Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з усёй краіны пабывалі на навагоднім Лядовым свяце ў Мінску

Радасць на тварах

Радасна свяціліся вочы Людмілы ды Юрыя Рубанаў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дому сямейнага тыпу з горада Бабруйска: іх сямёра хлопчыкаў ды трое дзяўчынак, ужыўшыся ў ролі фігурыстаў, “выпісвалі” такія піруэты! “Некаторыя ж на канькі сталі ўпершыню, а не баяцца — красуюцца”, — усміхаецца Людміла. Здзіўляць дарослых малыя ўмеюць: штогод ладзяць спектаклі, канцэрты, разыгрываюць сцэнкі, вясёлыя гульні-конкурсы праводзяць. І гэта — адна з пераднавагодніх традыцый у доме Рубанаў, да якой заўжды рыхтуюцца. Дзеці разам з бацькамі ўпрыгожваюць вялікі двухпавярховы дом, ёлку. Ахвотна дапамагаюць маме гатаваць ежу. “Усе мае хлопчыкі ды дзяўчынкі вельмі добрыя кухары, — хваліцца Людміла. — У хлопцаў, якія ўжо ажаніліся, жонкі ўвогуле не гатуюць: сыны ўзялі гэта на сябе. І добра ў іх атрымоўваецца. Смачна!” Кацярына Віткоўская, прыёмная дачка Рубанаў, стала мастачкай, сама ўжо выкладае мастацтва ў Цэнтры творчасці Ленінскага раёна Бабруйска. А 12-гадовы Уладзік так цудоўна шые: талент!

Цікава дзецям у майстэрні Дзеда Мароза і Снягуркі
фота: Кацярына Мядзведская

Шмат гадоў запар перад Новым годам прыязджае гэтая вялікая дружная сям’я ў Мінск на святы, што ладзіць Беларускі дзіцячы фонд. А дабрачыннай акцыі Фонду “Нашы сэрцы — дзецям” споўнілася ўжо 27 гадоў. “Раней бывалі з дзецьмі на экскурсіі ў Нацыянальнай бібліятэцы, на спектаклях у Палацы Рэспублікі, — згадвае Людміла. — Прадстаўнікі Фонду стараюцца пераўтварыць пераднавагодні час у казку, здзівіць і парадаваць гасцей. І мы ім за тое вельмі ўдзячны!”.

На гэты раз праходзіла свята ў Лядовым палацы Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па фігурным катанні на каньках. І паўдзельнічалі ў ім 65 хлопчыкаў і дзяўчынак з 10 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з усёй краіны. На лёд выйшлі й Дзед Мароз са Снягуркай. А пасля прадстаўлення юныя фігурысты, выхаванцы школы, праводзілі для гасцей-аднагодкаў майстар-класы.

“Сёлетняе свята мы зрабілі дынамічным і вельмі эмацыйным, — расказвала мне прадстаўніца БДФ Юлія Капцэвіч. — Хацелася, каб дзеці не проста паглядзелі прадстаўленне-казку, але й паўдзельнічалі ў ёй”. А што задуманае ўдалося — было бачна й па вачах, што свяціліся радасцю, і па разгарачаных, шчаслівых тварах дзяцей. Былі яшчэ шматлікія конкурсы ды гульні, і, канешне ж, падарункі. Цацкі, цукеркі, печыва — усяго было ўдосталь. А падарункі на Новы год рыхтавалі для дзяцей і бацькі-выхавальнікі. “Кожнага хлопчыка і дзяўчынку будзе чакаць пад ёлкай сюрпрыз, — дзялілася планамі Ларыса Калінкіна з горада Кіраўска Магілёўскай воб­ласці. — Ні з чым не параў­нальнае тое пачуццё: бачыць шчаслівую ўсмешку дзіцяці”. Шматдзетная маці казала, што Новы год у іх сям’і — самае чароўнае свята. І падрыхтоўка да яго адпаведная: кожнае з 28 акон упрыгожана папяровымі сняжынкамі, а ўвесь дом — у самаробных шарах ды гірляндах. Дзеці шыюць сабе касцюмы, і ў Навагоднюю ноч пераапранаюцца хто ў Снягурку, хто ў Пятрушку, хто ў вясёлага Гнома. Ужо даўно склалася свая святочная традыцыя і ў гэтым доме: кожны гатуе там сваё асабістае блюда. “Уявіце сабе: чацвёра сваіх і сямёра прыёмных дзяцей — усяго адзінаццаць, — радуецца Ларыса Калінкіна. — Так што адзінаццаць розных страў будзе на святочным стале! Прычым дзеці штораз апрабоўваюць новыя рэцэпты”.

Майстар-клас ад старэйшых сяброў
фота: Кацярына Мядзведская

А яшчэ пад Новы год у кожным з дамоў сямейнага тыпу, якіх па краіне ўжо 276 (і 43 з іх — у праграме “Цёплы дом” Беларускага дзіцячага фонду), сустракалі сваіх “выпускнікоў”. “Дзверы заўсёды адчынены для ўсіх маіх 36 дзяцей, іх мужоў-жонак, дзяцей”, — кажа Людміла Рубан. Больш за 20 дзяцей выпусціла ў вялікі свет і Ларыса Калінкіна, сярод якіх ёсць урачы, педагогі, будаўнікі...

За адным святочным сталом збіраліся пад Новы год 23 чалавекі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў гарпасёлку Плешчаніцы, што ў Лагойскім раёне. Сярод іх як сямёра хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх сёння выхоўваюць Наталля і Віталь Канановічы, так і тыя, хто ўжо са сваімі сем’ямі завіталі на свята ў бацькоўскі дом. “У мяне вялікая дружная сям’я, — прызнаецца Наталля. — Спадзяюся, дзеці скажуць, што й шчаслівая. Вельмі рада, што менавіта так склаўся мой лёс. Я цяпер не толькі шматдзетная маці, але й многаўнукавая бабуля!”.

Лядовае свята ў Мінску было толькі пачаткам акцыі “Нашы сэрцы — дзецям”. З святочнымі праграмамі, падарункамі, добрым настроем прадстаўнікі Беларускага дзіцячага фонду наведвалі дзіцячыя аддзяленні мінскіх бальніц і стваралі там для маленькіх пацыентаў сапраўдную навагоднюю казку.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter