Полесский агрогородок Ремель - ровесник Леонардо да Винчи

Рамель: глыбінка Пагарыння i цэнтр кiрмашовага люду


Са старажытных часоў заселена чалавекам міжрэчча прыпяцкіх прытокаў Гарыні і Сцвігі. Пра гэта сведчыць могільнік зарубінецкай культуры каля столінскага аграгарадка Рамель. Пісьмова паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў 1452 годзе. Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Свідрыгайла аддаў яго ў прыватнаўласнае карыстанне шляхецкім сем’ям Бальдзвін-Рамультаў, Дашкевічаў, Кнобельсдорфаў, Пашкевічаў, Ранчынскіх, Гараглядаў, Траскоўскіх, Шпігановічаў. Пазней вёскай валодалі памешчыкі Гняўчынскія, Кіневічы, Наркуцкія, заможны род Копцаў.

Побач пралёг шлях са старажытных Мазыра і Турава на Валынь.

У 1762 годзе над паселішчам ўзняліся крыжы драўлянай праваслаўнай Свята-Мікалаеўскай царквы. На пачатку мінулага стагоддзя да яе далучылі трох’ярусную званіцу. Храм захаваўся да нашых дзён. Помнік драўлянага дойлідства ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Рамель адышоў да Расійскай імперыі. У вёсцы дзейнічалі ветраны млын, кузня.

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя не абышлі і гэты аддалены палескі куток.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, вёска да 1939-га была ў Хорскай гміне Лунінецкага павета Палескага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР Рамель — цэнтр сельсавета і калгаса Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці. У 1954 годзе сельсавет ліквідавалі, а ў 1981-м аднавілі.

Адной з першых у Столінскім раёне вёска атрымала статус аграгарадка. У сярэдзіне мінулага стагоддзя калгасны брыгадзір Міхаіл Сядляр за высокія ўраджаі збожжавых удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.


Старажытны вандроўнік Герадот задоўга да нашай эры даў апісанне плямён, што жылі паабапал паўнаводнай Прыпяці. Пэўна, таму і называюць гэты куток Герадотавым морам. Яшчэ паўвека таму з-за бездарожжа цяжка было дабрацца да аддаленай больш як на паўсотні кіламетраў ад райцэнтра мнагалюднай вёскі Рамель. З вядомымі Альманскімі балотамі, што атрымалі статус ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння, мяжуюць сельгасугоддзі ААТ «Палеская ніва». Узначальвае гаспадарку Аляксей Бародзіч. З ім адправіліся вандраваць па аграгарадку Рамель — цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства.

Дырэктар ААТ «Палеская ніва» Аляксей БАРОДЗІЧ і механізатар Валерый ЗАХАРЫЧ.

Чароды сытых гусей важна разгульвалі на зялёным лужку пад старымі ветламі, у ставах купкамі корпаліся качкі. Статак кароў пасвіўся за ваколіцай. На прылягаючым да сялянскіх сядзіб палетку тлустыя пласты чарназёму пакідаў за сабою магутны «Джон Дзір». Пад’ехалі на ўскраек раллі. З кабіны выйшаў кіроўца. Валерый Захарыч нават у гэтыя апошнія дні восені працуе ў полі: рыхтуе глебу пад веснавую сяўбу. Штодзённа пераворвае больш за 6 гектараў.

Узгадаў ён, што механізатарам да выхаду на пенсію працаваў і яго бацька Іван Якімавіч. Сярэдні сын Аляксандр у школе атрымаў пасведчанне трактарыста і папоўніў атрад механізатараў гаспадаркі. На МТЗ-3022 дыскуе глебу. Старэйшы сын Мікалай пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага гандлёвага ўніверсітэта вярнуўся дамоў і працуе эканамістам у спажывецкім таварыстве. Уладзіслаў вучыцца ў Пінску на механіка па сельгасмашынах і настроены вярнуцца дамоў.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Любоў АКУЛІЧ.

Валерый Іванавіч з успамінаў бацькоў ведае, як іх з іншымі аднавяскоўцамі 60 гадоў таму выселілі з лясной вёскі Колкі падчас стварэння там ваеннага палігона. У Рамлі цэлая вуліца забудавана дамамі перасяленцаў.

Пакуль размаўлялі з трактарыстам, пад’ехала аўтамашына з абедам. Толькі месяц развозіць іх вадзіцель Пётр Тарасевіч, а Наталля Якоўчыц ужо чацвёрты год іх раздае. Муж яе Уладзімір Анатольевіч працуе ў будаўнічай брыгадзе. У сям’і трое дзяцей. Ад гаспадаркі атрымалі дом у суседняй вёсцы Аздамічы.

Механізатарам, занятым на палявых работах, дастаўляюць абеды Пётр ТАРАСЕВІЧ і Наталля ЯКОЎЧЫЦ.

Шэсць населеных пун­ктаў аб’ядноўвае сельгаспрадпрыемства, да якога далучылі дзве суседнія гаспадаркі. Плошча сельгасугоддзяў перавышае 10 000 гектараў, з якіх амаль палова — ворыва. На 11 жывёлагадоўчых фермах звыш 9300 галоў буйной рагатай жывёлы. Трэцяя частка пагалоўя — дойны статак. Сярэднегадавы надой ад каровы перавысіў 5000 кілаграмаў малака. Рэалізуецца яно для перапрацоўкі на ААТ «Савушкін прадукт».

Такімі характэрнымі лічбамі акрэсліў кіраўнік гаспадаркі яе маштабы. Сёмы год ён узначальвае калектыў. Даводзілася сустракацца і з яго папярэднікамі. Амаль 30 гадоў старшынстваваў франтавік Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч. Суседні альшанскі калгас узначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі. Па вытворчых паказчыках гаспадаркі лідзіравалі не толькі ў раёне. Пастаянна ўдзельнічалі ў ВДНГ. Званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымаў рамельскі брыгадзір паляводчай брыгады Міхаіл Сядляр. Унучка яго Яўгенія Акавітая скончыла сталічны эканамічны ўніверсітэт і кіруе дыспетчарскай службай гаспадаркі.

Дыспетчар гаспадаркі Яўгенія АКАВІТАЯ.

У былыя часы славіўся калгас птушкафабрыкай. Некалькі дзесяцігоддзяў загадваў ёю Яраслаў Сцямпкоўскі. Сын яго Станіслаў пасля атрымання вышэйшай адукацыі вярнуўся дамоў і ўзначальвае эканамічную службу.

АМАЛЬ дваццаць гадоў стар­шынстваваў у рамельскім калгасе Мікалай Ажог. За паўвека змяніліся толькі два кіраўнікі. Кожны раз, калі даводзіцца бываць тут, дзіўлюся на парадак — працуюць людзі самааддана і жывуць заможна. Дыхтоўныя дамы ўпрыгожваюць шырокія вуліцы, завулкі. Няма ні адзінага занядбалага падворка. Забудаваную прыватнымі катэджамі вуліцу назвалі ў гонар партызана Васіля Уродніча. Загінуў ён у лістападзе 1943 года і пахаваны непадалёку ад двух праваслаўных храмаў. Драўлянай царкве Свяціцеля Архістраціга Міхаіла больш як 250 гадоў. Паўвека таму яе закрылі. У 1999-м на сродкі прыхаджан побач паўстаў мураваны храм. Служыць у ім святар Мікалай Тарчыла. У канцы лістапада звычайна з царкоўнага набажэнства пачынаецца рамельскі кірмаш. У дамах за святочнымі сталамі збіраюцца сваякі, званыя госці. Матушка Вольга Паўлаўна рыхтуе святочны абед для паломнікаў. Жыве сям’я святара, у якой чацвёра дзяцей, у прыгожым новым доме.

Святар Мікалай ТАРЧЫЛА з матушкай Вольгай і дзецьмі.

Побач са святынямі ўражвае незвычайны Музей старых аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў. Стварыў яго каскадзёр Іван Нагар. Даўно ён перабраўся жыць у Аўстрыю. Родныя мясціны не забывае. На свае сродкі сабраў унікальную калекцыю і зладзіў экспазіцыю. Уражвае разнастайнасцю і багаццем экспанатаў і народны Музей этнаграфіі ў суседняй вёсцы Цераблічы. Стварыў яго таленавіты самародак скульптар-разьбяр па дрэве Іван Супрунчык. Па прафесіі ён бібліятэкар. З кіраўніком гаспадаркі завіталі да Івана Піліпавіча. Такога незвычайнага музея не даводзілася раней бачыць.

Народны майстар Іван СУПРУНЧЫК.

Адразу з увахода выстраіліся драўляныя скульптуры. У іх Іван Піліпавіч увасобіў вобразы найбольш яркіх вясковых родаў. Кожны з іх мае мянушку, якая адлюстравана ў постаці. Ад дасведчаных і аўтарытэтных разьбяроў па дрэве даводзілася чуць пра «школу Супрунчыка». Сярод мноства самых розных побытавых, культавых і іншых экспанатаў гаспадар паказаў драўляную пральную машыну, якой больш за два стагоддзі. Ён адзначыў, што кемлівыя палешукі абыходзіліся без электрычнасці і пральных парашкоў. Выдзеўбаную з тоўстага дрэва ёмістасць, так званую жлукту, запаўнялі бялізнай, перасыпаючы яе драўляным попелам, і залівалі варам. Праз нейкі час гэта злівалі, а бялізну паласкалі ў чыстай вадзе. Ніякага ўрону прыродзе і здароўю чалавека. Мноства створаных людзьмі ўсемагчымых прылад сялянскага побыту сабрана ў музеі.

Іван Супрунчык удзячны землякам за дапамогу ў стварэнні экспазіцыі:

— Людзі бескарысліва перадавалі рэчы. Сярод іх і надзвычай рэдкія: мач — драўляная прылада для накідання гною, баўкун з «аўтографам» — драўлянае ярмо для валоў 1782 года, паляўнічыя прылады часоў Радзівілаў — лыжы, ражок для насыпання пораху, трашчотка і рог для прываблівання звяроў, прылада для здабывання агню. Сабраны ў музеі старадаўнія вобразы, напісаныя на драўляных дошках.

Музею прысвоена званне народнага, а яго стваральнік Іван Супрунчык у ліку першых у рэспубліцы атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». У снежні 2009 года за вялікі асабісты ўнёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна». Рашэннем аргкамітэта фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» Івану Піліпавічу прысвоена таксама званне «Ганаровы паляшук». Ён тройчы лаўрэат Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар».

ЗАВIТАЛI з дырэктарам сельгаспрадпрыемства і на конезавод. Ля канюшань сустрэліся з загадчыцай Марынай Ярмоліч. Родам яна з Краснаярскага краю. У Рамель прыехала два дзесяцігоддзі таму. Захапілася конегадоўляй. Даглядаюць пітомцаў некалькі жывёлаводаў. Заняткі па конным спорце праводзіць трэнер Наталля Бандзюк. Спартыўныя секцыі дзейнічаюць і ў сярэдняй школе. Займаецца з юнымі спартсменамі настаўнік фізкультуры Васіль Сядляр. Ён вырас у сям’і педагогаў. Маці Ганна Васільеўна выкладае ў школе родную мову і літаратуру. Бацька Іосіф Васільевіч — фізкультуру. Сястра Таццяна Іосіфаўна — выкладчык фізкультуры ў Брэсцкім дзяржпедуніверсітэце.

Трэнер па конным спорце Наталля БАНДЗЮК.

Многія выпускнікі сярэдняй школы працуюць на палях, фермах гаспадаркі. Педкалектыў узначальвае выпускніца школы Наталля Пыцель. І завуч Ніна Колбік тутэйшая. Двухпавярховы мураваны будынак школы акружаны прывабнымі алеямі, кветнікамі, газонамі. Другі год тут дзейнічае прафнавучанне старшакласнікаў. Арганізаваны педагагічны клас. Выхаванцы яго рыхтуюцца да паступлення ў педагагічныя навучальныя ўстановы. Практычныя заняткі вучні праводзяць у дзіцячым садку.

Дырэктар сярэдняй школы Наталля ПЫЦЕЛЬ і бібліятэкар Вольга СЕГЕН.

Для жадаючых працягваць вучобу ў аграрных навучальных установах на ўзмоцненым узроўні выкладаюцца дакладныя дысцыпліны. З аграрнымі прафесіямі школьнікаў знаёміць педагог Мікалай Колбік.

Заключана дамоўленасць з вядучымі аграрнымі вышэйшымі і сярэднімі навучальнымі ўстановамі рэспублікі на падрыхтоўку выпускнікоў для паступлення на вучобу. Выхаванцы школы Дзмітрый Колбік, Іван Акуліч, Юлія Грыб вучацца ў Гродзенскім дзяржаграўніверсітэце. Школа адна з дзвюх сярэдніх у раёне, а іх звыш 30, уключана ў валанцёрскі рух «Роўны навучае роўнага». З прыемнасцю адзначыла яе кіраўнік, што прызёрамі раённага спаборніцтва на жніве прызнаны выпускнікі — камбайнеры Мікалай Шчучка і Юрый Бруцкі. А аператар машыннага даення кароў Ядвіга Ляшкевіч стала лепшай у вобласці сярод маладых жывёлаводаў.

Старажылы Рамля Марыя ЛЯШКЕВІЧ, Лідзія МАРОЗ, Неаніла ПАШКЕВІЧ і Марфа КАЖАНОЎСКАЯ.

ВАНДРУЮЧЫ па аграгарадку, не мог не ўзгадаць былую сустрэчу з вяскоўцамі ў Доме культуры. Памяць моцна трымае, як дабіраліся з вядомымі артыстамі Беларускага тэлебачання і радыё ў гэты аддалены куток. Па каменні не надта разгонішся. Спазніліся на некалькі гадзін. Калі зайшлі ў будынак, былі прыемна ўражаны. У перапоўненай глядзельнай зале нас чакалі. Да раніцы доўжыўся канцэрт.

Помняцца і сустрэчы ў час здымак тэлепраграм з палескімі паэткамі Ірынай Ляшкевіч і Галінай Бабарыкай. Абедзве яны жывуць у суседняй вёсцы Мачуль. Настаўнічаюць у школе. Іх вершы часта друкуюцца ў нашай газеце.

Цудоўная кніга «З глыбінкі Пагарыння», якую напісаў былы дырэктар школы Леанід Раманенка, папоўніла багатую спадчыну аграгарадка Рамель. Новым пакаленням працягваць гісторыю гэтага ўнікальнага куточка Палесся.

Столінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter