Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

З розных месцаў паступілі ў рэдакцыю паведамленні пра святкаванне Дня яднання народаў Беларусі і Расіі

Радасць сяброўскіх сустрэч

Гэтыя нататкі пішу, калі калегі з аддзела вёрсткі ўжо стаяць над душою: давай тэксты! Газету пара даводзіць да ладу. А нашы няштатныя карэспандэнты, на жаль, затрымліваюцца. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам працаваць “з калёс”. Дзень у дзень. Але ў суполках, дзе адзначалі Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі, рытм жыцця, пэўна, іншы...  Што ж, агледзім тое, што ўжо маем.

Удзельнікі ўрачыстасці ў Растове-на-Доне


Людміла Дзёміна, кіраўніца суполкі “Нёман” з прыволжскага Тальяці, ведае рытм нашай працы, паспела з допісам у мінулы нумары: тэкст пра свята далі пад загалоўкам “З Днём яднання, сябры!”. Пазней напісаў, таксама з Паволжа, Мікалай Бойка — пра канцэрт-рэквіем “У адзінстве — наша сіла!” у Самары. Гэта быў юбілейны, XV абласны конкурс-фестываль дзіцяча-юнацкага мастацтва “Единство”. Штогод яго ладзіць суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000” з падтрымкаю мясцовых улад, партнёраў напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі. Сёлета ў канцэрта быў не зусім святочны фармат. Чаму? Пра тое даведаецеся з наступнага нумара.

Пра шэраг адметных, з беларускім каларытам падзей апошняга часу ў Растове-на-Доне мы пісалі: “Цёплы вецер з Дона” (ГР, 4.04.2018). Уладзімір Банцэвіч паспеў даслаць здымкі са святочных імпрэзаў да Дня яднання, некаторыя тлумачэнні да іх. Дарэчы, 3 красавіка там, у гарадской Публічнай бібліятэцы, прайшла прэзэнтацыя Беларускай грамадскай бібліятэкі імя Якуба Коласа і Янкі Купалы — першай на Доне!  

Засыпала рэдакцыю здымкамі з святочных дзей у Еўпаторыі — якія дасылае па элпошце па 1-2… — Дзіна Шаўчэнка, старшыня суполкі “Крым — Беларусь”. А што з тэкстам? Зямлячка ў адказ скінула спасылку на інтэрнэт-публікацыю “У Еўпаторыі сабралі “Букет дружбы”. Свята, дарэчы, прайшло ў горадзе па ініцыятыве мясцовых беларусаў чацвёрты раз, сёлета ж адзначае 20-годдзе беларуская суполка. У інтэрнэце мы знайшлі здымак, як напярэдадні Дзіна Рыгораўна запрашае на свята кіраўніцу Еўпаторыі Алесю Харытоненку: апошняя вядзе блог на адным з парталаў. Алеся, ведаем, прыязна ставіцца да беларускіх ініцыятыў, і па яе даручэнні віншаваў удзельнікаў святочнай імпрэзы Сяргей Кутнеў, намеснік старшыні Еўпатарыйскага гарсавета. Для Дзіны Шаўчэнкі свята “Букет дружбы” — асаблівае, яна яго “можна сказаць, нарадзіла” — не проста прыдумала. Яна ж на ім і сцэнарыст, і рэжысёр, для яе гэта “і ўрачыстасць, і справаздача, і экзамен” — бо ў суполкі ж 20-я ўгодкі. Першае свята “Букет дружбы”, у 2015-м, піша яна, сабрала і здружыла людзей розных узростаў, з рознымі лёсамі, характарамі. “Радасць ад такіх шчырых, сяброўскіх сустрэч, цёплыя ўспаміны застаюцца ў сэрцы кожнага з нас надоўга, — дзеліцца зямлячка. — І хоць сам Дзень яднання — свята традыцыйнае, аднак, падаецца мне, варта шукаць цікавыя творчыя хады, не рабіць яго казённым, аднастайным: пасядзелі-пагаварылі-паспявалі… Калі штогод — адно і тое ж, то нікому нецікава!” 

Прыгожа святкавалі Дзень яднання ў Еўпаторыі

Цалкам згодзен! Сапраўды, ну нельга штампаваць такія важныя святы, як кажуць, пад капірку. Як было ў Еўпаторыі? “Слова “яднанне” — ключавое, таму мы й складвалі на свяце сімвалічны Букет Дружбы з белых кветак, — дзеліцца крэатыўнай знаходкай Дзіна Рыгораўна. — Святочную вазу ўпрыгожваюць і флажкі Беларусі ды Расіі. Ставячы сваю кветку ў вазу, кожны выказвае пры тым свае думкі, жаданні. Можа падзяліцца: што канкрэтна зрабіў для ўмацавання такога сяброўства? У дзеі-стварэнні букета ёсць і аповеды ветэранаў, і згадкі пра нашы сустрэчы з Бацькаўшчынай… Прычым гэта — зусім не забаўлянка. Мы прадумваем, хто за кім на ўрачыстасці будзе дадаваць сваю кветку ў “Букет дружбы”. Да свята падключаюцца гледачы, паступова знікае мяжа паміж арганізатарамі, гасцямі, гаспадарамі. На вачах адбываецца яднанне!” 

Дзіна Шаўчэнка, дзелячыся каштоўным досведам, удакладняе: гэтае ўніверсальнае свята можна праводзіць у маленькіх і вялікіх бібліятэках, у офісах нацыянальна-культурных таварыстваў, вялікіх залах, нават на вуліцы, у парку, на плошчы. “Свята — гэта, як вядома, з’ява недаўгавечная, але яно ўдаецца, калі ёсць што ўспомніць, — разважае зямлячка. — Мяркую, ідэя правядзення свята “Букет дружбы” — гэта самае лепшае, што мне ўдалося ў маёй творчай біяграфіі”. Застаецца дадаць, што свята 2 красавіка падрыхтавала і правяла мясцовая Беларуская нацыянальна культурная аўтаномія “Крым — Беларусь” горада Еўпаторыі пры падтрымцы гарсавета, гарадміністрацыі, грамадскага савета горада і Еўпатарыйскага дабрачыння. Свята пачалося ў Зале пасяджэнняў гарсавета, прадоўжылася (з песнямі, танцамі, дранікамі…) церез дорогу: у Цэнтральнай бібліятэцы. На здымках, дасланых у рэдакцыю, і вакальны ансамбль “Крымчанки” спявае песню “Касіў Ясь канюшыну” на беларускай мове, і вакальны ансамбль “Вдохновение” спявае беларускую песню — для ветэрана-вызваліцеля Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Рыгора Сямёнавіча Васільева. Якому, дарэчы, 7 красавіка было 94 гады.

Вялікую святочную праграму, прысвечаную Дню яднання, ладзіла 2 красавіка Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці” — ёй кіруе Любоў Адаскевіч. Яна ж папярэдне даслала праграму свята, запісы песень гуртоў “Чараўніцы” ды “Медуніца”. Паслухаў: прафесійна ўсё зроблена. Свята правялі салідна, з запрашэннем многіх паважаных людзей горада, у Канцэртнай зале Федэрацыі прафсаюзных арганізацый вобласці. На сцэне выступалі нацыянальныя творчыя калектывы, гучалі віншаванні са святам ад запрошаных ганаровых гасцей. Паколькі ж беларуска Любоў Адаскевіч кіруе ў Томску Домам дзяцінства і юнацтва “Факел”, то й на сцэне выступалі пераважна юныя артысты — усяго больш за 160 чалавек! А ў зале сабралася 650 гледачоў, так што свята прайшло з размахам, розгаласам. Зямлячка даслала й відэа — пазней паглядзім.

І на заканчэнне агляду — згадка пра яшчэ адзін крэатыўны ход на шляху ўмацавання беларуска-расійскага сяброўства. Беларусы ў Курганскай вобласці зладзілі 2 красавіка Інфармацыйна-гуманітарную акцыю “Славянская сям’я народаў Зауралля” — яе праграмку даслала нам кіраўніца беларускай суполкі “Батькавщина” Людміла Урванцава, яна ж сябар Кансультатыўнага савета па справах нацыянальнасцяў пры губернатары Курганскай вобласці, сябар прэзідыума Асамблеі народаў Зауралля. Дык вось, акцыю нашы супляменнікі правялі ў глыбінцы, у беларускім сяле Глыбокае Шадрынскага раёна. Там, у фае мясцовага Дома культуры, ладзілася выстава кніг беларускіх аўтараў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама дзіцячай творчасці. На святочнай імпрэзе выступаў ансамбль беларускай песні “Журавачка”, гучалі вядомыя ўсім беларусам песні “Цячэ вада ў ярок”, “Колькі ў небе зор” ды іншыя. У канцы ж імпрэзы, як заведзена здаўна ў славянскіх народаў, было і чаяпіцце, і застольныя спевы, і чарка на пасашок. Такія народныя святы, сапраўды, заслугоўваюць увагі ды падтрымкі.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter