Правительство ввело временный запрет на поставку необработанных шкур за пределы ЕАЭС: что это даст нашим аграриям и промышленникам

Раскроілі на ўсiх

Лёс беларускіх шкур вельмі доўга складваўся не вельмі спрыяльна. Рознымi праўдамi і няпраўдамi, праз легальныя і адкрытыя «шэрыя» схемы іх экспартавалі. І сырымi, і ў выглядзе паўфабрыкатаў. Хоць магутнасці ўласных гарбарных прадпрыемстваў былі загружаны далёка не цалкам. Праблема ўцечкі сыравіны не раз абмяркоўвалася на розных узроўнях. Рознымі механізмамі праблему спрабавалi вырашыць. Але не заўсёды ўдавалася дасягнуць чаканага выніку. 

Фота Віталя Піваварчыка

Канчаткова кропку ў «шкурным пытанні», мяркуючы па ўсім, паставілі гэтай восенню. Па-першае, нядаўна прынята пастанова Савета Міністраў: уведзена часовая забарона на пастаўку неапрацаваных шкур за межы ЕАЭС, а таксама — ліцэнзаванне экспарту за межы саюза дубленых cкур. Фактычна паўфабрыкату. Па-другое, дасягнута канчатковая дамоўленасць па «шкурным пытанні» паміж усімі зацікаўленымі ведамствамі: Мінсельгасхарчам, «Беллегпрамам» і Белкаапсаюзам.

Розныя абмежаванні па шкурах уводзяць не ўпершыню. І ўсе з адной мэтай: стымуляваць глыбокую іх перапрацоўку ў краіне. Балазе гарбарныя прадпрыемствы мадэрнізаваны, могуць выпускаць прадукцыю еўрапейскай якасці. А ўласная сыравінная база здольна стаць падмуркам для стабільнага росту абутковай і галантарэйнай прамысловасці. Логіка простая і зразумелая: стымуляваць у краіне максімальную колькасць пераробак, каб за мяжу пастаўляць ужо гатовы тавар. Тут і рабочыя месцы, і выручка, і прыбытак.

Праўда, уклініцца на экспартныя рынкі з гатовымі вырабамі, нават з якаснай скурай, досыць праблематычна. Трэба ведаць усе хады-выхады глабальнай індустрыі, уключаць маркетынгавае мысленне, удзельнічаць у выставах, праводзіць перамовы, рабіць «смачныя» прапановы па цане, якасці, расфарбоўцы...

Уласная сыравінная база здольна стаць падмуркам для стабільнага росту абутковай і галантарэйнай прамысловасці.
Фота Аляксандра СТАДУБА

Іншая справа — неапрацаваныя шкуры і дубленыя скуры. Большы або меншы попыт на іх ёсць заўсёды. Тавар хоць і не самы маржынальны, але ліквідны — з рукамі адарвуць. Тым больш што на рынку шкур днём з агнём не адшукаеш. Адны краіны абмяжоўваюць іх вываз, з іншых сыравіну нельга імпартаваць з-за ветэрынарна-эпідэміялагічных абмежаванняў. Словам, прадаць за мяжу шкуры або паўфабрыкат шмат намаганняў і кампетэнцый не патрабуецца. Гэтым і карысталiся розныя пасярэднікі. А таксама некаторыя мясаперапрацоўшчыкі: аддавалі шкуры па давальніцкіх кантрактах на гарбарныя заводы, а паўфабрыкат паспяхова рэалізоўвалі на экспарт.

Пасля маштабнай праверкі галіны Дзяржкантролем у мінулым годзе і некалькіх раўндаў «разбору палётаў» у гэтым пытанне з сыравінай нарэшце быццам бы знайшло вырашэнне. Першы намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Вячаслаў Мiрусiн пацвердзіў: з Мінсельгасхарчам дасягнута поўнае паразуменне і падведамныя яму арганізацыі цяпер будуць усе шкуры прадаваць гарбарным прадпрыемствам. Вытворцы арыентуюцца на выпуск якаснай прадукцыі. Для гэтага і ўвялі ліцэнзаванне на экспарт паўфабрыкатаў. Цалкам ад яго адмовіцца немагчыма. «Не ўся сыравіна аднолькавай якасці, некаторую колькасць шкур нявыгадна апрацоўваць да гатовага скуранога тавару», — патлумачыў Вячаслаў Мiрусiн. У такіх выпадках і будуць дазволены пастаўкі за мяжу абмежаваных партый. Намаганні па навядзенні парадку ў «шкурнай праблеме» даюць аблічбаваны плён. У мінулым годзе доля паўфабрыкатаў у аб’ёмах вытворчасці гарбарных заводаў знізілася ў 1,4 раза, за 8 месяцаў гэтага года — яшчэ на 9,4 працэнтнага пункта. Павялічваецца выпуск гатовага скуртавару. Цяпер мяч на полi яго спажыўцоў — абутнікоў і галантарэйшчыкаў, якія, па ідэі, павінны скарыстацца перавагамі ўласнай сыравіннай базы.

volchkov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter