Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Рамантычнае неба Піцера

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі на культурным полі расійскай сталіцы заззялі таленты ўраджэнцаў Беларусі, у тым ліку й кампазітара, піяніста, педагога Антона Абрамовіча.

Піцер для многіх беларусаў стаў месцам, дзе яны вучыліся, працавалі, выяўлялі свае таленты. І ў маім лёсе ёсць піцерскія старонкі. У 1986-м я закончыў кансерваторыю (тады Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) па класе Iгapa Лучанка i Дзмітрыя Смольскага. І пасля стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Вядома ж, цікавіўся: хто з адораных беларусаў раней звязаў свой лёс з гэтым горадам? З часам з’явілася магчымасць плённа папрацаваць у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга.

Гэты мой артыкул — як пра кампазітара Антона Абрамовіча (1810 — пасля 1856), так і пра тое, якім чынам ягоная творчасць упісалася ў кантэкст мастацкага асяроддзя Пецярбурга. Цалкам тэкст змешчаны як уступ да выдання “Антон Абрамовіч. “Фантазіі” — гэта быў трэці сшытак з серыі “Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі”.

Будынак Расійскай Нацыянальная бібліятэкі ў Санкт-Пецярбурзе
Герб роду Абрамовічаў

Спачатку выкажу думку, што ў напластаванні стагоддзяў не знікае анічога з таго, што хоць якім чынам дакранулася да Святла. Такім словам акрэсліць хочацца той патаемны стан душы, у якім нам даецца права тварыць. І ў такія ўзвышаныя, непаўторныя хвіліны паэт увасабляе прыгажосць у словах-рыфмах, і мастак неяк па-іншаму ўспрымае адценні фарбаў, і кампазітар з асаблівай вастрынёй адчувае сакраментальныя значэнні гукаў. Можна сказаць: творчасць яднае нас з Богам, яна — нібы той нябачны эфір, які падкручвае кола жыцця, нараджае новае мысленне, спалучае мінулае й будучыню.

Той час, у якім тварыў кампазітар Антон Абрамовіч, быў часам рамантызму, ідэйная сутнасць якога — непасрэдны зварот творцы да чалавечай душы. Вісарыён Бялінскі, дарэчы, лічыў, што рамантызм ёсць “таямнічая глеба душы й сэрца, адкуль падымаюцца ўсе нявызначаныя памкненні да лепшага ды ўзвышанага”. І далей: “Рамантызм ёсць не што іншае, як унутраны свет душы чалавека, патаемнае жыццё ягонага сэрца”. Якраз для эстэтыкі рамантызму характэрна ўзнікненне гістарычнага мастацкага мыслення. Згадаем: менавіта ў той час у Еўропе фарміруецца новы кірунак у выяўленчым мастацтве пад назвай voyage pittoresque: артыстычныя вандроўкі. Многія мастакі, у тым ліку і ўраджэнцы Беларусі Напалеон Орда і Юзэф Ігнацы Крашэўскі, не абмінулі той плыні, сутнасць якой — занатаванні абліччаў часу праз замалёўкі архітэктуры, дзе ролю эмацыйнага акампанементу адыгрываў краявід. Увогуле ж рамантычнае перажыванне гісторыі заўсёды авеяна тугою, спараджае думкі пра часовасць усяго жывога. І тая адметная туга ўтварае эмацыйную фарбу-дамінату рамантызму. У музыцы, дарэчы, рамантызм вырас з сентыменталізму, але калі апошні — гэта расслабленая такая летуценнасць і саладжавая, нават прымітыўная слязлівасць, то рамантызм высвечае глыбіні патаемнай прыроды чалавечай душы.
Антон Абрамовіч

На якім жа гістарычным фоне варта разглядаць творчасць Антона Абрамовіча? У першай палове XIX стагоддзя рамантычнае мастацкае мысленне быццам пранізвала свядомасць прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Еўропы, у тым ліку й Пецярбурга. Мы ведаем, што там пульсавала літаратурнае жыццё, і яго дамінантай быў Аляксандр Пушкін. Жыццё музычнае набірала моц: у Піцеры з поспехам праходзілі канцэрты славутай спявачкі Генрыеты Зонтаг. Ігра нарвежскага скрыпача Уле Буля выклікала фурор. Валадарыла й муза Ферэнца Ліста, публіка была зачараваная творамі французкага кампазітара Гектара Берліоза. Ствараліся музычныя таварыствы. У 1843-м, напрыклад, узнікла Таварыства інструментальнай і вакальнай музыкі, кіраўніком аркестра ў якое быў запрошаны Аляксандр Даргамыжскі. Адкрываліся нотныя выдавецтвы, музычныя бібліятэкі ды кнігарні. У 1840-я ўжо квітнела творчасць М. Глінкі ды А. Даргамыжскага, пачыналі тварыць А. Сяроў і М. Балакіраў, неўтаймоўны У. Стасаў.

З архіўных матэрыялаў я даведаўся: вялікую ролю ў фарміраванні культурнага асяроддзя Пецярбурга адыгрываў тады й салон выдатнай польскай піяністкі ды кампазітаркі Марыі Шыманоўскай. Паклоннікамі яе таленту, дарэчы, былі Адам Міцкевіч і Аляксандр Пушкін. Пані Марыя напісала шмат фартэпіянных мініяцюр у стылі brillant, а таксама вакальных твораў на словы Ю. Нямцэвіча і А. Міцкевіча, якія часта выконваліся ў яе салоне і парыжскім салоне К. Сянкевіча — блізкага сябра сям’і Міцкевічаў. Пасля смерці Марыі (1831) пецярбургскі салон вяла яе дачка Гэлена (у замужжы Малеўская). У сваім доме яна прымала многіх знакамітых кампазітараў і выканаўцаў — выхадцаў з зямель даўняй Рэчы Паспалітай. Дапамагала ім ладзіць канцэрты. Часта інфармавала Адама і Цэліну Міцкевічаў, якія ў той час жылі ў Парыжы, пра музычнае жыццё, дасылала ім новыя нотныя выданні, нават запрашэнні разам з канцэртнымі праграмамі. У ліставанні з сястрою Цэлінай Гэлена часта падымала розныя музычныя праблемы й заўсёды жадала атрымаць новыя звесткі пра славутых кампазітараў і выканаўцаў Еўропы. Вось фрагмент ліста Цэліны Міцкевіч ад 19 чэрвеня 1851 г.: “Пытаеш мяне, дарагая Гэлена, ці добра мы ведалі Фрыдэрыка Шапэна, ці не навучаў ён каго-небудзь з нашых дзяцей? Вымушана табе прызнацца, што ніхто з іх не выказвае вялікіх талентаў у музыцы… Папрашу цябе, мая Гэлена, ці не магла бы ты атрымаць аўтограф для майго збору ў нашага вялікага кампазітара Станіслава Манюшкі? Песні, якія ты нам прыслала — проста цуд і яны сапраўды нацыянальныя — гэта вялікая будучыня нацыянальнай музыкі. Адам [Міцкевіч] вельмі ўважліва слухае яго творы…”.

Да месца будзе тут сказаць: многія таленты з былой Рэчы Паспалітай пасля яе трох вядомых падзелаў мелі дачыненні з культурай Пецярбурга дый аселі настала ў сталіцы Расійскай імперыі. У канцы 1820-х, напрыклад, у Пецярбурзе ўдасканальваў свае веды паэт і фалькларыст Аляксандр Ходзька. З 1831-га там жыў і працаваў ураджэнец горада Прапойска (цяпер Слаўгарад, на Магілёўшчыне) Іван Грыгаровіч — гісторык і археограф, аўтар прац “Беларускі архіў старажытных грамат” і “Перапіска пап з расійскімі гасударамі...” З Прапойска ж паходзіў і кампазітар Восіп Антонавіч Казлоўскі, які пакінуў бачны след у музычным і тэатральным жыцці Пецярбурга. Ён — аўтар славутага гімна кацярынінскай эпохі “Гром победы, раздавайся!”, многіх музычна-тэатральных, аркестравых, камерных твораў. У архівах Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца рукапісны паднасны экзэмпляр ягонай кантаты “Te Deum Laudamus” (“Хвала табе, Божа!”). Партытура напісана ў 1815-м ў гонар пераможнага завяршэння вайны з Напалеонам і павінна была выконвацца для ўдзельнікаў Венскага кангрэса, ды ўпершыню твор прагучаў толькі ў 1826 годзе: пад час каранацыі Мікалая I. У пецярбургскіх газетах “Северный архив” і “Северная пчела” выступаў з публікацыямі журналіст Восіп Сянкоўскі (псеўданім Барон Брамбеус). Ён яшчэ ў Віленскім універсітэце пад уплывам І. Лялевеля і Я. Снядэцкага захапіўся гісторыяй ды арыенталістыкай, быў паліглотам, а ў канцы жыцця займаўся астраноміяй і музыкай. Ураджэнец Вільні, кампазітар Віктар Кажынскі — аўтар уверцюр, хароў, антрактаў, твораў для фартэпіяна — з 1845 года займаў пасаду капельмайстра Александрынскага тэатра.

Вядома ў Беларусі й творчасць пісьменніка й мысляра Яна Баршчэўскага: яго называюць адным з пачынальнiкаў новай беларускай лiтаратуры, ягоны твор “Шляхцiц Завальня” вывучаецца ў школе. А з 1840 па 1844 гады ён выдаваў у Пецярбурзе штогадовы альманах “Niezabudka”, які выходзіў дзякуючы дапамозе сяброў літаратурнага гуртка: выхадцаў з Віцебшчыны. Сябрамі ж гуртка, яго карэспандэнтамі былі: журналіст і крытык Рамуальд Падбярэскі; літаратуразнаўца і гісторык Юльян Барташэвіч; мастакі-браты Рудольф і Казімір Жукоўскія; пісьменнікі Вінцэнт Рэут, Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Аляксандр Гроза, Станіслаў Аўгуст Ляховіч, Аляксандр Грот-Спасоўскі... Сярод самых блізкіх сяброў Яна Баршчэўскага быў паэт Гаўдэнты Шапялевіч. Нізкі ягоных польскіх вершаў і празаічныя творы друкаваліся ў альманаху. Гурток, дарэчы, меў добрыя стасункі з украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам. Цікава, што ў сярэдзіне 1840-х Баршчэўскі па запрашэнні пісьменніка Г. Жавускага і крытыка М. Грабоўскага пераехаў на Валыншчыну — у горад Чуднаў, там пасяліўся ў доме Ю. Жавускай, дзе пазней жыў і вядомы мастак Напалеон Орда.

Трэці сшытак з серыі нотных выданняў
Вось у такім асяроддзі сталела муза кампазітара, піяніста і педагога Антона Абрамовіча. Ягоны лёс быў падобны да лёсаў многіх суайчыннікаў, якія ў складаны для Рэчы Паспалітай час змаглі рэалізаваць таленты толькі па-за яе межамі. Антон Абрамовіч (1810 — пасля 1856) нарадзіўся ў Віцебскім павеце ў сям’і збяднелага шляхціча, музыканта Івана Васільевіча. Дзед кампазітара Васіль у апошняй трэці XVIII ст. прадаў маёнтак Бабыліна (Полацкае ваяводства), і род стаў беспамесным. Сям’я ж уся была музыкальна адоранаю. У сямейным спісе ўказвалася, што, акрамя Івана Васільевіча, і абодва яго сыны, Антон ды Іван, — музыкі. Навучаўся музыцы будучы кампазітар у бацькі. Пасля 1832 года (у 1831-м было паўстанне...) выехаў у Пецярбург. Пісаў творы для фартэпіяна, першы опус, які выдаў, — “Фантазія” (Ges-dur). У хуткім часе ён заваяваў прызнанне і як піяніст. Актыўна займаўся канцэртнай дзейнасцю. Яго віртуозная ігра атрымала высокую ацэнку пецярбургскіх музычных крытыкаў, а метад навучання заваяваў вялікую папулярнасць. 

У 1846-м Антон Абрамовіч абагуліў свой педагагічны вопыт у працы “Школа для фартэпіяна”. Пры браце-кампазітары жылі й дзве яго сястры, якія таксама мелі музычныя здольнасці. Як сцвярджае гісторык Генадзь Кісялёў, у пятым томе альманаха “Niezabudka” за 1844 год, апрача мазуркі Антона Абрамовіча, апублікаваны мазуркі й яго сёстраў. На вершы Яна Баршчэўскага кампазітар напісаў рамансы “Дзеванька”, “Гарэліца”, “Дуда”. Упершыню тыя вершы былі надрукаваны ў 1843 годзе ў часопісе “Rocznik literacki” на беларускай мове. Увогуле ж Антон Абрамовіч быў цесна звязаны з гуртком Яна Баршчэўскага. Асаблівае значэнне надаваў вывучэнню народнай творчасці, цаніў у фальклоры першародную прыгажосць. І хто ведае, можа менавіта фальклорна-этнаграфічны нарыс Рамуальда Падбярэскага “Беларускае вяселле” й даў штуршок кампазітару да напісання аднайменнай праграмнай васьмічасткавай фартэпіяннай сюіты.

Кампазітар Яўген Паплаўскі
У Пецярбурзе Антон Абрамовіч напісаў для фартэпіяна “Шэсць характарыстычных п’ес” (Адвага, Таямнічасць, Рамантызм, Ажыўленне, Меланхолія, Весялосць), фантазію “Падзенне Карса”, Вальс, Польку, Сігнальную кадрылю, Галоп, якія былі выдадзены ў 1856 годзе “в пользу раненых при защите Севастополя чинов Сухопутных войск, также семейств убитых и умерших от ран”. Для дзяцей кампазітар стварыў цыкл “Шэсць пор года”.

Вялікай увагі заслугоўваюць яго “Фантазіі” для фартэпіяна ў стылі brillant. А творы тыя знайшоў я ў сховішчах Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбурзе. Сама ж назва жанру “фантазія” па сутнасці сваёй не можа мець нейкай сувязі з пазамузычнымі ўяўленнямі. Скажам, для напісання інструментальнай балады крыніцаю натхнення магла б стаць літаратурная балада. У інструментальнай жа фантазіі на першы план выступаюць чыста музычныя элементы імправізацыйнасці й бравурнасці, якія ў сваю чаргу даюць свабоду ў пабудове формы твора. У творах такога жанру выкарыстоўваліся й народныя мелодыі (Ф. Шапэн. Фантазія на польскія тэмы, ор. 13). Асаблівай папулярнасцю карысталіся шыкоўныя фантазіі на тэмы опер і вакальных твораў. Такая й “Вялікая фантазія” (cis-moll) Антона Абрамовіча, напісаная на тэму Аляксандра Варламава. Твор мае і другую назву: “Падзенне Карса”. Танцавальны рытм полькі выкарыстаны ў яго “Фантазіі” (A-dur). Дарэчы, той танец у 30-я гады XIX стагоддзя сярод пецярбуржцаў быў надзвычай папулярны. 

У згаданым вучэбна-метадычным дапаможніку “Школа для фартэпіяна” ёсць і першы опус кампазітара Антона Абрамовіча — “Фантазія” (Ges-dur), прысвечаны Александрыне дэ Пенскі. Пра выканальніцкую трактоўку твораў, іх канцэртнае ўвасабленне вось што гаворыць цудоўны музыкант, прафесар Ігар Алоўнікаў: “Мастацкі эфект пры інтэрпрэтацыі гэтых п’ес залежыць не столькі ад літаральнага выканання рэмарак, колькі ад творчай ініцыятывы й спасціжэння піяністам чароўнасці гэтага стылю, што патрабуе лірызму, імправізацыйнасці ды свецкай нязмушанасці ў манеры выканання”.

Яўген Паплаўскі, кампазітар


Даведка ГР.

Кампазітар Яўген Паплаўскі ў 2008 годзе сумесна з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбурзе заснаваў серыю нотных выданняў “Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі”. Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.

Голас Радзімы № 36 (3540), чацвер, 21 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter