Расцём!

Змрочныя сцэнарыі адносна жыццяздольнасці сусветнай эканомікі, на шчасце, не спраўдзіліся: згодна аналізу агенцтва Global Economic Outlook (GEO), сёлета на 3,1 працэнта чакаецца пад’ём глабальнага ВУП — супраць папярэдняга прагнозу на 2,9. Наступны год мяркуецца яшчэ лепшы за мінулы — плануецца дасягнуць планку 3,2 працэнтнага пункта. Цікава, што міжнародная эканоміка пачынаючы з 2010 года ўпершыню паказвае ўстойлівы рост.

Аўтарытэтнае рэйтынгавае агенцтва Fitch таксама станоўча ацаніла магчымы пад’ём сусветнай эканомікі на бліжэйшыя два гады.

У 2017-м, у  вызначаных вядомымі эканамістамі параметрах, свае эканамічныя паказчыкі палепшылі трынаццаць краін, у 2018 годзе іх будзе яшчэ сем.

Пазітыўную дынаміку на макраэканамічным узроўні, паляпшэнне  сітуацыі на рынках працы забяспечылі эканомікі развітых краін. Вяртаюцца да сталага эканамічнага росту дзяржавы, чыя эканоміка развіваецца. Гэта адбываецца на фоне эканамічнага росту ў Кітаі, а таксама з-за аднаўлення попыту ў некаторых краінах — вытворцах сыравінных рэсурсаў. Так, у пятнаццаці з дваццаці кантрольных дзяржаў, згодна звестак Fitch, у першым паўгоддзі назіраюцца больш высокія тэмпы росту ВУП (на 0,5 працэнта). Сярод іх — Канада, Польшча, Расія і Турцыя. Гэтаму сёння спрыяюць і пазітыўныя змены ў сусветным гандлі: рост імпарту Кітая (з сярэдзіны мінулага года) паўплываў на павелічэнне  тэмпаў росту аб’ёмаў сусветнага гандлю да межаў шасцігадовага максімуму 5 працэнтаў.

Рост ВУП еўразоны сёлета, паводле агляду экспертаў Fitch, стане найбольш значным за апошнія дзесяць гадоў — 2,2% (раней прагназавалася 2 працэнты). Эканоміка ЗША ў 2017 годзе ўзрасце на 2,1 працэнта пры паказчыку інфляцыі 2,1 працэнтнага пункта.

У лістападаўскай справаздачы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) ацэньваецца рост ВУП нашай краіны. На думку спецыялістаў банкаўскай установы, ён складзе ў 2017 годзе 1,5 працэнта і будзе залежаць ад правядзення Беларуссю структурных рэформ. Прагноз на 2018-ы — 2 працэнты. ЕБРР канстатуе: нацыянальная эканоміка расце пасля двух гадоў рэцэсіі — за дзевяць месяцаў 2017-га ВУП Беларусі павысіўся ў гадавым вылічэнні на 1,7 працэнта. Аб’ём вытворчасці ў перапрацоўчай прамысловасці — у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — узрос на 6,6 працэнта. У верасні інфляцыя ў гадавым вылічэнні знізілася да гістарычнага мінімуму 4,9 працэнта.

Эксперты ЕБРР адзначаюць: кароткачасовыя эканамічныя перспектывы нашай краіны палепшыліся дзякуючы рашэнню сітуацыі з пастаўкамі газу і нафты з Расіі, аднаўленню выплат Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter