Валентин Дудкевич отметит юбилей премьерой

Раман з танцам

6 кастрычніка 75-годдзе адзначыць народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч, прызнаны майстар харэаграфіі, балетмайстар-пастаноўшчык, рэжысёр, сцэнарыст, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца. З гэтай нагоды славутым калектывам, які маэстра ўзначальвае ўжо больш за 30 гадоў, падрыхтавана вялікая канцэртная праграма. У дзень юбілею яе прадставяць на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Народны артыст Беларусі Валянцін ДУДКЕВІЧ.
Фота Паўла ЧУЙКО


— Валянцін Уладзіміравіч, у рэпертуары ансамбля ўдалых і паспяховых танцавальных нумароў, пастаўленых вамі, нямала, многія з разраду шлягераў перараслі ў разрад класікі жанру. А што новенькае падрыхтавалі для юбілейнай праграмы?

— Ёсць у ёй адзін прэм’ерны нумар. Доўга не мог да яго падступіцца. Ён завяршае мой цыкл гістарычных рэтраспектыў — «Крывічы», «Дайнова», «Люцічы», і вось цяпер — «Яцвягі».

— Рэканструкцыя заўсёды выклікае спрэчкі, наколькі яна аб’ектыўная?

— Я на гэты конт не замарочваюся і не чакаю стапрацэнтнага прызнання. Гэта мая фантазія, увасабленне маіх роздумаў, мае развагі пра нашу глыбокую гісторыю. Хтосьці зразумее мае зашыфраваныя коды — добра. А калі не, дык тады проста пачуе добрую музыку, убачыць прыгожыя касцюмы, рухі, адчуе гармонію і пластыку танца.

— Вашы рэканструкцыі-эксперыменты не адмаўляюць традыцыйнага беларускага народнага танца?

— Зразумела, не. Я ніколі нічога з рэпертуару не выкідваў. І калі нешта добра зроблена да мяне — няхай таксама будзе. Гэта мой прынцып, я пачынаў з гэтага — нарошчваць, назапашваць рэпертуар. Але хачу адзначыць, што аўтэнтычным, у нязменным выглядзе, фальклор можа заставацца толькі недзе ў музеі. Тое ж, што на сцэну выходзіць, — гэта аўтарскі погляд на фальклор. Прычым і ён не стаіць на месцы. Адзін з ранейшых кіраўнікоў калектыву, яго дзейнасць я больш за ўсіх цаню, Сямён Уладзіміравіч Дрэчын, пакуль быў жывы, кожны год прыходзіў і карэкціраваў патроху свае нумары. Таму што мяняўся час.

Наогул, пра фальклор можна гаварыць доўга. Я яго падзяляю на вясковы, гарадскі, арыстакратычны. Гэтыя пласты рознай «таўшчыні», але кожны з іх — частка нашай танцавальнай культуры. Адна з маіх задач – стварэнне сучаснага беларускага танца. Бо калі мы не будзем развівацца ў гэтым кірунку, мы проста перастанем быць цікавымі моладзі. Таму я спрабую злучыць традыцыйнае з тым, што адбываецца ў танцы сённяшнім. Адзін з такіх паспяховых нумароў — «Лянок». Ён зараз вельмі папулярны. Пасля паказу ў Маскве ў зале Чайкоўскага трапіў у інтэрнэт, разышоўся па ўсёй Расіі. Цяпер паўсюль яго выконваюць як беларускі народны танец, пра аўтара ніхто не ўзгадвае. Але ж сёння ніводны народны танец не бывае без аўтара. Дарэчы, «Лянок» пакажам у фінале юбілейнага канцэрта: ад этна ў пачат-ку да сучаснага народнага танца.

— Канцэрты, яркія нумары, поспех — а што за сцэнай? Што хвалюе кіраўніка старэйшага ў краіне прафесійнага харэаграфічнага калектыву народнага танца?

У рэпертуары калектыву, з якім працуе Валянцін ДУДКЕВІЧ, асаблівае месца займаюць беларускія народныя танцы.
bel_dance.by

 — Асноўная бяда — страта танцоўшчыкаў-мужчын у калектыве. Хлопцы перасталі ісці нават у нашы профільныя навучальныя ўстановы. Прафесія перастала карміць, сыходзiць. Вось і зараз у мяне на стале заява ляжыць, вядучы танцоўшчык звальняецца. І ў мяне аргументаў няма, каб яго ўтрымаць. Жыве ў арандаванай кватэры, плаціць трэба па 400 рублёў, а заробку толькі на гэта і хапае. У адпачынку папрацаваў летам месяц на ўстаноўцы вокнаў — 1300 рублёў. Ёсць розніца? Так, гэта вядучы артыст. А 30 танцоўшчыкам, якія прыйшлі да нас па размеркаванні, ансамбль да пражытачнага мінімуму даплачвае. Лічу, ёсць у гэтым несправядлівасць. Напрыклад, у танцавальных калектываў нашага ўзроўню ў Расіі, Украіне, Грузіі, Малдове такіх праблем няма, іх падтрымліваюць на дзяржаўным узроўні.

— Ваш юбілейны вечар называецца «Што я люблю, ува што я веру...». Што любіце? У што верыце?

— Люблю тое, у што веру. А веру ў многія правільныя рэчы. Напрыклад, мяне выхавалі прыстойным чалавекам, я сваіх дзяцей такімі ж выхаваў і калектыў свой так выхоўваю. Але тыя, у каго прыстойнасці менш, жывуць лепш — на жаль, так. З самага пачатку, калі стаў працаваць, а ў мастацтве я ўжо больш за 50 гадоў, сказаў сабе: трэба ўсё рабіць сумленна, бо я мясцовы, тутэйшы, не магу ганьбіць ні сябе, ні сям’ю, ні свой род. Бо тут жыву, усё тут люблю і хачу, каб тут было добра. Так, я сумленны чалавек. Хаця іншы раз думаю: напэўна, я — від, які вымірае.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter