Рамантызм. Лірычнасць. І iмправізацыя

“Беларуская музычная восень” стракаціць разнастайнасцю жанраў, стыляў і выканаўцаў...

“Беларуская музычная восень” стракаціць разнастайнасцю жанраў, стыляў і выканаўцаў

Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” прой-дзе з 23 кастрычніка па 15 лістапада ў Мінску. Як расказаў журналістам Юрый Гільдзюк, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, на працягу гэтага часу ў Вялікай і Камернай залах адбудзецца 21 канцэрт. Разам з беларускімі музыкантамі сваё майстэрства прадэманструюць выканаўцы з Расіі, Польшчы, ЗША, Італіі.

Адкрыецца фестываль канцэртам, прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння Сяргея Пракоф’ева. У гэты вечар творчасць славутага кампазітара ХХ стагоддзя будзе прадстаўлена двума шэдэўрамі — балетнай сюітай “Рамэа і Джульета”, якая заяўлена ў праграме як музычна-літаратурная кампазіцыя, і Канцэртам-сімфоніяй для віяланчэлі з аркестрам. Сольную партыю ў гэтым складаным сачыненні ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава (на здымку) выканае Назар Джурын (Украіна — ЗША), які паспеў ужо пакарыць сваім мастацтвам публіку розных краін свету.

Праграму “Салют, Кармэн” з вядомай і любімай музыкай Бізэ прадставіць Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь. Пра гісторыі кахання ў жыцці Баха, Вівальдзі, Агінскага, Гершвіна, Свірыдава раскажуць іх творы ў выкананні Камернага хора Рэспублікі Беларусь і Камернага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Адбудзецца прэм’ера Сімфоніі № 2 беларускага кампазітара Уладзіміра Гаркушы, якую ён прысвяціў свайму настаўніку геніяльнаму Яўгену Глебаву. А ў памяць пра выдатнага дырыжора народнага артыста Расіі Генадзя Праваторава прагучыць “Рэквіем” Моцарта ў выкананні Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы і Сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыё-кампаніі Рэспублікі Беларусь. З канцэртам фартэпіяннай музыкі выступіць Аляксей Чарноў, 28-гадовы піяніст, якому ўдалося, не прайшоўшы адборачны тур, стаць сёлета лаўрэатам самага прэстыжнага Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага.

У праграме фестывалю таксама джаз, народныя песні, дзіцячыя оперы, шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва, рамансы і мелодыі з мюзіклаў і аперэт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter