Радаўніца — паяднанне роду

Пахавальна-памiнальныя абрады стваралі цэласную сiстэму i мелі строгую ўпарадкаванасць і паслядоўнасць. Пасля смерцi чалавека абавязкова адзначалі пэўныя рытуальныя днi: трацiны, дзевяцiны, саракавiны (сарачыны), угодкi. Пасля года найбольш значнымi вехамi людской памяцi станавіліся Радаўнiца i восеньскія Дзяды.Ранiцай на Радаўніцу гаспадыня як звычайна завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой ільняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню. Прыгатаванне праходзіла ў абстаноўцы спакою і перапаўняючай цішыню ўрачыстасці, з пачуццямі гордасці і павагі адзін да аднаго і да свайго роду. Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках усе разыходзiлiся да “сваіх” магiл.

Часцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні — у так званую Жывую Радаўніцу,  або за некалькі дзён да вызначанага аўторка. Іх абкладвалі новым дзёрнам, пасыпалі свежым жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалi белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок — калі жанчына,  прымацоўвалі белы вянок — калі дзяўчына. Яшчэ і яшчэ раз нагадваем адзiн з найбольш важных пастулатаў народнай педагогiкі: капаць зямлю да Радаўнiцы было нельга, бо на гэта продкi яшчэ не далі згоды. Спачатку прыводзілі да ладу магiлы памерлых родных i толькi потым браліся ладзiць справу ў сваёй гаспадарцы.
(Заканчэнне будзе.)
Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну.
Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было  на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне. Каля кожнага крыжа ці помніка ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі-перакрывалі лустай хлеба, адно (!) чырвонае велікоднае яйка (толькі не свянцонае), шматок сала ці дамашняй  каўбасы, адно (!) дамашняе пячэнне, адну (!) цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца “разрывам”, “раз’яднаннем”, вызначальным сімвалам з’яўляецца няцотнасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter