На 94-м году жизни умер диктор Белорусского радио Илья Курган

Радыё без Іллі Кургана...

На 94-м годзе жыцця адышоў у вечнасць легендарны дыктар Беларускага радыё Ілля Курган. З восені 1949-га і на працягу амаль 40 гадоў рэспубліка прачыналася пад яго прыемны барытон. Мне, як і іншым калегам па радыёэфіру, пашчасціла працаваць з Іллёй Львовічам. У той час дыктар быў адной з галоўных фігур на радыё. Мы, журналісты, ездзілі ў камандзіроўкі, сустракаліся з людзьмі, запісвалі на магнітафон гутаркі з героямі. Вянцом творчай дзейнасці быў запіс радыёпраграм у студыі. Дыктары агучвалі нашы радыёнарысы, рэпартажы, замалёўкі, іншыя жанры. Ажывалі звычайныя радкі тэксту. Дыктарская група — каля 30 прафесіяналаў. 


Вялікім гонарам было, калі тэкст трапляў Іллі Львовічу. Яго непаўторны голас у спалучэнні з высокім прафесіяналізмам надаваў нашай радыёпраграме «Сельская раніца» непаўторны каларыт. Бывалі і вострыя моманты, калі падводзіла тэхніка ці з-за іншых прычын даводзілася спыняць запіс. Ілля Львовіч умеў трапным жартам зняць агульнае напружанне. Талент вядучага дыктара відавочны ў многіх радыёпастаноўках, што ўвайшлі ў залаты фонд Беларускага радыё. Калегі яго называлі беларускім Левітанам, з якім ён, дарэчы, сябраваў. 

Праз гады лёс мне падараваў новую сустрэчу з легендарным творцам. Мы гутарылі ў яго сталічнай кватэры, абстаўленай шафамі з кнігамі. Гаспадар прэзентаваў мне кнігу «Залаты голас Беларусі. Ілля Курган», у якой сабраны ўнікальныя водгукі пра вядомых дзеячаў нацыянальнай культуры — Аляксея Дударава, Барыса Луцэнкі, Валерыя Анісенкі, Ганны Маланкінай і іншых яго вучняў. У дуэце з дыктарамі радыё Галінай Сядзельнікавай, Ліліяй Стасевіч, Галінай Яроменка агучваў радыёперадачы пра людзей беларускай вёскі. Па прыродзе Ілля Курган быў больш скіраваны да чытання і маўлення вясковай тэматыкі. 

І ў дзевяностагадовым узросце Ілля Львовіч будучы заслужаным артыстам рэспублікі, ганаровым членам Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў даваў слушныя парады маладым творцам. Яго запрашалі ў Купалаўскі тэатр на праслухоўванне акцёраў. Да апошніх дзён жыцця ён цікавіўся навінкамі моваведаў. На Беларускім радыё ён доўгі час займаў пасаду галоўнага рэжысёра дыктарскай групы. 

На маё пытанне, з чаго пачынаўся шлях у дыктары, ад Іллі Львовіча пачуў, што хлебаробу дадзены кемлівасць і рукі залатыя, вучонаму — цярпенне і мудрасць, а яму пашчасціла на голас і доўгі век. 

Нарадзіўся Ілля Курган у звычайнай сям’і ў Барысаве. Перад вайной пераехалі ў Мінск. У далёкім Самаркандзе давялося перажыць ваеннае ліхалецце. Там з сябрам за год здаў экстэрнам экзамены за сем класаў і паступіў у чыгуначны тэхнікум. Навучэнец меў права бясплатнага праезду на цягніку і, як толькі вызвалілі Беларусь, накіраваўся ў Мінск. Ля папялішча свайго дома сустрэўся з бацькам, які вярнуўся з фронту. 

Паступіў вучыцца ў тэатральны інстытут. Іх выпускны курс запрасілі на праслухоўванне ў студыю Дома радыё. Ён адзіны з усяго курса прайшоў у дыктары. Стаў працаваць на радыё. Займеў сям’ю. Нарадзіліся сыны Уладзімір і Сяргей. Мінулаю вясною Уладзіміра не стала. Сын Сяргей жыве ў Германіі. 

Амаль сорак гадоў Ілля Львовіч, як салдат, роўна ў 6 гадзін раніцы прамаўляў: «Гаворыць Мінск!» У яго выкананні на дысках запісаны многія літаратурныя творы беларускіх класікаў, у прыватнасці, радыёспектаклі Янкі Купалы «Прымакі», Эдуарда Самуйлёнка «Паляўнічае шчасце», Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады», Міхася Лынькова «Векапомныя дні», Уладзіміра Дзюбы «Доктар Русель», паэмы Янкі Купалы «Курган», Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», Якуба Коласа «Новая зямля», Пятруся Глебкі «Мужнасць», Паўлюка Труса «Дзясяты падмурак», вершы Максіма Багдановіча і Пятруся Броўкі. 

Фота аўтара

Ад «СГ». Калектыў «Сельской газеты» смуткуе з нагоды смерці дыктара Беларускага радыё Іллі Кургана і выказвае спачуванне родным і блізкім нябожчыка. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter