Рарытэты “нацыянальнасцi” не мяняюць, нават калi захоўваюцца за межамi сваёй Радзiмы, лiчыць гiсторык Вiталь СКАЛАБАН

Некаторыя лiчаць, што пра багацце i шматграннасць беларускай культурнай спадчыны мы можам меркаваць толькi па старонках падручнiкаў i энцыклапедый, а магчымасцi ўбачыць нацыянальныя святынi на свае вочы пазбаўлены: большасць каштоўнасцей знiшчана або вывезена за мяжу на працягу нашай багатай на войны i тэрытарыяльныя перадзелы гiсторыi... Мiж тым, сцвярджае загадчык аддзела публiкацыi дакументаў Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь Вiталь СКАЛАБАН, гэта распаўсюджаная ў грамадстве думка на самай справе не мае пад сабой грунту.
— Не такiя мы бедныя, як нам хочацца сабе ўяўляць — гэта вам скажа кожны спецыялiст.
У якасцi прыкладу, сцвярджае мой суразмоўца, можна прывесцi нядаўняе вяртанне ў нацыянальную скарбнiцу аднаго з легендарных беларускiх рарытэтаў — Слуцкага Евангелля, што ў 1582 годзе перапiсаў уласнымi рукамi князь Юрый Алелька.
— Да нядаўняга часу гiсторыкам было вядома, — распавядае Вiталь Скалабан, — што на працягу стагоддзяў Евангелле знаходзiлася ў Свята-Троiцкiм слуцкiм манастыры, якому князь яго падараваў. Напачатку XX стагоддзя рарытэт захоўваўся ў Свята-Духавым саборы Мiнска, якi сёння мы ведаем як кафедральны. У 1918 годзе сабор быў зачынены. А напачатку Вялiкай Айчыннай вайны каштоўная кнiга знiкла, i яе след быў страчаны. У афiцыйным паведамленнi прэс-службы Беларускага Экзархата аб вяртаннi рарытэта расказвалася цудоўная гiсторыя: святар аднаго з прыходаў Мiнскай епархii ў 1994 годзе адпяваў сваяка нейкай сталiчнай жыхаркi. Жанчына аддала святару кнiгу, якую яе сваяк некалi выратаваў ад знiшчэння. Гэта i было Слуцкае Евангелле XVI стагоддзя. Святар захоўваў гэты скарб да нядаўняга часу, калi 210-годдзе Мiнскай епархii стала нагодай для прадстаўлення яе беларускаму грамадству.
Слуцкае Евангелле разам са знакамiтым Крыжам Ефрасiннi Полацкай — галоўнай святыняй нашай краiны — да вайны захоўвалiся ў Магiлёве, у спецыяльным бранiраваным пакоi. I сёння гiсторыкi спадзяюцца, што, магчыма, калi знайшлося Евангелле, знойдуцца сляды i страчанага крыжа.
— На магчымы след нацыянальнай святынi нумар адзiн — Крыжа святой Ефрасiннi Полацкай — выводзяць дакументы, што захоўваюцца ў Нацыянальным архiве нашай краiны, — падкрэслiў Вiталь Скалабан. — Яны сведчаць, што ў 1943 i 1945 гадах першы сакратар ЦК Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi Панцеляймон Панамарэнка, якi, пэўна, меў дачыненне да вывазу рарытэта з тэрыторыi БССР на пачатку вайны, распавядае пра Крыж Ефрасiннi як пра святыню, што рэальна iснуе, а не згублена ў 1941-м. Зразумела, у вайну многае пераблыталася, каштоўнасцi перамяшчалiся. Вывезеныя захопнiкамi на тэрыторыю Германii, рарытэты пасля Вялiкай Перамогi вярталiся не па адрасу, i некаторыя з iх па сённяшнi дзень так i не трапiлi на радзiму.
Гiсторыкам вядома, што
24 кастрычнiка 1947 года 2391 скрыня з каштоўнасцямi, вывезенымi фашыстамi з тэрыторыi саюзных рэспублiк, была ў Берлiне пагружана ў 18 зачыненых вагонаў i адзiн адкрыты (у iм перавозiлiся бронзавыя скульптуры). Вагоны адпраўлялі ў Пушкiн, Ноўгарад, Кiеў, Мiнск. У беларускую сталiцу напраўлялiся два вагоны — 182 скрынi.
— У 1947 годзе ў БССР не iснавала гiстарычнага музея. Таму выратаваныя рарытэты былi перададзены ў музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, — расказвае Вiталь Скалабан. — Што ж вярнулася ў Беларусь у гэтых скрынях? Адказ дае вопiс, якi зберагаецца ў Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь. У пералiку прадметаў — калекцыi рукапiсных i старадрукаваных кнiг, абразы, у тым лiку i “хрэстаматыйная” Параскева, мэбля, фарфор i бронза, царкоўныя рэчы, каштоўная старажытная зброя, калекцыя партрэтаў роду Радзiвiлаў... Усе гэтыя каштоўнасцi i сёння захоўваюцца ў музейных фондах Беларусi. А вось чаго ў нас няма — гэта каталога вывезеных фашыстамi каштоўнасцей, хоць праца ў гэтым кiрунку iдзе — яна распачалася ў 2003 годзе па даручэннi Прэзiдэнта краiны. 
— А цi ёсць у Беларусi “чужыя” рарытэты, што ўяўляюць цiкавасць для iншых краiн СНД, свету?
— Вядома, так. Вялiкая iх частка трапiла ў краiну пасля Вялiкай Айчыннай вайны. Справа ў тым, што размеркаванне вернутых пасля вайны каштоўнасцей па сховiшчах СССР да канца не вывучана. У Беларусь трапiлi i рэчы, што належалi iншым краiнам. Напрыклад, мы падарылi ўкраiнцам кнiгi з бiблiятэкi Пятлюры, вывезенай немцамi з Парыжа, старажытныя армянскiя рукапiсы — у iнстытут рукапiсаў у Ерэване. Але некаторыя “чужыя” каштоўнасцi засталiся ў Беларусi, як у Расii — кнiгi Пiнскай семiнарыi, слуцкiя паясы, калекцыя карцiн з фамiльнага фонду Цеханавецкiх. Як на Украiне — бiблiятэка Храптовiчаў, у Лiтве — матэрыялы Вiленскага беларускага музея, а ў ЗША — рарытэты з Нясвiжскага i Мiрскага замкаў. Не кажучы ўжо пра кнiгi Скарыны, што “раскiданы” па ўсiм свеце...
— Цi iснуе нейкi механiзм вяртання дамоў культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамi краiны?
— У 1992 годзе краiны СНД падпiсалi два пагадненнi аб вяртаннi культурных каштоўнасцей па месцы паходжання. Аднак у 1997 годзе расiйскi парламент прыняў закон аб рэстытуцыi, якi спынiў перадачу ў iншыя краiны каштоўнасцей, што апынулiся ў Расii ў часы iснавання СССР. А ўвогуле, зараз нi з адной краiнай свету, у тым лiку i з Беларуссю, нельга весцi размову так: “Аддайце, гэта наша!”. Калi сёння краiны вяртаюць адна адной культурныя каштоўнасцi, гэта ў першую чаргу добрая воля i суседскiя адносiны. I ў любым выпадку, перш чым звяртацца з гэтымi словамi да iншых дзяржаў, трэба з дакументамi ў руках даказаць, што мы маем на гэта права. Таму i ствараюцца па ўсiм свеце рэестры i вопiсы нацыянальных каштоўнасцей, што зараз знаходзяцца за мяжой. Да таго ж, такiя рэестры — гарантыя, што рарытэт не з’явiцца недзе на аўкцыёне i не стане здабыткам прыватных калекцыянераў.
У нашай краiне пакуль што не створана поўная база даных страчаных каштоўнасцей з указаннем iх дакладнага месцазнаходжання за мяжой. Аднак работа ў гэтым кiрунку праводзiцца. У прыватнасцi, у мiнулым годзе створана пастаянна дзеючая рабочая група па пытаннях пошуку, вяртання i ўводу ў навуковы i культурны зварот Беларусi страчаных гiсторыка-культурных каштоўнасцей. Камiсiяй “Вяртанне” пры Беларускiм фондзе культуры выдадзена сем зборнiкаў з iнфармацыяй пра каштоўнасцi, што знаходзяцца за мяжой. Падрыхтаваны да друку восьмы выпуск, але на яго выданне пакуль што не знойдзена сродкаў. Iснуе таксама аўтаматызаваны банк даных беларускiх культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за мяжой...
Наогул, перш чым сумаваць па тым, што страчана, нам неабходна разабрацца з тымi каштоўнасцямi, што ў нас ёсць, дакладна ўлiчыць рарытэты,  што сёння захоўваюцца ў нашых, беларускiх сховiшчах. У апошнi час гэта праблема надзвычай актуальная: у нашай краiне аднаўляюцца помнiкi архiтэктуры. Якiя экспанаты складуць экспазiцыю Мiрскага замка? Мiж тым вопiс 48-га года дакладна ўказвае, што сярод вернутых з Германii рэчаў ёсць тыя, што вывезены з Мiра, i iм лепш знаходзiцца “ў родных палесцiнах”. Сёння навукоўцы i мастацтвазнаўцы свету сходзяцца ў меркаваннi, што найбольш прадукцыйны шлях — гэта не iмкненне абавязкова вярнуць на радзiму рарытэты, а пошукi форм сумеснай работы з духоўнымi каштоўнасцямi чалавецтва. У адносiнах да нашай краiны гэта магчымасць для айчынных навукоўцаў працаваць з нашымi рарытэтамi за мяжой, а таксама арганiзацыя выстаў гэтых каштоўнасцей у Беларусi.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter