Старонкі гісторыі і сённяшні дзень Ракава

Ракаў: пярсцёнак на валожынскай руцэ

Па ўсталяванай традыцыі кожнае лета ў купальскую ноч палаюць вогнішчы на беразе рэчкі Іслач, што вякамі ахоўвае самабытнае мястэчка Ракаў. Упершыню пісьмова яно ўзгадваецца ў дакуменце вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка ў 1465 годзе пры дараванні магнатам Кезгайлам. Аднак раскопкі, праведзеныя два дзесяцігоддзі таму беларускімі археолагамі, адносяць заснаванне паселішча на век раней. Каля Ракава выяўлены стаянка эпохі неаліту, гарадзішча і курган.


Пасля стагадовага валодання ўплывовым родам Кезгайлаў Ракаў у спадчыну дастаўся Завішам, а потым ім уладарыў аўтарытэтны род Сангушкаў, пры якіх утварылася графства. Князь Іеранім Сангушка адкрыў шпіталь баніфратраў, а Казімір Сангушка — базыліянскі манастыр.

Па дазволе караля Аўгуста II Ракаў, размешчаны на гасцінцы з Вільна на Мінск, атрымаў права штотыднёва па суботах і нядзелях ладзіць кірмашы. Традыцыя гэта дайшла да нашых дзён.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, і Кацярына II падарыла яго князю Мікалаю Салтыкову, які праз некалькі гадоў прадаў яго Ваўжынцу Здзяхоўскаму. На піўным бровары працавалі бацькі будучага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Па-навуковаму вёў гаспадарку Эдмунд Здзяхоўскі, які закончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, дзе вучыўся разам з бацькам будучага маршала Польшчы Юзэфа Пілсудскага.

Старшыня сельсавета Аляксандр МЯКІНКА.

Славілася мястэчка адмысловымі ганчарамі, майстрамі па вырабе сельгасмашын: сячкарань, сеялак, арфаў, малатарняў. Дзейнічалі чатыры вадзяныя млыны, цагельня, тартак, гарбарня. Адкрыліся царкоўна-прыходская школа, рамеснае і народнае вучылішчы.

Наведвала Ракаў польская пісьменніца Эліза Ажэшка, якая ўзнагародзіла яго тытулам “паўночныя Афіны”. Свае лісты дасылаў ракаўскім сябрам рускі літаратар Леў Талстой. 
На пачатку мінулага стагод- дзя Ракаў упрыгожыў мураваны з чырвонай цэглы ў гатычным стылі касцёл Маці Божай Святога Разарыя, шпілі якога і сёння ўзвышаюцца над сядзібамі. Мястэчка сфарміравалася як культурны цэнтр розных канфесій: праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкай, іўдзейскай. Тут нарадзіліся польскія славіст прафесар Мар’ян Здзяхоўскі і яго брат пісьменнік Казімір Здзяхоўскі, раманіст Сяргей Пясецкі, яўрэйскія  літаратурны крытык Уры Фінкель і празаік, драматург Берл Бацвіннік, беларускія паэт Віктар Шніп, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Вячаслаў Рагойша, доктар фізіка-матэматычных навук Казімір Янушкевіч.

Кіраўнік спраў сельсавета Марыя КАЛБЯНКОВА.

ЗВЫЧАЙНА напярэдадні Купалля ракаўскія каталіцкія вернікі адпраўляюцца ў пілігрымку. Пяць дзён крочаць да Будслава. Па шляху да святыні спыняюцца на адпачынак і начуюць у прыдарожных вёсках. Дзве аўтамашыны суправаджаюць паломнікаў. На адной вязуць святочнае адзенне, у якое парафіняне апранаюцца на святочнае набажэнства.  Другая выконвае ролю палявой кухні. Неаднойчы кухарыла ў вандроўцы кіраўнік спраў Ракаўскага сельсавета Марыя Калбянкова. Больш за сорак гадоў працуе яна тут. Дасканала ведае радавод кожнага жыхара. З сустрэчы з Марыяй Вікенцьеўнай у яе невялічкім кабінеце і пачалася вандроўка ў самабытны Ракаў. Пярэсты букет касачоў красаваўся на рабочым стале. Нібыта спецыяльна падабраныя пад колер кветак, гаспадыню кабінета ўпрыгожвалі каралі. Раз-пораз адчыняліся дзверы, Марыя Вікенцьеўна спыняла гаворку і хуценька падпісвала неадкладныя дакументы і зноў працягвала расповед. 

— У мінулым найбольшы росквіт Ракаў меў, калі ім валодалі магнаты Сангушкі, — адзначае Марыя Калбянкова. — Як сведчыць гісторыя, тут кіпела грамадскае жыццё. Жорстка абышліся з паселішчам гітлераўцы. Дашчэнту спалілі драўляныя будынкі. Доўга людзі аднаўлялі свае сядзібы. Да атрымання статусу аграгарадка Ракаў быў звычайнай вёскай Валожынскага раёна. Апошнія дзесяць гадоў будаўнічы бум не мінуў і нас. Пабудаваны шэсць шматпавярховых кааператыўных дамоў па 30—40 кватэр кожны. Дванаццаць сямей атрымалі сацыяльнае жыллё. Выдзелена больш за тысячу зямельных участкаў у навакольных вёсках. Усе, хто стаіць у любым населеным пункце рэспублікі на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць атрымаць у нас зямельны надзел. Праводзім і аўкцыёны па продажы ўчасткаў.

97-гадовы ветэран вайны і працы МікалайШУМЕЙКА .

На Паўночным завулку, дзе я жыву, дажывалі свой век пасляваенныя драўляныя хацінкі. На іх месцы катэджы паўсталі. Прыемна глядзець, як на вачах прыгажэе мястэчка. У Ракаве жывуць бацькі Вольгі Барабаншчыкавай, і яны абураюцца, што будуюцца шматпавярховыя дамы. Лічаць, што павінна захоўвацца традыцыя малапавярховых будынкаў.

Іншым становіцца ўклад жыцця. Раней на кожным падворку была жывёла. Больш як тысяча галоў кароў налічвалася ў гаспадароў, а цяпер і дзясятка няма. І дарма: сырадой мацуе здароўе. Мяне маці лячыла свежым малаком ад пячайкі. Раніцай конаўку вып’еш — і цудоўна сябе адчуваеш. Для страўніка вельмі карысна, усе вітаміны траў у сырадоі.

Педагогі дзіцячай музычнай школы Настасся БАКУШАВА, Вольга ІОДА, Юлія СКУРКО і Юлія КРЫЎЧЫК.

У апошнія гады тэмпы будаўніцтва прыватнага жылля ўпалі. Банкі прыпынілі выдачу пазык. Але попыт на ўчасткі не падае. На аўкцыёне, які праводзіцца штомесячна,  раскупаюцца і самыя дарагія ўчасткі па цане 14—16 тысяч рублёў. Камісію з шасці чалавек узначальвае старшыня сельсавета Аляксандр Мякінка.

— Хто больш заплаціць, таму і дастаецца надзел, — далучаецца да размовы Аляксандр Антонавіч. — Выручаныя грошы накіроўваем на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. На новабудоўлях пракладваем дарогі, водаправод, электрыфікуем іх. Купілі і ўстанавілі дзіцячыя пляцоўкі ў садзіках. Паставілі альтанкі, разбілі кветнікі. Каля каталіцкіх могілак дзякуючы спонсару ўкладваем тратуарную плітку. Заклалі парк каля брацкай магілы. На тэрыторыі населеных пунктаў спілоўваем старыя дрэвы, ачышчаем ад кустоўя дарогі. У перспектыве плануем газіфікаваць жылыя кварталы.

Трактарыст філіяла Валожынскага ЖКГ Аляксандр СІДАРКЕВІЧ

Для навасёлаў ёсць рабочыя месцы ў трох санаторыях, доме-інтэрнаце для псіхічна хворых, сярэдняй школе, бальніцы, сельгаспрадпрыемстве “Тарасава”, філіяле раённай жыллёва-камунальнай службы, лясніцтве і ў прыватных фірмах. Летам дзейнічаюць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Многія мясцовыя жыхары працуюць у сталіцы, да якой рукой падаць. Пастаянна курсіруюць маршруткі, аўтобусы. 

— Мая адзіная ўнучка разам з сяброўкамі штораніцы ездзяць маршруткай у Мінск на вучобу, — дапаўняе Марыя Калбянкова. — Шэсць гадоў таму дзяўчынка асірацела, і я ёй за маці і бабулю. Закончыць вучобу і вернецца цырульнікам.

Прадавец харчовага магазіна Аляксандра БАЯРЫНАВА.

У перспектыве да васьмі тысяч насельніцтва будзе ў аграгарадку. З амаль што трох тысяч сённяшніх жыхароў Ракава большасць — пенсіянеры. Адзінокіх абслугоўваюць пяць сацыяльных работнікаў. 

Пасля выхаду на пенсію перабраўся са сталіцы ветэран вайны і працы Мікалай Шумейка і пайшоў працаваць на гатар. Мінулай восенню Мікалай Ігнатавіч аўдавеў. Амаль семдзесят гадоў пражыў з жонкаю. Дочкі Данута і Ірына на заслужаным адпачынку і перабраліся з Мінска да бацькі. Данута Мікалаеўна да пенсіі працавала ўрачом-рэаніматолагам у дзявятай сталічнай клініцы, а Ірына спецыялістам на прамысловым прадпрыемстве.

Галава шматдзетнайсям’і МікалайРУСЕЦКІ.

Дзевяноста восьмы год Мікалаю Ігнатавічу. У вайну вызваляў палонных канцлагера Майданэк, польскі горад Люблін, чэшскую сталіцу Прагу. За тры дні да Перамогі ў баі з адступаючымі гітлераўцамі атрымаў раненне бядра і кісці рукі. Паўтара месяцы лячыўся ў гамбургскім шпіталі. Вярнуўся на службу. Да восені 1945 года змагаўся з бандэраўскімі фарміраваннямі ў Карпатах. Вайсковае кіраўніцтва прапаноўвала рыхтавацца да паступлення ў ваеннае вучылішча, але дома засталіся састарэлыя бацькі, якім патрэбна дапамога сына. Вярнуўся да іх на Валожыншчыну. Працаваў шафёрам у калгасе, а потым перасеў за руль пасажырскага аўтобуса ў беларускай сталіцы. Адкуль і пайшоў на пенсію. Частыя госці ў дзядулі ўнукі Сяргей і Таццяна. Адведваюць яго і сталічныя праўнукі Алеся і Антон.

Тры сыны і шэсць дачок, трое прыёмных дзяцей, дваццаць дзевяць унукаў і праўнучка Арына ў Марыі і Мікалая Русецкіх. Усе дзеці закончылі музычную школу, атрымалі адукацыю. Жывуць і працуюць у Ракаве. Раней Русецкія трымалі дзве каровы, свіней. Цяпер толькі куры корпаюцца ў загароджы.  Шматдзетныя сем’і і ў дзяцей Русецкіх. Сын Алег, у якога пяцёра хлопчыкаў і дзяўчынак, узяў з прытулку маленькага Сяргейку, які пакутаваў на ножкі. Разам з жонкаю выхадзілі яго. Трое сваіх дзяцей і прыёмны Алеська ў другога сына — Андрэя. Дачка Наталля прыняла чатырох дзетак, а малодшая Ніна, у якой чацвёра сваіх, выхоўвае яшчэ і трох сірот.

Пенсіянерка Леакадзія НАЛЕЦКАЯ і паштальён Вольга ШКЕЛЬ.

— Бог дае дзяцей, каб душы не чарсцвелі, — лічыць Мікалай Ільіч, з якім сустрэліся на дагледжаным падворку. Роўнымі радкамі красавалася акуратна абагнаная бульба. Гаспадар мотаблокам апрацоўваў яе. 

Сапраўдны дэндрапарк у цэнтры Ракава — сядзіба Рагойшаў, на якую правяла мяне праз свой падворак Леакадзія Налецкая. З яе дачкою Вольгай Шэінай мы працавалі на Беларускім радыё. Кароткім выдаўся век прыгажуні Волькі. Маленькіх сыноў Аляксея і Яўгена  пакінула сіротамі. Цяплом сваіх сэрцаў падтрымліваюць Леакадзію Іванаўну суседзі Таццяна і Вячаслаў Рагойшы, шлюбу якіх сёлета спаўняецца паўвека. У Адэсе на навуковай канферэнцыі пазнаёміліся львоўская аспірантка Таццяна Кабржыцкая і малады беларускі вучоны Вячаслаў Рагойша. У Ракаве гулялі вяселле.

Дудар Максім ПАЛУЙЧЫК

На мемарыяльнай дошцы, прымацаванай два гады таму на ракаўскім доме Рагойшаў, пазначана, што сюды па-сяброўску наведваўся класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Маладажонам пісьменнік пажадаў: “Малю аб вечным і адзіным: хай будзе шчасны на вякі шлюб Беларусі і Украіны, шлюб Львова й Іслачы-ракі”. 

Трох сыноў выхавалі Таццяна Вячаславаўна і Вячаслаў Пятровіч. Іх дом стаў Меккай для шматлікіх гасцей. Былую гаспадарчую стадолу Вячаслаў Пятровіч з сынамі пераабсталявалі ў своеасаблівы музей, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты, адлюстраваны жыццёвы шлях гаспадара “ад падпаска да акадэміка”. У вершы, прысвечаным 550-гадоваму юбілею мястэчка, які адзначаўся пад дэвізам “Мы маем гонар свой. Мы маем Ракаў”, Вячаслаў Рагойша назваў яго “пярсцёнкам на валожынскай руцэ”.  

Па ініцыятыве акадэміка створаны грамадскі камітэт Ракаўскіх чытанняў. Раз у два гады ладзяцца навуковыя канферэнцыі — Ракаўскія чытанні, якія набылі статус міжнародных.

Ракаў на пачатку ХХ стагоддзя.

Цікавы музей-сядзібу стварыў у цэнтры Ракава на бацькоўскім падворку кандыдат мастацтвазнаўства Фелікс Янушкевіч. Пра гісторыю, этнаграфію і культуру гэтага прысталічнага куточка расказваюць і экспанаты краязнаўчага музея сярэдняй школы. Войны ХХ стагоддзя пакінулі ў Ракаве крывавы след. У Вялікую Айчынную нямецка-фашысцкія захопнікі зажыва спалілі больш за тысячу вязняў яўрэйскага гета і знішчылі мястэчка. Каля помнікаў на брацкай магіле і ў цэнтры аграгарадка заўсёды вянкі і кветкі. На ракаўскіх могілках навечна спачываюць вядомы польскі кампазітар Міхаіл Грушвіцкі, які пісаў музыку на словы Уладзіслава Сыракомлі, оперны спявак заслужаны артыст Украіны Вячаслаў Кабржыцкі, беларуская пісьменніца Тамара Чабан і журналістка Вольга Налецкая, продкі вядомага амерыканскага палітычнага дзеяча Збігнева Бжазінскага. 

Шаноўна адносяцца ракаўчане да культурнай спадчыны. Традыцыйную беларускую дуду рэканструяваў музыка Тодар Кашкурэвіч. Цудоўна засвоіў рэдкі інструмент выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Максім Палуйчык. На свістульках выводзіць народныя мелодыі яго дзесяцігадовы сын Андрэйка. 

Традыцыі старажытнага мястэчка развіваюцца ў Цэнтры народнай творчасці, якім кіруе Хрысціна Лямбовіч. Высокія ўзнагароды на ўсебеларускіх і замежных фестывалях і конкурсах атрымліваюць заслужаны аматарскі калектыў — фальклорны гурт “Гасцінец” і узорны фальклорны гурт “Вянок”. Выступленні іх упрыгожаць купальскае свята і традыцыйны “Ракаўскі фэст”, які звычайна праводзіцца ў апошнія дні лета. 

Фота аўтара

Валожынскі раён

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter