Белорусские издательства выпустили книги к юбилею Жировичского монастыря и чудотворной иконы Божией Матери

Радкі, узятыя з вечнасці

У маі спаўняецца 500 гадоў з дня заснавання Жыровіцкага манастыра і 550 — з часоў з’яўлення іконы Божай Маці Жыровіцкай, менавіта тады яе абраз хлапчукі-пастушкі заўважылі на грушы, аднеслі святыню гаспадару, той жа, склаўшы ў куфэрак, у хуткім часе ў ім нічога не знайшоў. Ікона заззяла ізноў на тым самым месцы, і пастушкі паўторна аднеслі яе баярыну, на гэты раз ён загадаў пабудаваць там храм. Калі царква згарэла, і ў ёй нічога не ўцалела, знікла і цудатворная ікона. Пазней абраз з’явіўся перад дзецьмі на камні, такім чынам Жыровіцкая апякунка Маці Божая навечна абрала гэтыя мясціны і надзейна іх аберагае  ўжо 550 гадоў. Насельнікі мясцовага манастыра, паломнікі хацелі шырока адсвяткаваць юбілейную нагоду, ды пакуль перашкаджае вірус. Але за гэтым замінка толькі часовая, тады як Маці Божая і святая жыровіцкая зямля — вечныя. Падрыхтоўка да свята працягваецца і ўключае не толькі добраўпарадкаванне навакольнае, але і літаратурнае. Айчынныя выдавецтвы выпусцілі альбомы, энцыклапедыі, зборнікі вершаў і нарысаў, у цэнтры ўвагі якіх святыні і мясцовыя краявіды.


«СВЯТЛО з Жыровіч» — паэтычны зборнік манаха Іаана Бембеля, вядомага пад псеўданімам Зніч. Кніга выпушчана да Міжнароднай кніжнай выстаўкі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», а яе куратарам стаў даўні сябра айца Іаана — паэт, галоўны рэдактар гэтага выдавецтва Віктар Шніп:

— Зборнік прадаецца ў кнігарнях па ўсёй Беларусі. Алег Бембель (мірское імя манаха) — незвычайны чалавек і паэт, сур’ёзна і прафесійна піша, прычым з юнацтва. Яго тэмы — Бог, духоўнасць, рэлігія — набылі другое дыханне і большую вагу: на працягу 20 гадоў айцец Іаан праходзіць паслушэнства ў Жыровічах, выдае там газету, узбагачае гісторыю манастыра. «Святло з Жыровіч» складаецца з выбраных твораў, напісаных падчас сталення ў святыні. У гісторыі беларускай літаратуры засталіся некаторыя святары, але творчасць у іх традыцыйная, хоць і на духоўную тэматыку. У Бембеля інакш, там жыццёвыя перажыванні, нечаканыя метафары і вострыя высновы.

Протаіерэй Сяргей Лепін у прадмове да зборніка піша: «Манах Іаан па-хрысціянску асэнсоўвае лёсы чалавека і чалавецтва, грамадства і краіны, спалучае патрыятычны пафас з духоўнай лірыкай. Многія яго вершы не шматслоўныя, кампактныя, але праз іх паэт выяўляе сваю чулую душу, імкненне да дабра, святла і Бога». 

Віктар Шніп прызнаецца: прыемна быць рэдактарам гэтай кнігі, тым больш яны знаёмыя з Алегам Бембелем яшчэ з 1990-х гадоў. «Святло з Жыровіч» на 96 старонак, у цвёрдай вокладцы, сярод частак — «Айчына зямная і нябесная», «Краю мой», «Апошняму славяніну», «Між тэктанічных пліт», «Саната полымя», «Вершы з новага зборніка». Вершы пераважна па восем радкоў. Незвычайныя нават у плане пунктуацыі. Напрыклад, часта ўжытае шматкроп’е, мяркуе рэдактар, хавае сэнс своеасаблівага надрыву. Бо паэты вырываюць радкі з вечнасці, таму ў іх няма ні пачатку, ні заканчэння. Як і вобраз папараць-кветкі, якую шукаем, а яна між тэктанічных пліт, што рухаюцца і ўтвараюць землятрусы.

…Святыя галасы
 маўклівых сведкаў…
…Вятрыскі… Васількі 
 і верасы
…І цішай… навальнічныя
 часы…
…Між тэктанічных пліт…
…Папараць-кветка…

ВЫДАВЕЦТВА «Беларусь» запускае тыраж кнігі «Цяпло Жыровіцкай святыні» пісьменніка i краязнаўцы Сяргея Чыгрына, які жыве ў Слоніме і піша з вялікім веданнем справы. Кніга пра духоўную сувязь ураджэнцаў і жыхароў слонімскага краю з Жыровіцкай святыняй, уводзіць у курс справы намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь» Марына Ланцэтава:

— Аўтар расказаў пра святыя крыніцы ў Жыровічах, лёс старажытных скарбаў Слонімшчыны, Серафіма Жыровіцкага, грамадскіх дзеячаў Яўгена і Уладзіміра Хлябцэвічаў, пра паэта Гальяша Леўчыка, Валянціна Таўлая, Алега Лойку, Алега Бембеля, таго ж самага Зніча, пра тэатр Міхаіла Фрыдмана. Словам, у «Цяпле…» шмат вядомых персаналій, а таксама паданні пра дзівосныя цялесныя і духоўныя вылячэнні людзей, гісторыя ўзнікнення іконы і манастыра на яе месцы. Шмат фота, галоўным чынам чорна-белых архіўных, — атрымаюцца рарытэтныя 110 старонак. Тыраж 700 экзэмпляраў хутка паступіць у кніжны гандаль па ўсёй Беларусі, пераважна на Гродзеншчыне і Слонімшчыне.

А вось «Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр» — гэта альбом, які выдавецтва «Беларусь» задумала ў канцы мінулага года, ён павялічанага фармату і на трох мовах — рускай, беларускай і англійскай. Аўтар тэксту  мастацтвазнаўца Аляксандр Ярашэвіч, сярод фотаздымкаў ёсць архіўныя, але большасць — новыя, дзе ўнутранае і знешняе ўбранства манастыра пасля рамонту, выгляд зверху з квадракоптара. Прадстаўнічы альбом даступны для шматлікіх паломнікаў, таму што, па-першае, кампактны, а па-другое — недарагі, яго выхад прафінансавала Міністэрства інфармацыі.

Паўнаколерную энцыклапедыю «Жыровічы: пад святым пакровам» падрыхтавала выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». На беларускай мове, між тым самыя значныя артыкулы ў дадатак гучаць па-руску і па-англійску. Афармленне, несумненна, прэзентацыйнае, скрозь абыграна тэма грушы, бо, паводле падання, ікона Маці Божай Жыровіцкай знойдзена менавіта пад грушай. 

— На 232 старонках каля 200 артыкулаў, больш за 200 фотаздымкаў і ілюстрацый. Большая частка матэрыялаў друкуецца ўпершыню, а тыраж выдання — 1000 экзэмпляраў, — прыводзіць канкрэтныя лічбы дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» Вольга Ваніна. — Складальнік кнігі кандыдат багаслоўскіх навук, прарэктар Мінскай духоўнай семінарыі А. Слесараў, таксама ў падрыхтоўцы ўдзельнічалі кандыдаты багаслоўя і мастацтвазнаўства, дактары царкоўнай гісторыі і гістарычных навук.

Энцыклапедыя зацікавіць тых, хто хоча больш даведацца пра сваю краіну і адну з галоўных яе духоўных святынь. На старонках — гісторыя і сучаснасць аграгарадка Жыровічы, тутэйшы Успенскі сабор і славутая ікона Божай Маці, царкоўныя дзеячы, Мінская духоўная семінарыя, якая цяпер размяшчаецца ў Жыровічах, яе ўнікальны царкоўна-гістарычны музей, помнікі архітэктуры і мастацтва, у тым ліку ірмалагіён (рукапісны помнік пеўчай культуры першай паловы XVII стагоддзя) і Жыровіцкую энцыклапедыю, якая стала правобразам даведкавага выдання ў сучаснай Беларусі.

ГЭТЫЯ кнігі хутка паступяць у продаж, папоўняць бібліятэкі, з імі пазнаёмяцца аматары айчыннай гісторыі і культуры і абавязкова наведаюць святыні роднай зямлі. Беларусь багатая на велічныя храмы і нябесных апекуноў.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter