Сям’я адраджае старадаўнюю сядзібу і вяртаецца да духоўных вытокаў

Радасць знайшлі ў Радзівілках

Гродзенская сям’я Барташэвіч знайшла малую радзіму ў старадаўняй сядзібе ў Радзівілках. Асабняк, які рушыцца, купілі з аўкцыёну і ўдыхнулі ў яго новае жыццё.

Яшчэ нядаўна вёска Радзівілкі, што ў 30 кіламетрах ад Гродна, нічым асаблівым не прыцягвала турыста. Хаця адсюль да знакамітага Аўгустоўскага канала рукой падаць — крыху больш за кіламетр. Залічаная ў разрад бесперспектыўных, вёсачка гэта з кожным годам губляла сваіх жыхароў. Па прасёлкавай дарозе сюды наведваліся хіба што з iнтарэсу людзі, якiя глыбока  цікавяцца гісторыяй, а яна тут багатая. У XVII стагоддзі гэтая мясцовасць належала манастыру камальдулаў, якія імкнуліся да адасобленага жыцця і строгай дысцыпліны. А ў 1820 годзе Радзівілкі перайшлі да роду Гурскіх. Вяльможы пабудавалі тут маёнтак, якi мясцовыя жыхары называюць малым Свяцкам. На гэтай зямлі знакаміты род, вядомы сваім мецэнацтвам, пакінуў добрую славу прагрэсіўных, глыбока веруючых людзей. Апошнія з гаспадароў-нашчадкаў развівалі ў сядзібе турызм, прапаноўваючы гасцям пакатацца на конях, палюбавацца маляўнічымі сажалкамі, скарыстацца тэнісным кортам або багатай бібліятэкай. А ў 1944 годзе немцы цалкам спустошылі маёнтак, прыхапіўшы з сабой усе каштоўнасці.

Фота аўтара

Да таго, як сем гадоў таму ў Радзівілках з’явіўся чалавек, якi цвёрда вырашыў вярнуць сядзібе былую веліч, яна належала аднаму з гродзенскіх прадпрыемстваў, а яшчэ раней там быў дом-інтэрнат для інвалідаў.

Дарогу ў Радзівілкі пазнала па турыстычным указальніку. У двары сядзібы сустрэлі тры прадстаўнікі роду Барташэвіч: бацька Віктар, сын Аляксандр і паўтарагадовы ўнук Марк.

Віктар распавядае, як сем гадоў таму закахаўся ў сядзібу:

— Месца тут асаблівае, святое: у старадаўніх сажалках б’юць ключы, а прырода спрыяе  адзіноце, духоўнай дасканаласці. Нездарма яго аблюбавалі манахі. І род Гурскіх унёс сваю лепту, каб увекавечыць Радзівілкі ў гісторыі. Калі я купляў паўразбураную сядзібу з аўкцыёну, усведамляў, што гэта не камерцыйны праект, спатрэбяцца вялікія сілы і сродкі на яе аднаўленне. Але захацелася тут жыць і вярнуць маёнтку былую веліч, каб нашчадкі ацанілі.

Сядзіба перад новым гаспадаром паўстала ў жаласным стане: на даху раслі бярозкі, ад аўтэнтычнасці будынка засталіся толькі ўспаміны. Перад маштабнай рэканструкцыяй запрасілі для даследавання будынка прафесійных рэстаўратараў з Мінска. Яны знайшлi на сценах каля дзясятка слаёў фарбы.

Барташэвіча-старэйшага маючая адбыцца праца не спалохала, у настойлівасці выразiўся спартыўны характар майстра спорту па вольнай барацьбе. Ён прадаў бізнес у Гродне і ўзяўся за справу. Для таго, каб цалкам аддацца ідэі, з сям’ёй пасяліўся ў маёнтку.

Перш за ўсё, iдучы услед за традыцыямi ранейшых уладальнікаў маёнтка, расчысцілі ключы ў сажалках і пасадзілі сад. Зараз, калі зробленая праца бачная, можна толькі здагадвацца пра аб’ём і затрачаныя сродкі.

— Можна было б на гэтыя грошы адкрыць невялікую вытворчасць і ўжо даўно атрымліваць прыбытак, але сюды душа ўкладзена, а гэта неацэнна, — кажа Віктар.

Гутарку падтрымлівае Аляксандр:

— Раней, наведваючы ў турпаездках адноўленыя палацы або сядзібы, думаў, што нічога асаблівага ў гэтым няма. Затое зараз гляджу іншымі вачыма, заўважаючы і ацэньваючы кожную дэталь.

Блізкасць да Аўгустоўскага канала, у развіццё інфраструктуры якога дзяржава ўкладвае сродкі, адыграла сваю ролю і для сядзібна-паркавага комплексу “Свяцк-Гурскіх”: Барташэвіч атрымаў крэдыт на выгадных умовах для будаўнічых работ у гасцініцы, для зручнасцi турыстаў дарогу ў Радзівілкі заасфальтавалі, усталявалі паказальнікі, уключылі сядзібу ў веласіпедны турыстычны маршрут.

Пакуль працы тут яшчэ не закончаны, патоку турыстаў няма, але сядзіба ўжо не пустуе, наведваюцца сюды і бліжэйшыя суседзі-замежнікі. Пакуль што цалкам гатовы толькі стылізаваны пад даўніну бар у падвале, а ў летні сезон на пляцоўцы каля сажалак для зручнасці наведвальнікаў усталёўваюцца шатры. Гаспадары плануюць да летняга сезона адкрыць гасцініцу.

— Мы вырашылі не здзіўляць замежных гасцей еўрапейскай кухняй, а прапанаваць нашы, спрадвечна беларускія стравы. А яшчэ хочацца ўзнавіць сядзібу такой, каб, знаходзячыся тут, чалавек далучаўся да культуры, якую закладвалі яшчэ спрадвечныя гаспадары, — кажа Аляксандр.

Пакуль мы аглядаем старадаўні дом і наваколлі, маленькі Марк цярпліва сядзіць у таты на руках.

— Яму і трэба будзе ўвасабляць ідэю дзеда далей, характар мужчынскі выхоўваем з дзяцінства, — заўважае бацька.

Да пераемнасці пакаленняў Барташэвічы ставяцца вельмі беражліва. Дарэчы, сям’я ў свой час пазнаёмілася з двума сынамі апошняга гаспадара маёнтка, на жаль, у жывых ужо застаўся толькі адзін з іх.

— Мы ездзілі да іх у Варшаву, яны прыязджалі ў госці да нас, перадалі шмат фатаграфій і важнай інфармацыі аб маёнтку. На гэтай зямлі іх карані — на могілках у Сапоцкіне захаваўся радавы магільны склеп. Казімір напісаў пра Свяцк кнігу, прыемна было чуць, што браты задаволеныя тым, што іх радавое гняздо ў надзейных руках, — распавядае Аляксандр.

У аддаленых ад горада Радзівілках ужо адчуваецца вясна. Журавы і буслы, якія ляцяць на Аўгустоўскі канал, кружаць і над ажыўшай сядзібай. Гледзячы на гэтую спрадвечную вясковую прыгажосць, міжволі задумваешся пра тое, што ў жыцці галоўнае.

— Свет адкрыты для любога з нас, але ці варта бяздумна бегчы за лепшым шчасцем за мяжу, калі і на радзіме можна быць шчаслівым і пакінуць пасля сябе добрую славу для землякоў, — па-філасофску разважае Аляксандр.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter