Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Рыма актыўна паўдзельнічалі ў святочных акцыях да Дня Перамогі

Радасць і боль

Актывісты з Міжнароднага культурнага цэнтра “Содружество”, Вучэбна-метадычнага цэнтра “Николай Гоголь”, Асацыяцыі расійскай ды італьянскай моладзі ў Рыме адзначылі 73-я ўгодкі Вялікай Перамогі. У цэнтры італьянскай сталіцы прайшла акцыя “Бессмертный полк” і канцэрт да 9 Мая. Ганаровымі гасцямі былі супрацоўнікі Амбасадаў Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана. У святочным шэсці паўдзельнічалі таксама малдаване ды ўкраінцы, якія жывуць у Рыме, актывісты розных культурных цэнтраў, асацыяцый, школы пры расійскай Амбасадзе.

У час ускладання кветак да мемарыяла Монтэкасіна

Дарадца беларускай Амбасады Уладзімір Васількоў расказваў, наколькі памятнае для ўсіх беларусаў свята 9 Мая, якім коштам дасталася краіне Перамога. Пасля, разам з дачкой, ішоў ён у святочных шарэнгах, нёс партрэты сваіх родных —  удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Завяршыўся той дзень святочным канцэртам, які вяла намесніца старшыні Міжнароднага культурнага цэнтра “Содружество”, член Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС  Беларусі Ніна Пашчанка. Больш за 200 гледачоў было на мерапрыемстве. Малыя і дарослыя падпявалі артыстам вядомыя радкі ваенных песень. У фінале ж усе разам выканалі знакамітую песню “День Победы”.

На наступны дзень святочнае шэсце адбылося на плошчы Esquilino. І зноў тут лунаў сцяг Беларусі. Ніна Пашчанка расказвала, колькі гора для беларускага народа прынесла вайна, колькі гарадоў было разбурана, вёсак спалена да тла... Цяжкія раны атрымала Беларусь, і пра тое памятае наш народ.

Дарэчы, больш за 250 беларусаў загінула ў Другую сусветную вайну пры вызваленні Італіі. 8 мая прадстаўнікі беларускай дыпмісіі пры ўдзеле мэра італьянскага горада Касіна К. М. Д’Аляссандра ўсклалі вянок да мемарыяла Монтэкасіна ў гонар воінаў арміі генерала Андэрса, у якой мужна ваявалі нашы суайчыннікі.

Аліна Немагай

Голас Радзімы № 18 (3570), чацвер, 17 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter