Радасны пост

У  сераду, 14 лютага, у католікаў лацінскага абраду пачаўся Вялікі пост — час падрыхтоўкі да самага галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня. Для многіх пост — гэта толькі абмежаванне ў ежы, своеасаблівая дыета па рэлігійных матывах.

Першая асацыяцыя, якая можа ўзнікнуць са словам “пост”, — гэта сум, жалоба. Толькі ў Евангеллі словы Хрыста пра пост супрацьлеглыя: “Калі посціце, не будзьце панурыя”. Сапраўды, пасланне Вялікага посту радаснае: “Магчыма, у цябе тысячу разоў не атрымлівалася справіцца з самім сабой, са сваёй цемрай, але тысячу першы раз атрымаецца”. Дзеля гэтага тысяча першага разу неабходна жыць і змагацца з ноччу сваёй душы. Жыць у пастаяннай барацьбе — вось рыса сапраўднага хрысціяніна. Старажытны хрысціянскі знак — стылізаваную рыбу — цяпер некаторыя тлумачаць як намер вучняў Хрыста плыць супраць цячэння, не жыць па інерцыі.

Нам часта хочацца атрымаць ад Бога хуткую духоўную дапамогу, таблетку, якая б у імгненне вырашыла ўсе нашы жыццёвыя праблемы. Парадаксальна, але атрымліваецца, што мы хочам атрымаць падтрымку ад Бога для таго, каб нічога не змяняць у жыцці. Навошта нам тады гэтая падтрымка? Можа, таму ў святынях, малітвах, прыгожых песнях мы шукаем толькі эмоцыі, якія ніяк не ўплываюць на наш светапогляд, жыццёвую пазіцыю.

Мы не любім прадпісанні, бо яны нас абмяжоўваюць. Адначасова мы хочам, каб прадпісанні былі. Таму што тады не трэба самому думаць, браць на сябе адказнасць. Заданне з карысцю для сябе перажыць Вялікі пост для нас таксама можа быць нейкім прадпісаннем. Цяпер у заходнім хрысціянстве ўжо няма строгіх абмежаванняў адносна таго, што можна есці ў Вялікі пост. Гэта перыяд інтэнсіўнай рэфлексіі над сваім жыццём, час, каб стаць больш адказнымі, навучыцца не патураць усім сваім жаданням. Такое разважанне патрабуе большай цішыні, стрыманасці.

Дапамогуць нам у гэтым галоўныя ўчынкі хрысціяніна — пост, малітва і міласціна. Больш за тое, кожны сам можа задумацца, якую сферу жыцця неабходна ўпарадкаваць, з чым ёсць праблемы. Так мы выберам сабе, чым напоўнім перыяд посту, — ад чаго на гэты час адмовіцца і чаму больш прысвяціць свае сілы. Хтосьці пачне з таго, што перастане спазняцца, будзе пазбягаць брыдкіх слоў. Хтосьці навучыцца мудра планаваць свой дзень, каб больш праводзіць часу з сям’ёй.

Вочы хрысціяніна глядзяць у будучыню з надзеяй на перамогу Хрыста над злом. Падчас Вялікага посту гэта позірк на Хрыстовае ўваскрэсенне — Вялікдзень.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter