Брэст: на якую працу зараз можна ўладкавацца і за якія грошы

Расці, зарплата, вялікая і маленькая

Праца шукае жадаючых. Мабыць, так у трох словах можна апісаць настрой, з якім у Брэсце прайшоў апошнi ў гэтым годзе кірмаш вакансій. У холе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама сабраліся прадстаўнікі 19 буйных гандлёвых сетак. З лістамі вакансій, анкетамі, візітоўкамі. Удзельнікі кірмашу мелі рэальную магчымасць атрымаць месца па схеме «сёння на сёння». Чаму так хутка? Да канца года каэфіцыент напружанасці на рынку працы ў Брэсце знізіўся да 0,87 беспрацоўнага на адну вакансію. Так што кандыдатам не тое што знайсці працу стала прасцей, цяпер яны могуць перабіраць прапановы.

Інфармацыя аб вакансіях аператыўна абнаўляецца на стэндзе ля ўвахода ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама
фота аўтара

Галіна Ляшчынская запаўняе адразу чатыры анкеты — адну на вакансію паштальёна і тры на прадаўца. Жаданая зарплата — 500 рублёў. Заўважаю ў руках 32-гадовай брэстаўчанкі дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі:

— Вывучылася ў 2005 годзе на бухгалтара, але па спецыяльнасці працаваць адразу не пайшла. Потым ужо адмаўлялі наймальнікі, бо патрабаваўся прафесійны стаж.

Жанчына не спрачаецца: навыкі бухгалтара страціла, таму не лічыць ганебным перакваліфікавацца ў таго ж прадаўца. Чым дрэнная праца? Пастаянна маеш зносіны, сядзіш у цяпле:

— У адной гандлёвай сетцы гутарку прызначылі на сёння. Заўтра другая сустрэча. Так што без справы дакладна не застануся.

А вось спецыяліст па кадрах філіяла ў Брэсце сеткі магазінаў для будаўніцтва і дома Ніна Казачкіна не настолькі аптымістычная:

— У аддзел з цяжкімі і буйнагабарытнымі таварамі патрэбны прадавец-мужчына. Гарантавана абяцаем 400 рублёў зарплаты, зручны графік «два праз два», кар'ерны рост і навучанне за кошт кампаніі. Не можам знайсці работніка! Сёння раніцай звярнуліся чатыры чалавекі — і ўсе жанчыны.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама Іна Наважылава пацвярджае, што ініцыятыва аб працаўладкаванні сёння ўсё часцей зыходзіць з боку наймальніка:

— Вясной у нашых кірмашах вакансій больш мелі патрэбу грамадзяне, якія шукалі месца працы, да зімы сітуацыя змянілася. Праводзіць такія мерапрыемствы просяць наймальнікі.

У гэтым годзе ў кірмашы вакансій прынялі ўдзел каля 90 арганізацый Брэста і каля тысячы беспрацоўных. З іх амаль 400 чалавек пытанне з працаўладкаваннем вырашылі.

hanna.petrachenka@yandex.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter