Набліжаюцца зімовыя святы, у тым ліку адна з галоўных хрысціянскіх урачыстасцей — Божае нараджэнне (Раство)

Радасная цішыня святкавання

Набліжаюцца зімовыя святы, у тым ліку адна з галоўных хрысціянскіх урачыстасцей — Божае нараджэнне (Раство)
Набліжаюцца зімовыя святы, у тым ліку адна з галоўных хрысціянскіх урачыстасцей — Божае нараджэнне (Раство). Кожнаму святу павінна папярэднічаць падрыхтоўка, якая дазволіць стварыць адпаведны настрой і паспрыяе таму, каб святкаванне не было змарнавана. Перыяд падрыхтоўкі да Божага нараджэння ў Рымска-каталіцкім Касцёле называецца Адвэнтам.

Калі б хтосьці паспрабаваў стварыць вобраз хрысціянства, вобраз Касцёла ці Царквы, абапіраючыся толькі на тое, што паказваюць на сярэднестатыстычным канале тэлебачання, то аказалася б, што хрысціяне рэгулярна нешта святкуюць. Гэта быў бы вобраз людзей, якія час ад часу садзяцца за святочны стол, узаемна віншуюць сябе з нечым, а потым некаторыя з іх ідуць у касцёл ці царкву. Калі б такі вобраз адпавядаў рэчаіснасці, то такое хрысціянства не магло б натхняць тысячы мастакоў, пісьменнікаў, музыкантаў і іншых людзей мастацтва да стварэння таго мноства шэдэўраў культуры, якія прасякнуты хрысціянскім духам. Калі сустрэча з Хрыстом — гэта толькі яшчэ адна нагода для святкавання, то ў такім хрысціянстве няма глыбіні.

Магчыма, таму літургічным святкаванням папярэднічаюць перыяды доўгай падрыхтоўкі. Для католікаў перад Божым нараджэннем такім перыядам з’яўляецца Адвэнт. Часам і падрыхтоўка да свята для людзей больш цікавая за само святкаванне. Можна сказаць інакш: падрыхтоўка да нейкай падзеі пашырае святкаванне, цалкам напаўняе асобу чалавека. Закаханыя доўга рыхтуюцца да дня шлюбу і вяселля, а потым працяглы час прагнуць быць адны, святкаваць далей. Калі ўсё добра падрыхтавана, то маладыя не павінны і проста не могуць жыць пасля вяселля так, як быццам нічога не змянілася ў іх жыцці.

Урачыстасць Божага нараджэння — успамін таго, як Бог стаў чалавекам і не перастаў быць Богам. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, каб чалавек мог наблізіцца да Бога. Кожнае святкаванне — гэта не толькі ўспамін. Хрыстос зноў і зноў нараджаецца ў сэрцы чалавека, калі ў гэтым сэрцы ёсць месца для Божага Сына. Месца для Месіі знайшлося ў цішыні Віфлеема. Можа, у маім сэрцы Хрыстос у святочны дзень знойдзе спакойную і радасную цішыню?

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter