29 протоколов с одного авто: как система «Мобильный инспектор» выявляет водителей-нарушителей из других стран

Расплата за нумары

Вадзіцелі добра ведаюць: парушыў рэжым хуткасці на дарозе – чакай так званы ліст шчасця. А вось госці нашай краіны, якія рухаюцца на аўтамабілях, хоць і ў курсе спраў, але часта не звяртаюць увагі на знакі і трапляюць у аб’ектыў фотарадараў. Але як жа знайсці парушальніка, калі аўтамабіль зарэгістраваны ў іншай краіне? Як высветлілася, гэта не праблема. Вось ужо амаль два месяцы ДАІ тэсціруе сістэму аддаленай праверкі вадзіцеляў «Мабільны інспектар». Праграму ўстанавілі на планшэт, які падключылі да выдзеленага канала сувязі. У яго закладваецца і штодня абнаўляецца база нерэзідэнтаў нашай краіны, чые аўтамабілі парушылі хуткасны рэжым. Зараз знайсці замежнага «гоншчыка» нескладана. Карэспандэнт «Р» выехала з супрацоўнікам ДПС на дарогі Мінска і даведалася, як дзейнічае новая распрацоўка.

Праверыць машыну нерэзідэнтаў нашай краіны на парушэнні хуткаснага рэжыму больш не праблема.

«Рэкардсмены»-парушальнікі

Перад адпраўленнем у патруляванне інспектар ДПС ДАІ Маскоўскага РУУС Мінска Мікалай Гулевіч правярае ў машыне маленькі партатыўны прынтар. Праз яго пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання раздрукоўваюць проста ў машыне інспектара ДПС.

— Спадзяюся, паперы на магчымыя пастановы ў ім хопіць, — разглядаючы «начынку» прыстасавання, гаворыць ён.

— Няўжо бывалі выпадкі, калі не хапала? – цікаўлюся я.

— А як жа! Напрыклад, нядаў­на неабыякавыя прахожыя патэлефанавалі ў нашу службу. Паведамілі, што аўтамабіль з расійскімі нумарамі стаіць на зялёнай зоне. Я прыехаў, праверыў машыну на парушэнне хуткаснага рэжыму па «Мабільным інспектары». Выявілася 29 выпадкаў, калі грамадзянін перавысіў хуткасць! Наш маленькі прынтар тады працаваў без перапынку! Шмат часу прайшло, пакуль вынеслі ўсе 29 пастаноў.

Дарэчы, каб аформіць «ліст шчасця» госцю краіны, супрацоўніку ДАІ трэба ўвесці даныя аб транспартным сродку. Таму важна не проста засячы аўтамабіль, за якім лічыцца парушэнне, а спыніць яго, калі за рулём будзе вадзіцель.

Між тым мы праязджаем па вуліцах Мінска. Бачым першае аўто з расійскімі нумарамі на святлафоры. Правяраем па «Мабільным інспектары». Транспартны сродак у вышуку не лічыцца. Дарэчы, з дапамогай сістэмы можна праверыць і гэта. Парушэнняў хуткаснага рэжыму таксама няма. Здымаем з машыны ўсе падазрэнні, едзем далей.

— Бывае, што за дзень знойдзеш шмат аматараў хуткага руху. Дарэчы, гэта не толькі грамадзяне Расіі, трапляліся таксама і аўстрыйцы, і венгры, і палякі… — Мікалай успамінае доўгі спіс замежнікаў.

Тройчы не мае рацыі

Каля бардзюра прытуліўся невялічкі грузавічок з расійскімі нумарамі. Спыняемся, звяртаемся па дапамогу да «Мабільнага інспектара». Высвятляецца, што на аўтамабілі вісяць тры парушэнні хуткаснага рэжыму. Але вадзіцеля ў машыне няма. Мікалай дакранаецца да капота: ён ужо халодны. Значыць, грузавік тут сумуе даўно. Што ж, накіроўваемся далей.

Інспектар ДПС ДАІ Маскоўскага РУУС Мінска Мікалай Гулевіч уводзіць даныя машыны ў праграму «Мабільны інспектар».

Вылічыў «Мабільны інспектар» і белую Mazda-6 з расійскімі нумарамі: праграма паказала тры парушэнні хуткасці. Мікалай па рацыі просіць вадзіцеля аўтамабіля спыніцца. Той адразу прыціскае машыну да бардзюра.

— Глядзіце, «Мабільны інспек­тар» паказвае, што ў вас тры парушэнні хуткасці, — паказвае на экран планшэта Мікалай.

— Так, я бачу, — згаджаецца вадзіцель і ставіць свой подпіс тры разы, пад кожным з выпадкаў парушэння. Гэта неабходна, каб інспектар змог атрымаць доступ да фотаздымкаў з радараў. Без подпісу вынесці пастанову на аўтамабіль з нумарамі не нашай краіны немагчыма.

У трох выпадках вадзіцель перавысіў хуткасць менш чым на 20 кіламетраў у гадзіну, таму за кожны атрымлівае палову базавай велічыні штрафу. На пастанове ёсць і дата, да якой рашэнне можна абскардзіць. На гэта адводзіцца 30 дзён. Неабходна прад’явіць доказы, што за рулём транспартнага сродку быў іншы вадзіцель. 

Наш парушальнік мае беларускае грамадзянства. Ён нядаўна купіў аўтамабіль у расіяніна, таму яшчэ не паспеў перааформіць машыну. У гэтым выпадку пастанова выносіцца на месцы, у машыне інспектара. Але аплаціць штраф вадзіцель можа на працягу 30 дзён пасля вынясення.

Пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні друкуюць на партатыўным прынтары прама ў машыне інспектара.

Дарэчы, калі грамадзяне іншых краін парушылі хуткасны рэжым, яны могуць аплаціць штраф толькі банкаўскай карткай у салоне супрацоўніка ДАІ з дапамогай мабільнага тэрмінала. Калі ж такой магчымасці няма, у вадзіцеля і адначасова ўладальніка аўтамабіля канфіскуюць вадзіцельскае пасведчанне, замест яго выдадуць часовае. Вярнуць дакумент можна ў аддзеле ДАІ, калі штраф ужо аплачаны. 

Сістэма «Мабільны інспектар» ужо працуе па ўсёй краіне. Магчыма, у хуткім часе з дапамогай яе можна будзе праверыць наяўнасць тэхагляду, медыцынскай даведкі і вадзіцельскага пасведчання.

КАМПЕТЭНТНА

Ігнацій МАРОЗ, старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела забеспячэння правапрымяняльнай дзейнасці УДАІ МГБ МУС:


— Дзяржаўтаінс­пек­цыя ідзе ў нагу з часам. Неабходнасць стварэння «Мабільнага інспек­тара» абумоў­лена ў першую чаргу пераходам на электронны від запаўнення пастаноў, што скарачае час чакання для грамадзян. З пачатку эксплуатацыі «Мабільнага інспектара» былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзяне больш як па 8000 фактах перавышэння хуткасных рэжымаў, зафіксаваных сродкамі адзінай сістэмы фотафіксацыі парушэнняў.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter