Радаўніца — паяднанне роду

Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну.Але перш чым пачаць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне. Каля кожнага крыжа ці помніка ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі-перакрывалі лустай хлеба, адно чырвонае велікоднае яйка (толькі не свянцонае), шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно дамашняе пячэнне, адну цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца “разрывам”, “раз’яднаннем”, вызначальным сімвалам з’яўляецца няцотнасць.

(Заканчэнне. Пачатак у № 77.)

Абавязковым быў абрад “хрыстосавання з мёртвымi”. Для гэтага гаспадыня (а ў некаторых выпадках гэта рабілі дзеці) брала велiкоднае яйка i качала яго крыж-накрыж па насыпу. Затым прама на прыбраную магiлу левым бокам рассцiлаўся абрус, на яго ставiлася куцця з запаленай свечкай i ўсе астатнiя стравы, кожнай з якiх трэба было патрошкi адкласцi нябожчыку.
Пасля гэтага па добрай славянскай традыцыі па кругу пускалі памінальную чарку (гаспадыня брала з сабой дзве чаркі — адну ставілі нябожчыку, другая павінна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могілкі) з гарэлкай. У чарку налівалася пітво і перадавалася самаму  старэйшаму сярод прысутных. Трэцюю частку пітва той спачатку адліваў на магілу (зноў-такі: перш чым сабе — продкам), сярэднюю (таксама трэцюю частку) выпіваў сам, апошнюю частку — “слязу” —  абавязкова пакідаў на дне. Затым чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросце родзічу (ад старэйшых да маладзейшых, але толькі жанатых людзей!). І гэты чалавек дакладна паўтараў асноўны прынцып ўзгаданага этыкетнага правіла. Так чарка-чара хадзіла па кругу тройчы. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны напой, то тое, што заставалася на дне — так званыя “слёзы”, зноў-такі вылівалася на магілу.
У эстафету родавай памяці ўключаўся і яшчэ адзін атрыбут — асвячонае ў храме яйка.  Рытуальная надмагільна-хаўтурная трапеза  распачыналася тым, што адно свянцонае яйка дзялілася на столькі  кавалачкаў, колькі чалавек  сабралася вакол магілы, і кожны з прысутных браў сваю долю.
Вось ён — фундаментальны прынцып славянскай культуры, пастаянна падмацоўваемы нязгаснай традыцыяй: працаваць, дык гуртам, талакой, святкаваць —  родам-карагодам, спяваць — хорам, дзяліць бяду — між усімі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter