Радкі, што сеюць дабрыню

У Гомелі названы лаўрэаты літпрэміі імя Кірылы Тураўскага

У Гомелі названы лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага

Падзея, што адбылася напярэдадні Новага года ў Белай гасцінай палаца Румянцавых—Паскевічаў, адна з адметных у духоўным жыцці Гомельшчыны. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы ўчора былі ўручаны літаратурныя прэміі імя славутага нацыянальнага асветніка чатыром членам абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі і аднаму маладому аўтару.

— Аднайменны конкурс імя славутага асветніка, бласлаўлёны ранейшым Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам і ў той час епіскапам Мазырскім і Тураўскім Стэфанам, пачаў сваё жыццё ў рэгіёне ў 2007 годзе, — зазначае старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. — За мінулы час у ім прынялі ўдзел 612 прафесійных літаратараў і аматараў мастацкага слова. 36 з іх сталі яго лаўрэатамі і дыпламантамі. З цягам часу конкурс, што існаваў, уласна, толькі ў варунках небагатых магчымасцей пісьменніцкай суполкі, вобразна кажучы, вырас са сваіх «кароткіх штонікаў». Рашаючае слова ў падтрымку пазітыўнага літаратурнага руху з боку абласных улад было сказана старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Дворнікам на сустрэчы з літаратарамі рэгіёна ў мінулым годзе.

Працягам той зацікаўленай размовы стаў шэраг даручэнняў кіраўніка абласной «вертыкалі» ўлады, накіраваных на развіццё літаратурнага конкурсу, у тым ліку адносна яго фінансавання з бюджэтных крыніц. У выніку сёлета ён упершыню набыў свой сур’ёзны «прэміяльны» статус. У ганаровым творчым спаборніцтве на права стаць першымі лаўрэатамі прэміі імя Кірылы Тураўскага у адной з шасці аб’яўленых намінацый сёлета заявіліся 37 творцаў, якія даслалі на разгляд камісіі 42 рукапісныя творы. У ліку мацнейшых аказаліся дзіцячыя вершы і апавяданні Яўгена Калашнікава, драматычная п’еса «Апошні» Васіля Ткачова, рамантычныя аповесці «Анёлак мой, Анёлак» і «Пах чаромхі» Уладзіміра Гаўрыловіча, вершы Іны Спасібінай са зборніка «Мой солнцеворот». Аповесць аматара літаратуры, дырэктара Гарочыцкага СДК Калінкавіцкага раёна Віталя Куліка «Ведзьма Палеская» ўдастоена прэміі ў намінацыі «Адкрыццё года». Вартым дадаткам да грашовых узнагарод (а ў кожнай з намінацый яна склала 30 базавых велічынь) сталі ўласныя кнігі, якія ўручылі лаўрэатам.

— Без сумнення, уручэнне прэмій — выдатны стымул для тых, хто спрабуе перадаць жыццёвыя з’явы праз жывое мастацкае слова, — заключае Уладзімір Гаўрыловіч. — Адметнасць работ, дасланых на атрыманне сёлетняй прэміі, — усе яны даволі моцныя ў літаратурным плане. І, што немалаважна, кожная з іх нясе ў сабе зерні дабрыні і чалавечай шчырасці — тыя неад’емныя рысы, якія і павінны адрозніваць ад падробак сапраўдную літаратуру.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...