Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ранішні базар у Кіраўску

Упершыню я пабываў на радзіме маёй мамы ў пяцігадовым узросце. Тады яшчэ сам не вельмі добра гаварыў па-руску, але разумеў амаль усё. Наша сям’я двухмоўная: мае бацькі строга сачылі за тым, каб я з татам гаварыў па-чэску, а з мамай — па-руску. Самы першы ўспамін і знаёмства з радзімай мамы звязана з бабулінай і дзедавай печчу. Калі мы прыехалі ў Кіраўск і яшчэ нават не паспелі як след паставіць рэчы, пацалавацца з роднымі — я ўжо сядзеў на печы. Бо ўбачыў такое ўпершыню ў жыцці! Вядома ж, мне мама расказвала пра яе, але ўбачыць і самому пасядзець на печы, а потым яшчэ і скакаць з яе на канапу — гэта ўжо было верхам радасці маёй. Потым з печы ж, з агню “нараджаліся” аладачкі, дранікі... Усё цікава для мяне там было. Асабліва ж уразіла, колькі ў мяне радні! Бачачы гэтулькі цётак і дзядзькаў, стрыечных братоў і сясцёр, я зусім заблытаўся ды ўвесь час пытаўся: а вы мне хто? Чым выклікаў і смех, і замілаванне маіх беларускіх сваякоў.

Шцепан Вячэржа з маці
Яшчэ мне ўспамінаецца, як мы з Машкаю, маёй сібірскай сястрой, бегалі па раніцах на базар у Кіраўску: купляць семкі. Дарэчы, такі, я сказаў бы, феномен зусім невядомы ў Чэхіі. Я іх вельмі палюбіў і чамусьці называў: семушкі.

У апошні раз я быў у Беларусі па працы, у камандзіроўцы: наша прадпрыемства супрацоўнічае з Бабруйскім шынным заводам. Я тады ў апошні раз пабачыў дзядулю Уладзіміра, а бабуля Марыя на той часу памерла ўжо. Мае бацькі з дзяцінства (нарадзіўся ж я ў 1982-м) прывучалі мяне, сваім прыкладам паказвалі: чалавек павінен памятаць пра свае родавыя карані, пра месца, дзе нарадзіўся, паважаць сваіх бацькоў. Я ім за такую навуку вельмі ўдзячны. Я бачу, як мая мама штогод рвецца дадому, у родную Беларусь. І хоць яе бацькоў ужо няма на гэтым свеце, але ж ёсць сёстры, браты, пляменнікі. Мы з татам яе заўсёды адпускалі, ведаючы, як шмат гэта для яе значыць. Цяпер ужо я адзін яе выпраўляю і сустракаю: тата, на вялікае наша гора, нядаўна памёр. Ён заўсёды з павагай ставіўся да маміных бацькоў, да сваякоў. З любоўю іх прымаў і ў нас у Чэхіі, паказваў нашы славутасці, з асаблівым гонарам — прыгажуню Прагу. І мы з мамай прадаўжаем гэтую традыцыю, такім чынам спрыяючы збліжэнню людзей з розных краін — але з блізкімі родавымі каранямі.

Шцепан Вячэржа, г. Прага, Чэхія

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter