Радок, абарваны куляй

Беларускаму  пiсьменнiку  Фядосу  Шынклеру  не  было  яшчэ  i  сарака  гадоў,  калi  ён  загiнуў  пад  Сталiнградам

Беларускаму  пiсьменнiку  Фядосу  Шынклеру  не  было  яшчэ  i  сарака  гадоў,  калi  ён  загiнуў  пад  Сталiнградам

Мусiць, у кожнага надыходзiць час, калi карцiць падвесцi вынiкi пражытага. I раптам выяўляецца, што няма на чым спынiцца, няма чагосьцi галоўнага. А ёсць i iншыя людзi – мэтанакiраваныя, з марай i страсцю сэрца, якiя змалку задумвалiся: як i для чаго я буду жыць?.. I ўсе iх справы i ўчынкi потым — як бы адказ на гэта пытанне. Менавiта да такiх людзей адносiцца беларускi празаiк Фядос Сяргеевiч Шынклер. 

Нарадзiўся ён у сям’i чыгуначнага рабочага станцыi Рудзенск, што на Мiншчыне. Рос i вучыўся. А потым стаў тэлеграфiстам. Паязды, што праходзiлi мiма, са сваiм асаблiвым дарожным жыццём, клiкалi ў далёкiя краi, спакушалi нязведаным, але ён моцна прырос да роднай зямлi, палюбiў яе людзей. 

З дзяцiнства сярод рабочых на пуцях, у дзяжурцы альбо ў дыспетчарскай з iх размовамi, адкрытасцю чалавечых натур – усё гэта многа дало будучаму пiсьменнiку. I нядзiўна, што яго дзейнасць лiтаратара пачалася з невялiкiх заметак у бабруйскай газеце «Камунiст». А неўзабаве на яе старонках i ў лiтаратурным дадатку «Вясна» з’явiлiся i яго першыя апавяданнi. I няхай яны, як, напрыклад, «Пас зачапiў» або «Каб не формулы», у чымсьцi былi недасканалыя, дыдактычныя, але ў iх ужо з поўнай сiлай гучаць клопаты аб чалавеку, iмкненне, каб ён быў лепшы, шчаслiвейшы, спаўна выкарыстоўваў тыя магчымасцi, якiя закладзены на самым пачатку жыцця. 

Да ўсяго ёсць справа маладому празаiку. Яго не палохаюць шматграннасць i складанасць жыцця. Ён смелы i рашучы. У полi яго зроку чорнае мiнулае, якое псавала чалавека, i сучасныя днi, якiя абнаўлялi, давалi крылы гэтаму чалавеку («Стрэлачнiк Мiгай»); смелая i трапная крытыка механiчна-абмежаванага разумення партыйна-савецкага заклiку да пiльнасцi («Загiнутая грамата»); самаадданасць i гераiзм простых людзей у барацьбе з бандытызмам пасля грамадзянскай вайны («Апошнi рэйс», «Чмута»). 

Для творчасцi Ф.Шынклера характэрна вернасць выбранай тэме – паказ жыцця чыгуначнiкаў. I найбольш поў­на, бадай, гэта ўдалося яму зрабiць у аповесцi «Сонца – пад шпалы». 

У ёй пiсьменнiк вяртаецца як бы да старой для сябе тэмы – барацьбы аджываючага мiнулага з новым, на чыiм баку, лiчыць ён, праўда i сiла. 

Давер’е i дабрата да чалавека, вастрыня сюжэта выдзяляюць творы аўтара. I яшчэ: у iх заўсёды паказана праца як найвышэйшая радасць жыцця. Напэўна, дзякуючы гэтаму нам так сумна развiтвацца са старым кадравым рабочым Вейсам (аповесць «Запiскi iнструктара Томана»), з Сымонам Бiрулем (драма «Пачэсны рэйс») i iншымi. 

Iнтарэсы Фядоса Сяргеевiча Шынклера былi шырокiя. Адпавядалi  iм i творчыя магчымасцi. За гэта гаворыць спадчына пiсьменнiка, у якой можна бачыць таксама займальную аповесць для дзяцей «Петрык-завадатар», гiсторыка-пазнавальны нарыс «Магiлёў» i г.д. 

Плённа працаваў Шынклер на нiве журналiстыкi. Добрую памяць пакiнуў ён пра сябе ў газеце «Лiтаратура i мастацтва», у часопiсе «Полымя рэвалюцыi». 

Не ўсiм планам i марам суджана было збыцца. На творчым шляху паўстала вайна. Пiсьменнiк эвакуiраваўся ў Свярдлоўск, зноўку ўспомнiў прафесiю тэлеграфiста. Працаваць даводзiлася шмат, да знясiлення. Нi на iмгненне не забываўся ён i пра запаветнае. Тут у яго нарадзiлася кнiга аб тэлеграфiстах «Пульс жыцця». У ёй тонка i глыбока раскрыты рысы нашых людзей, сцiплых, на першы погляд, непрыкметных, але вельмi «працавiтых працаўнiкоў». Яны з неймавернай самаадданасцю наблiжалi дзень перамогi над крывавым фашызмам. 

I, вядома ж, сцiскалася сэрца па роднай беларускай зямлi, якую нявечыў вораг. 

«У квiтнеючых садах маёй радзiмы – Беларусi – паламаны ружы, кволыя пялёсткi  iх бязлiтасна памяты, яны растаптаны цяжкiм ботам, — пiсаў Фядос Шынклер. – I не мiлагучныя песнi майго народа вольна льюцца з апаганеных садоў — стогны знявечаных мацярок, праклёны дзяўчат, плач асiрацелых дзяцей клiчуць да помсты». 

I ён добраахвотнiкам iдзе на фронт. 

Яму не было i 39, калi ў кастрычнiку сорак другога Фядос Шынклер гераiчна загiнуў ля сцен Сталiнграда. У самым росквiце духоўных i фiзiчных сiл. Але i за гэты час, адведзены яму, ён пакiнуў пасля сябе добры след: тры аповесцi, п’есу, апавяданнi i нарысы. 

Ён больш не пабачыў родных бяроз ля жытнёвых загонаў; не ўдыхнуў на маленькiх, залiтых сонцам станцыях гаркаватага паху рамонкаў, якiя падбягалi да рэек, i антрацытаў; не пачуў вясёлых песень дзяўчат-беларусачак. 

Але, калi вы захочаце з iм сустрэцца, разгарнiце яго кнiгi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter