Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кіраўніца беларускай суполкі “Мара” з Ліепаі Тамара Шулцэ мае родавыя карані ў горадзе Слоніме

Радзіма — там, дзе жыве маці

У беларусаў з латвійскага горада Ліепая цяпер галоўная навіна — пра новы Беларускі дом. Ён хутка ўжо адкрыецца па адрасе: вуліца Яня, 8. А консульскія, візавыя пытанні для беларусаў Ліепаі ды ўсяго рэгіёна з 3 красавіка вырашаюцца па новым адрасе. Як вядома, многія беларусы ў Велікодныя дні, на Радаўніцу імкнуліся наведаць родныя мясціны, магілы продкаў — гэта ж важны складнік беларускага менталітэту, даўні духоўна-рэлігійны звычай па ўсёй Беларусі. Таму ў Беларускім доме, які адкрываецца дзякуючы й намаганням сяброў суполкі “Мара”, яе актывісты прымаюць дакументы на афармленне візаў для паездак у Беларусь. 

Пра саму беларускую суполку ў Ліепаі, яе актывістаў чытачы “Голасу Радзімы”, пэўна, трохі ведаюць з ранейшых публікацый. Тры гады суполкай “Мара” кіруе Тамара Шулцэ: з красавіка 2015-га. Адкуль яе родавыя карані, як аказалася ў Латвіі, што ў планах актывістаў суполкі? Пра тое была наша гутарка.

Тамара Шулцэ
— Адкуль вы родам, Тамара Іванаўна?

— Са Слоніма. Гэта ж адзін са старажытных гарадоў Гродзеншчыны. І назва, мяркую, ад сонца, бо ў гаворках некаторых рэгіёнаў Беларусі, літаратурных творах сустракаем слова слонца. (За такую версію “галасуе” й сланечнік-сонечнік (у рускай мове подсолнух), звязаны з сонцам. У “Кароткім гістарычным слоўніку беларускай мовы” прафесара Аляксандра Булыкі (2015) пададзены ранейшыя назвы сонца: “Солнце (солнеце, солнцо, солнцэ, сонце) і слонце (слунце) (стар. 864). — Рэд.). Дарэчы, у Слонімскім раёне знаходзіцца й адзін з беларускіх духоўных цэнтраў праваслаўя: Жыровічы, а ў іх — вядомы ў свеце мужчынскі манастыр. Так што сонца, як і святла духоўнага, многа на маёй малой радзіме.

— Як вы апынуліся ў Ліепаі?

— Вучылася ў Мінскім індустрыяльна-педагагічным тэхні­куме разам з будучым мужам Віктарам, які з Латвіі быў накіраваны вучыцца ў Беларусь. З ім і прыехала ў Ліепаю ў 1980-м, закончыўшы вучобу. Дарэчы, я добра вучылася, магла застацца ў Мінску працаваць майстрам вытворчага навучання аддзелачнікаў у прафтэхвучылішчы, але выбрала іншы лёс.

А ў Ліепаі, на радзіме мужа, вучылася ў політэхнічным інстытуце. Працавала ў сістэме тэхнагляду за будаўніцтвам жылых дамоў на заводзе “Лиепайсельмаш”, потым яшчэ ў адной арганізацыі, затым — адміністратарам у гатэлі Юра (у перакладзе з латышскай: мора. — Рэд.).

— Сёлета ў Беларусі аб’яўлены Год малой радзімы. Ці адчуваеце вы яе прыцягненне?

— Безумоўна! Для мяне радзімай, Бацькаўшчынай была й застаецца Беларусь. І ўсе гады, што жыву ў Ліепаі, стараюся наведваць яе, сваіх родзічаў, сяброў — я заканчвала 10-ю школу. У Слоніме жыве мая матуля, Шэўчык Яўгенія Пятроўна, якой 82 гады. Многія ў горадзе ведаюць яе: мама працавала касіркай у адной з аптэк. А таты, Фідрыка Івана Іванавіча, ужо няма з намі. Ён усё жыццё працаваў трактарыстам, і было ў яго шмат братоў, так што і ў мяне радня вялікая. У маіх бацькоў была яркая старонка ў біяграфіі: у 60-я гады па камсамольскіх пуцёўках яны паехалі падымаць цаліну — і я была з імі ў Цалінаградскай вобласці Казахстана. Цяпер у Беларусі жывуць мой брат, стрыечныя браты — мне заўсёды ёсць да каго пайсці, мяне, як кажуць, сустрэнуць з радасцю, накормяць і спаць пакладуць. А ўвогуле для мяне дзе мама, там адназначна вялікая Радзіма. Родная Беларусь і для маіх дачок, якія нарадзіліся ў Латвіі: я вазіла іх у Слонім кожнае лета. Нават абутак, вопратку дзяўчынкам да 13 гадоў купляла толькі ў Беларусі: тое было выгадна. Мы працягваем разам ездзіць да маёй мамы, іхняй бабулі. У чэрвені 2017-га, дарэчы, вазілі паказаць і маю ўнучку, якой было крыху больш за паўгода.

— Жывучы ў Ліепаі, ці маеце магчымасць гаварыць тут на роднай беларускай мове?

— Так, і звычайна гэта тыя, хто прыходзіць у нашу суполку. Яшчэ ў нас ёсць ансамбль “Паўлінка”, у ім — Жанна Буйніцкая, Раіса Дзямешка: яны стаялі ля вытокаў суполкі “Мара”, змаглі яе захаваць і шмат робяць для развіцця сябрыны. А гурт “Паўлінка” — гэта ўвогуле як беларуская сям’я, сузор’е родных сэрцаў. Самадзейныя артысты ўмеюць рабіць дабро, радасць. Калі “Паўлінка” віншуе беларусаў, якія жывуць тут, гэта вельмі шчыра, кранальна заўсёды бывае. 

— Якія бліжэйшыя планы ў беларускай суполкі?

— Асноўны клопат — наш агульны Беларускі дом, у які мы пераязджаем 27 красавіка. У будынку закончаны рамонт, праведзена ацяпленне, дзякуючы дапамозе спонсараў памянялі вокны, падключылі інтэрнэт. Рамантуем яшчэ вялікае памяшканне, каб мець сваю залу для выступлення ансамбляў. Там будзем адзначаць Дні беларускай культуры, зможам запрашаць сяброў, праводзіць розныя імпрэзы. Хутка будзем святкаваць 135-я ўгодкі аднаго з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра, які нарадзіўся ў Ліепаі. Дарэчы, Янка Маўр — гэта творчы псеўданім Івана Фёдарава, які моцна сябраваў з Якубам Коласам, яны нават сталі сватамі, пажаніўшы сваіх дзяцей. У гонар Янкі Маўра марым зладзіць выставу ў нашым Беларускім доме. Плануем стварыць памяшканне й для нядзельнай школы, для працы гурткоў па інтарэсах. Спачатку здавалася — не адолеем рамонт, а вось жа справа рухаецца! Я ўпэўнена: з дапамогай спонсараў, сяброў, знаёмых, уласных рук мы адновім усе памяшканні.

Р. Дзямешка і В. Бяляеў на суботніку ля Беларускага дома 
Фота Мікалая Грынюка

— Ці шмат у Ліепаі беларусаў, якія гатовыя збірацца разам?

— Беларусаў — шмат, але, на жаль, няшмат людзей актыўных. Вядома ж, побытавыя пытанні ў нашым жыцці займаюць шмат увагі — часу й жадання не хапае для нейкіх грамадскіх спраў. Тым не менш традыцыяй сталі ў горадзе сумесныя сустрэчы ў Дні беларускай культуры, пры Вогнішчы дружбы народаў — ёсць і такі праект. Яшчэ ў Ліепаі рэгулярна выступаюць артысты, гурты з Беларусі. Землякі й проста могуць прыйсці да нас у суполку: пагутарыць, пачытаць газеты — беларусаў Латвіі “Прамень”, “Голас Радзімы”... Мы імкнемся сварыць у нашым новым доме гэткую беларускую ўтульнасць: каб ён стаў куточкам Бацькаўшчыны для ўсіх нас.

Гутарыла Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Голас Радзімы № 16 (3568), чацвер, 26 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter