Рамуальд Шукель і яго каманда

Указам Прэзідэнта ад 05.02.2018 г. старшыні браслаўскага СВК «Маяк» прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь»  БРАСЛАЎСКІ раён мае настолькі нізкі бал глебы, нізкую контурнасць палёў, якія да таго ж  пабіты безліччу азёраў, што вучоныя наогул не рэкамендуюць займацца тут земляробствам. І таму вельмі цяжка паддаецца разуменню, як у  СВК “Маяк-Браслаўскі” атрымліваюць да 40 цэнтнераў збожжа на круг, маюць сярэднясутачныя прывагі свіней на вырошчванні і адкорме па 618 грамаў, а гадавы надой ад каровы за год летась склаў 7294 кілаграмы.


За ўсімі гэтымі лічбамі стаіць легендарная асоба кіраўніка гаспадаркі Рамуальда Шукеля, які амаль трыццаць год нязменна ўзначальвае сельгаскааператыў.

ПАКАЗЧЫКІ ў калгасе былі настолькі слабыя, што кіраўніцтва раёна ў лістападзе 1989 года вырашыла памяняць старшыню. Кандыдатам прывезлі вучонага чалавека ці не з самой сталіцы. Аднак мясцовы люд не клюнуў на “прыманку” і выбраў свайго, менавіта Рамуальда Шукеля. Ён на той час працаваў сакратаром партарганізацыі  і, як сам прызнаваўся потым, болей за ўсё баяўся стаць старшынёй калгаса.

З той пары і нясе Рамуальд Іванавіч нялёгкую ношу. Спакваля да гаспадаркі далучылі яшчэ некалькі праблемных.  Адных вёсак — каля чатырох дзясяткаў. Справа наладжвалася, але амаль усе набыткі  “з’ядаў” свінакомплекс, які цяжкім каменем цягнуў сельгаскааператыў на дно. Шукель шмат думаў, як выйсці з гэтай сітуацыі, і прыйшоў да высновы, што гэты самы камень і  выцягне ўсю эканоміку гаспадаркі, калі пазбавіцца ад дарагіх прывазных кармоў і перавесці комплекс на свае. 

Першым крокам у гэтым напрамку стаў камбікормавы завод, які амаль поўнасцю  забяспечваўся ўласным зернем. Затым, каб не здаваць жывёлу на мясакамбінат у жывой вазе, пабудавалі перапрацоўчы цэх, адкуль вельмі хутка і пайшлі грошы ў касу гаспадаркі. На яе палях часта можна ўбачыць вядомых вучоных. Адным з першых у вобласці Шукель абсталяваў энерганасычаныя трактары і камбайны  аналітычна-інфармацыйнай сістэмай спутнікавага маніторынгу, што дазваляе не толькі  больш эфектыўна выкарыстоўваць саму тэхніку, але і эканоміць паліва.

І ўсё ж галоўнае, што ўдалося старшыні, — маналітны працаздольны калектыў і выдатная каманда галоўных спецыялістаў-аднадумцаў. Такіх, як начальнік свінакомплексу  Людміла Арцем’ева, аграном Валянціна Таўкінь, заатэхнік Леанід Барткевіч, інжынер Іван Шпак, бухгалтар Ірына Бейнар, эканаміст Леаніда Радзівонава, намеснікі старшыні Андрэй Шукель і Мікалай Сінюціч.

Чым жа трымае Рамуальд Іванавіч людзей? У першую чаргу ўвагай і клопатам пра іх. Менавіта ў “Маяку” з’явіўся першы ў раёне аграгарадок. Аднак кіраўніку гэтага падалося недастаткова, і хутка адбудавалі другі – у Опсе. У гаспадарцы звыш двух соцень кватэр і катэджаў.

Разумее старшыня, што чалавеку, які жыве ад зямлі, патрэбна свая падсобная гаспадарка. Але ж апрацаваць той гектар сваімі сіламі — адно марнатраўства. Таму вынеслі прыватныя надзелы ў агульны севазварот, і людзям аддаюць гатовы ўраджай. А тым, хто трымае карову, завозяць гатовае сена. Ну і, вядома, такая неаспрэчная акалічнасць, як зарплата. Яна не толькі большая сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, але на ўзроўні, а то і вышэй, чым у горадзе.

І яшчэ адзін немалаважны аспект у гаспадаранні Рамуальда Шукеля – дысцыпліна. Ён зусім справядліва лічыць, што калі даў чалавеку ўсё неабходнае, то можна адпаведна і патрабаваць. Дысцыплінай, інакш не назавеш, высокую культуру земляробства ў “Маяку-Браслаўскім”. Нават невялікі неапрацаваны лапік зямлі каля слупа электраперадачы тут лічаць надзвычайным здарэннем.

БЛІСНУЛА сівізна на скронях Рамуальда Шукеля, рассыпаліся маршчынкі ля вачэй, але постаць яго па-ранейшаму цвёрдая, упэўненая. І ён ужо не шкадуе, што насуперак жаданню стаў старшынёй. Незадаволены хіба толькі тым, што не ўсё яшчэ задуманае зроблена. А таму ёсць неадольнае жаданне працаваць і далей.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter