каця Поткас была прызёрам Еўропы і свету па барацьбе самба. Вядомыя атлеты — браты Багамякавы. Старэйшы, Дзмітрый, шмат разоў быў прызёрам Еўропы і свету, а малодшы, Ян Багамякаў, — чэмпіёнам кантыненту і свету. Як бачым, у смілавіцкай школе самба ёсць свае слаўныя традыцыі».

Было б неразумна супрацьпастаўляць фізічнае і інтэлектуальнае развіццё дзяцей. Але нічога добрага чакаць не прыходзіцца, калі хлюпік за камп’ютарам які перамог у «стралялках», адчувае сябе «крутым». Тут жа назіралася зусім іншая карціна. Эмоцыям, якія пераліваліся цераз край, маглі б пазайздросціць спаборніцтвы дарослых. Было шмат радасці пераможцаў і слёз тых, хто прайграў. Падумалася, што некаторыя імёны гэтых старанных хлопчыкаў, як і імёны многіх смілавічан, праз некалькі гадоў, магчыма, стануць вядомымі ўсяму свету. І можна не сумнявацца, што ўсе яны вырастуць сапраўднымі людзьмі. На жаль, у канцы спаборніцтваў пры падвядзенні вынікаў быў дапушчаны ляпсус, якім былі вельмі пакрыўджаны юныя чэмпіёны і прызёры па самба.

Згодна з палажэннем за прызавыя месцы павінны ўручацца медалі і граматы. Грамат за першае і другое месца не аказалася, а толькі медалі. Але медаль можна купіць на рынку (асабліва ў наш час). А грамата — гэта ж дакумент! Чаму не падумалі аб гэтым арганізатары спаборніцтваў Чэрвеньскага раёна і не знайшлі невялікіх грошай, каб узнагародзіць дзяцей, якія сталі пераможцамі і прызёрамі?

Зразумела, што кожнаму хлопчыку, які заняў прызавое месца, хацелася паказаць не толькі медаль, але і грамату дома бацькам і сябрам. Калі не лічыць гэтай недапрацоўкі, турнір юных самбістаў у Смілавічах прайшоў на даволі высокім арганізацыйна-спартыўным узроўні. Можна радавацца і за тое, што юныя спартсмены маюць у Смілавічах такую цудоўную спартыўную залу, аб якой наша пакаленне магло толькі марыць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter