Раскрывацца і ламаць моўныя бар’еры дапамагаюць абмены школьнікамі і выкладчыкамі

У вірлівых умовах жыцця веданне замежнай мовы — гэта ўжо не раскоша, а неабходнасць...

У вірлівых умовах жыцця веданне замежнай мовы — гэта ўжо не раскоша, а неабходнасць. Як, напрыклад, прадаваць тавар, выходзячы на сусветныя рынкі, без упэўненага валодання мовай той ці іншай краіны? Азы гэтых ведаў спасцігаюць у школах, ВНУ. У апошні час у Беларусі змяняюцца і пераасэнсоўваюцца навучальныя праграмы. Безумоўна, вынікі ёсць. Але як павысіць гэтую планку? Сакрэтамі паспяховай працы падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны Мінска Наталля Хамутоўская.

— На пытанне, як павысіць узровень ведаў нашых выхаванцаў, мы адказалі яшчэ 20 гадоў таму, калі ў гімназіі (тады яшчэ школы) склалася супрацоўніцтва з Уігенстонскім каледжам імя каралевы Лізаветы I горада Лестэра. Час паказаў, што мы не памыліліся.

— Гаворка ідзе аб абмене гімназістамі і выкладчыкамі?

— Па традыцыі нашы гімна­зісты ездзяць у Англію ў чэрвені, а дзеці з Лестэра наносяць візіт у адказ восенню. Дарэчы, у хуткім часе чакаем іх у госці. Для нас гэтыя візіты важныя з пункту гледжання развіцця камунікатыўных здольнасцей нашых навучэнцаў па англійскай мове. Бо ўсе дзеці розныя: адзін размаўляе, не баючыся памылак, другі, атрымліваючы выдатныя адзнакі на ўроках, пры асабістым кантакце замыкаецца, адчувае сябе няўтульна ў моўным асяроддзі. Зносіны з носьбітамі мовы дапамагаюць дзецям раскрывацца і ламаць гэтыя бар’еры. Яны вучацца аўдзіраванню — успрыманню мовы на слых.

— Чым гэта супрацоўніцтва карысна англійскаму боку?

— Для англічан гэта ў большай ступені магчымасць пазнаёміцца з культурай і гісторыяй Беларусі, ну і, вядома ж, пагутарыць з аднагодкамі. Яны наведваюць нашы заняткі, знаёмяцца з беларускай сістэмай адукацыі. Дарэчы, ім гэта вельмі цікава, паколькі падыходы ў навучанні дзвюх краін адрозніваюцца. Так, у каледжах Англіі вучацца толькі два апошнія выпускныя класы, перад паступленнем у ВНУ. Таму нашым гасцям непрывычна бачыць у калідорах гімназіі хлопчыкаў і дзяўчынак усіх узростаў.

— Наталля Аляксандраўна, у гімназіі акрамя англійскай мовы выкладаецца яшчэ шэраг іншых, у тым ліку кітайская. Можна сказаць, што вашы выпускнікі адной з моў валодаюць дасканала?

— Лепш за любыя словы гэта даказваюць перамогі нашых вучняў на моўных алімпіядах розных узроўняў. Напрыклад, у мінулым годзе гімназія заваявала першае месца ў раёне, горадзе і другое месца ў рэспубліцы. Дарэчы, першае месца ў раёне мы ўтрымліваем ужо чацвёрты год.

Годны вынік паказалі нашы дзеці і на цэнтралізаваным тэсціраванні гэтага года. Адна з нашых выпускніц — Хіоні Анастасія — на экзамене па анг­лійскай мове набрала 100 балаў. Акрамя таго, 30 працэнтаў усіх, хто здаваў гэты іспыт, паступілі на бюджэтныя ад­дзяленні ВНУ, дзе англійская мова з’яўляецца профільным прадметам.

— З алімпіяднікамі працуюць у тым ліку і англійскія выкладчыкі?

— Так, у нас ёсць такія дамоўленасці. Гэта педагогі, якія суправаджаюць групы англійскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з Уігенстонскага кале­джа імя каралевы Лізаветы I. І гэтая праца дае свой вынік.

Атрыманыя веды дапамагаюць гімназістам удзельнічаць у шэрагу навукова-практычных канферэнцый, дзе мова дакладаў — англійская. Нашы вучні прадстаўлялі Беларусь у Стакгольме на водным конкурсе, у Стамбуле — на алімпія­дзе экалагічных праектаў, у Баку — на экалагічным конкурсе. Больш за 15 гадоў яны вяртаюцца адтуль з высокімі ўзнагародамі.

— У апошнія гады праграма навучання замежным мовам змянілася, упор робіцца на гутарковую мову. Бясспрэчна, гэта добра. А як жа граматыка? І, на ваш погляд, як часта трэба займацца мовай, каб ведаць яе не для галачкі?

— Не магу сказаць, што ў навучанні замежным мовам у нас у гімназіі нешта кардынальна памянялася. Магчыма, менш часу адводзіцца на вывучэнне граматыкі, больш увагі надаецца гутарковай мове. Але мы «дабіраем» на факультатыўных занятках. Мы паспяваем. Што тычыцца часу, які патрабуецца на навучанне, скажу так: авалодванне любой замежнай мовай — гэта пастаянная праца. Займацца трэба кожны дзень. Толькі тады будзе вынік.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter