Як вырабляюць валёнкі на Міёршчыне

Рамяство з цеплынёй

Моцнымі традыцыямі вырабу валёнак могуць пахваліцца не толькі дрыбінскія шапавалы.

Рамяство валяння традыцыйнага для беларусаў віду абутку з даўніх часоў распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі Міёрскага краю. Дакладных пісьмовых крыніц пра гісторыю гэтага рамяства ў рэгіёне не знойдзена, але, як кажуць самі майстры, тэхналогія перадавалася ад пакалення пакаленню — і вусна, і праз непасрэдны ўдзел маладых майстроў у працэсе вырабу валёнак. Традыцыя іх валяння на Міёршчыне жывая і ў наш час. Нездарма ў 2016 годзе яна была ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Фота аўтара

Валёнкі на Міёршчыне робяць розныя па колеру і памерах з авечай воўны, якую стрыгуць у адпаведны час, восенню ці вясной. Вядома, абутак вырабляюць толькі ўручную, карыстаючыся арыгінальнымі прыладамі працы, якія не змяніліся за апошнія 100 год: нажніцамі для стрыжкі, чохрамі для расчэсвання воўны, шалямі для ўзважвання і многім іншым. Працэс гэты доўгі і досыць складаны. Спачатку загатоўка скручваецца ў розных напрамках, затым абстукваецца, перыядычна змочваецца цёплай вадой. Потым для надання формы і памеру валёнак у сярэдзіну загатоўкі ўстаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Як сцячэ вада, валёнкі ставяцца на печ для прасушкі. Некаторыя з іх на пятцы абшываюць скурай, каб даўжэй праслужылі. Носяцца валёнкі таксама і з галёшамі. Сёння міёрскія майстры вырабляюць валёнкі не толькі для родных ды аднавяскоўцаў, але таксама на заказ або продаж на мясцовых кірмашах.

Валёнкі — традыцыйны для беларусаў абутак, зручны, цёплы, натуральны. Яго насілі нашы прадзеды і дзядзы. Сёння валёнкі зноў пачынаюць карыстацца попытам. Вядома, такі абутак цяпер можна набыць і у крамах — яго робяць на фабрыках. Але ручная праца ні з чым не параўнаецца, тым больш калі выканана яна згодна з даўнімі мясцовымі традыцыямі.

Па матэрыялах www.livingheritage.by

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter