Радасць ад розуму

У Гомелі пяцідзесяці навучэнцам ўручаны прэміі аблвыканкама

У Гомелі ўручаны прэміі аблвыканкама пяцідзесяці навучэнцам школ і ўстаноў прафтэхадукацыі, якія дасягнулі адметных вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці.

— Работа ўлады з моладдзю, — адзначыла старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Марына Бондар, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства (а на сустрэчы з кіраўнікамі абласной улады прысутнічалі таксама бацькі і педагогі юнакоў і дзяўчат, якія дабіліся поспеху), — накіравана перш за ўсё на падтрымку маладых талентаў. Хаця талент, як вядома, толькі на дзесяць працэнтаў забяспечвае поспех, астатняе залежыць ад працавітасці, сілы волі і карпатлівай працы. Вы, быўшы школьнікамі, ужо праславілі Гомельшчыну не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Мы ўскладаем на лаўрэатаў вялікія надзеі, бо заўтра яны стануць цэннымі спецыялістамі, у руках якіх — будучыня нашай краіны...

Дарэчы кажучы, толькі сёлета каманда школьнікаў Гомельшчыны заваявала на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах 86 дыпломаў, гэта другая пазіцыя сярод рэгіёнаў рэспублікі. У ліку сённяшніх «стыпендыятаў» — звонкія імёны: пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па інфарматыцыі і праграміраванні гамяльчанін Генадзь Караткевіч, мазыране Адам Бардашэвіч і Сяргей Кулік, уладальнік двух залатых медалёў Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных Вячаслаў Мурашка з абласнога цэнтра і сярэбраны прызёр гэтага форуму Павел Ліцвінка са Жлобіна, адзначаны на Міжнароднай і рэспубліканскіх алімпіядах па біялогіі ў мінулым і бягучым годзе Уладзімір Грыневіч з Мазыра... На ўрачыстасць прыбылі і «калектыўныя» прадстаўнікі маладой інтэлектуальнай эліты рэгіёна — члены зборнай каманды вобласці, якая стала абсалютным пераможцам на сёлетняй алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі па рускай мове і літаратуры.

Як падкрэсліў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Сяргей Парошын, лёсы адораных дзяцей, за якімі ў рэгіёне ўважліва сочаць, складваюцца пераважна ўдала. Практычна ўсе школьнікі падцвярджаюць глыбокія веды, атрыманыя ў школе, пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі, блізкага і нават далёкага замежжа. І надалей гэтыя маладыя людзі робяць прыкметны ўласны ўнёсак у рэалізацыю сучасных ідэй у эканоміцы, навуцы, культуры і адукацыі.

У рэспубліканскім банку даных адоранай і таленавітай вучнёўскай моладзі сёння ёсць звесткі пра 169 прадстаўнікоў паўднёва-ўсходняга рэгіёна нашай краіны. Усяго ж з часу заснавання прэміі аблвыканкама па падтрымцы адораных і таленавітых дзяцей (з 1997 года) яе атрымалі каля 700 юнакоў і дзяўчат. Імёны сённяшніх узнагароджаных, гэтак жа, як і імёны іх папярэднікаў, будуць занесены ў кнігу-летапіс «Юныя таленты Гомельшчыны».

Аднак на гэты раз кветкі і падарункі атрымалі не толькі галоўныя віноўнікі ўрачыстасці, сярод якіх, дарэчы, аказалася і некалькі імяніннікаў. Прабачце за каламбур, але дарылі ў гэты дзень і самі адораныя. Прадстаўнікам Гомельскага дзіцячага дома — дырэктару ўстановы Марыі Бордак, яго выхаванцам, якія павіншавалі рабят са значнай падзеяй у іх жыцці, ад імя таленавітых і крэатыўных юнакакоў і дзяўчат уручана 60 экзэмпляраў кніг для дзетдомаўскай бібліятэкі.

На здымку: старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Марына БОНДАР уручае прэмію выпускніку СШ № 13 Жлобіна, уладальніку «серабра» Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных Паўлу ЛІЦВІНКУ.

Фота: Ганна ПАШЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter