Радыё-ТЭАТР Уладзіміра БАКЛЕЙЧАВА.

Яго голасам “гаворыць” мінскае метро.

“Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя...” — гэтыя словы жыхары сталіцы і яе госці чуюць у метро штодзень, але мала хто ведае, чыім голасам “гаворыць” падземка. Аксамітны барытон Уладзіміра БАКЛЕЙЧАВА стаў візітоўкай, сімвалам мінскага метро. І канкурэнтаў у яго пакуль што няма.

Прэс-партрэт:
Уладзімір БАКЛЕЙЧАЎ нарадзіўся ў горадзе Бярдычаве Чарнігаўскай вобласці ва Украіне. Ва ўзросце дзесяці гадоў разам з бацькамі пераехаў у Мінск, скончыў сярэднюю школу № 48. У 1965 годзе паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут на спецыяльнасць “акцёр тэатра і кіно”. З 1974-га працуе на Беларускім радыё. Зараз вядзе перадачу “Беларусь—Расія”, агучвае  “Все о безопасности”. Запісаў некалькі аўдыёкніг. У 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў сваёй дзейнасці.

Хто слухае Першы канал Беларускага радыё, той адразу яго пазнае. Танальнасць інтанацыі Уладзіміра Баклейчава складана пераблытаць з іншай. Яшчэ з савецкіх часоў ён — прызнаны мэтр. Баклейчаву давяралі весці прамыя трансляцыі з партыйных з’ездаў і пасяджэнняў парламента, сёння даручаюць чытаць самыя важныя палітычныя матэрыялы. Уладзімір Анатольевіч вось ужо 37 гадоў працуе на радыё і шкадуе, што не прыйшоў у дыктарскую прафесію раней.

Не Карлсан, які жыве на даху

— Уладзімір Анатольевіч, вы скончылі тэатральна-мастацкі інстытут. Як сталася, што трапілі на радыё?

— Вельмі добра памятаю, што гэта быў кастрычнік, 1974 год. Якраз нарадзілася мая дачка Дзіяна. Якраз тады перайшоў са сцэны Тэатра юнага гледача на радыёсцэну. А ў тэатры быў не толькі акцёрам, але і памочнікам па дэкарацыях.

— Якія ролі вам даставаліся?

— У мяне амплуа сацыяльнага героя. Гэта і матрос Жукаў у спектаклі “Белеет парус одинокий”, Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі ў спектаклі па п’есе Валянціна Зуба “Юнацтва рыцара”, Павел у спектаклі па п’есе Уладзіміра Мехава “Палёт” і галоўная роля ў “Карлсане, які жыве на даху”.

— Вы працуеце на радыё вось ужо 37 гадоў. За гэты час ніколі не пашкадавалі аб тым, што пакінулі тэатр?

— Наадварот, я пашкадаваў, што позна прыйшоў на радыё. Пасля тэатральнага інстытута і думаць не думаў, што калі-небудзь буду дыктарам.  А пачалося ўсё з таго, што на тэлебачанні патрэбны былі мужчынскія галасы ў літаратурную, дзіцячую праграму.

Пра “бліны” для запісу праграм

— Хто быў вашым настаўнікам напачатку?

— Ілья Львовіч Курган. Ён мяне праслухаў і сказаў, што мой голас добра кладзецца на плёнку. Раней жа запісы рабіліся на магнітную плёнку. Былі такія “бліны”, на адным змяшчалася 40 хвілін запісу.

— Якім было першае ўражанне аб дыктарскай прафесіі?

— Далёка не кожны зможа прачытаць тэкст так, каб ён прагучаў. Працаваць са словам трэба ўмець. Фанетыка, марфалогія, арфаэпія — усё гэта прысутнічае ў нашай працы. Я і цяпер, нягледзячы на даволі вялікі стаж, усё роўна хвалююся, некалькі раз перачытваю тэкст радыёпраграмы перад тым, як выдаць у эфір.

— Можа, у вас ёсць сакрэтная гімнастыка для галасавога апарату?

— Не (шчыра смяецца. — Аўт.). Распеўка ідзе па дарозе на працу. Памычыш у тралейбусе ледзь чутна, каб не выклікаць незадавальнення іншых пасажыраў, і ўжо голас распрацоўваецца. Іншым разам, каб падрыхтаваць язык, губы, шчокі, бяру любы тэкст і прагаворваю. Калі ў голасе хрыпата, то іду да раяля, бяру пару акордаў і распяваюся.

— За час працы на радыё ў вас здараліся казусы?

— Не хачу сябе хваліць! За кожны пракол, памылку наказвалі рублём! Таму мы, дыктары, многа працавалі над сабой. А яшчэ гэта прафесія мяне дысцыплінавала. Быў час, калі мне патрэбна было ўставаць а пятай гадзіне, каб у шэсць раніцы націснуць на кнопку і запусціць гімн Беларусі!

“Цалую. Вова”

— У вашай сям’і было месца для творчасці?

— Канечне. Я не быў схільны да дакладных навук. Вельмі любіў спяваць, іграў на баяне. У школьныя гады выступаў разам з квартэтам дзяўчынак. Так дзякуючы музыцы спаткаў каханне, якое стала маім лёсам. З Людмілай жывём зараз у міры і ладзе.

— Можа, у вас ёсць нейкі сакрэт сямейнага шчасця?

— Увесь сакрэт у тым, каб прымаць чалавека, які жыве разам з табой, такім, які ён ёсць. Мы з жонкай выгадавалі сына, дачку, зараз жыццё дорыць нам магчымасць назіраць, як растуць нашы ўнукі — Анастасія Дзмітрыеўна і Усевалад Яўгенавіч (гаворыць з асаблівым гонарам. — Аўт.)

— Ці ёсць у вас нейкія запаветныя словы-талісманы?

— “Цалую. Вова”. Так заканчваю свае перадачы, калі выключаю мікрафон.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter