Рамантыка "жывога слова". У рукзаках у іх побач з кацялкамі абавязкова... сцэнічныя касцюмы

Што можа быць лепш за студэнцкія гады? Толькі студэнцкія гады, прасякнутыя безагляднай рамантыкай. Калі ёсць агульная справа, і ўсе разам, і трэба многа паспець, і цяжкасці пераадолець, і характар выпрабаваць, а можа, нават каханне знайсці, а сяброў – дык абавязкова, і каб у выніку – поспех і ўдача. У студэнтаў факультэта беларускай філалогіі i культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка такая справа ёсць — Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.
Што можа быць лепш за студэнцкія гады? Толькі студэнцкія гады, прасякнутыя безагляднай рамантыкай. Калі ёсць агульная справа, і ўсе разам, і трэба многа паспець, і цяжкасці пераадолець, і характар выпрабаваць, а можа, нават каханне знайсці, а сяброў – дык абавязкова, і каб у выніку – поспех і ўдача. У студэнтаў факультэта беларускай філалогіі i культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка такая справа ёсць — Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”. Вось дзе ў поўнай меры можна адчуць рамантыку студэнцкага жыцця! Тут кожная рэпетыцыя не проста падрыхтоўка да канцэрта ці спектакля, а сапраўдная вечарына з гітарамі, спевамі, жартамі і лірыкай. А кожнае выступленне адзначаецца як свята. Нават звычайныя летнія вылазкі на прыроду, з палаткамі і вогнішчамі, ператвараюцца ў прадстаўленне. У рукзаках побач з запалкамі і кацялкамі ў хлопцаў і дзяўчат заўсёды сцэнічныя касцюмы – а як гледачы знойдуцца? А яшчэ ўдзел у фестывалях, перамогі ў конкурсах... У наступным годзе “Жывому слову” споўніцца сорак. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, тэатр аб’ядноўвае самых маладых. Акцёры, рэжысёры, барды і сцэнографы – усе сённяшнія ці ўчарашнія студэнты. І не абавязкова для гэтага вучыцца ў педуніверсітэце. Тэатр адкрыты для ўсіх таленавітых і апантаных, у трупу заўсёды гатовы прыняць тых, хто па-добраму хварэе тэатрам і дзеля яго можа ахвяраваць нават чымсьці асабістым. Напрыклад, уласным спакоем і камфортам. А ахвяраваць прыходзіцца, асабліва на гастролях. — Гастраліруем мы шмат. Выступленні праходзяць па ўсёй Беларусі, і часам нават там, куды і транспарт не ходзіць, – расказвае мастацкі кіраўнік тэатра Наталля Кухарава. –Летась, напрыклад, на Смаргоншчыне мы вандравалі па вёсках, рабілі пераходы часам у дваццаць кіламетраў. Адыгрывалі канцэрты, начавалі ў школах ці вясковых клубах – і зноў у дарогу. Ці не рамантыка – начлег у школьнай спартыўнай зале на матах? І такое здаралася не раз, бо дзе размясціцца трупе, калі яе запрашаюць у школы і дзіцячыя дамы? Дарэчы, ніводнае запрашэнне не застаецца без увагі, і жываслоўцы едуць туды, дзе іх чакаюць. Іх, як сапраўдных рамантыкаў, не палохаюць ні вялікія адлегласці, ні надвор’е, ні адсутнасць камфортных умоў. Чаму? Ды проста гледачы ў іх удзячныя, да такіх хоць пешшу, хоць па марозе. Многія настаўнікі школ, дзе давялося выступаць “Жывому слову”, часта гавораць, што спачатку хваляваліся, як дзеці будуць успрымаць спектакль ці канцэрт на беларускай мове. Аказваецца, цудоўна. А пасля не хочуць адпускаць, запрашаюць яшчэ, просяць аўтографы. Школьнікам жываслоўцы звычайна прапануюць канцэрты са смешных сцэнак, маналогаў з праграмных твораў і бардаўскіх песень. Гэтая “зборка” кранае ўсе струны падлеткавай душы. Можна смяяцца да слёз, гледзячы, як студэнт адказвае прафесару на пытанне па Шэкспіру ці, як заяц, спрабуе абхітрыць кантралёра ў аўтобусе, расчуліцца пранікнёнай лірычнай песняй ці задумацца над прозай Уладзіміра Караткевіча. Для студэнтаў (“Жывое слова” супрацоўнічае з многімі ВНУ краіны) прызапашаны сур`ёзныя творы: п`есы паводле Экзюперы, Караткевіча, Камю... Сёлета тэатр пацвердзіў званне народнага. Задача стаяла няпростая, тым больш што прэм`еру прыйшлося іграць новым, маладым саставам. Але акцёры не падвялі, уразілі глыбінёй ігры сур’ёзную камісію. Пасля заканчэння універсітэта, а значыць, і выпуску з тэатра многія жываслоўцы тым ці іншым чынам імкнуцца сумяшчаць яго са сваёй непасрэднай прафе-сійнай дзейнасцю. Напрыклад, як Сяргей Плескач, які іграў у тэатры вядучыя ролі, а пасля заканчэння педуніверсітэта вярнуўся ў родны Талачын. Зараз працуе ў школе, дзе арганізаваў свой тэатр. І нават піша для яго п`есы на гістарычную тэматыку. Такім чынам, школьнікі не толькі развіваюць свае акцёрскія здольнасці, але і вывучаюць гісторыю роднага краю. Марына Цімафеева і Валянціна Праў-дзіна пасля выпуску з тэатра паступілі ў Мастацкую акадэмію і стануць прафесійнымі сцэнографамі. Дарэчы, Марына яшчэ ў “Жывым слове” зрабіла сцэнаграфію для спектакля “Балада” па творах Уладзіміра Караткевіча. Апошняя ж яе праца – “Майстар і Маргарыта” ў Новым тэатры. Выканаўца галоўных роляў Таццяна Рудакоўская стала вядучай “Суботняй раніцы” і навін на тэлебачанні. Вядома ж, навыкі, атрыманыя ў тэатры, ёй спатрэ-біліся і ў прафесійнай дзейнасці. Журналістка і радыёвядучая Наталля Кухарава, выкладчык-эканаміст Анжэла Гусціновіч, трэнер па спартыўных танцах Алена Шац наогул не змаглі развітацца з любімым тэатрам і сумяшчаюць сваю асноўную працу з дзейнасцю ў “Жывым слове”. А вось для Данілы Спадара, навучэнца радыётэхнічнага каледжа, які з поспехам іграе характэрныя ролі, выклікаючы патаемныя ўздыхі юных прыхільніц, тэатр, хутчэй за ўсё, застанецца захапленнем, бо будучая яго прафесія – праграміст. Тым не менш са сваім захапленнем ён развітвацца не збіраецца. —Гэта ні з чым не параўнальнае адчуванне яднання, — расказвае ён пра дзейнасць тэатра. – Быццам ты выбраны і жывеш у сваім маленькім сусвеце. Ты адчуваеш адказнасць за іншых, а яны за цябе. І кожны робіць агульную справу. Зусім нядаўна, 29 мая, быў значны для кожнага жываслоўца дзень. Традыцыйна ў гэты дзень адбываецца адразу дзве значныя падзеі – выпуск ветэранаў тэатра і пасвячэнне навічкоў. Для выпускнікоў рыхтуюцца конкурсы і выпрабаванні. А яшчэ кожны з іх атрымлівае касету з пажаданнямі і развітальнымі словамі кожнага з жываслоўцаў, каб у месцах размеркавання разам з імі заўсёды былі старыя сябры.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter