Раіса БАРАВІКОВА: “Жыву, як з аблачынкай на плячы”

Раісу Баравікову, паэтку, празаіка, лаўрэата літаратурных прэмій, галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” беларускаму чытачу прадстаўляць няма патрэбы: Раіса Андрэеўна — адна з прыкметных фігур у сучасным айчынным літаратурным працэсе і ўвогуле ў культурным жыцці нашай краіны. 11 мая выдатная пісьменніца перасягне мяжу 60-годдзя. Я запыталася ў яе, які паэтычны радок найбольш адпавядае яе сённяшняму ўнутранаму стану. — Напэўна, гэта радок з майго ўласнага верша, што я некалі напісала, — адказала Раіса Андрэеўна. — Ён гучыць так: “Жыву, як з аблачынкай на плячы...”. Я не адчуваю свае гады як цяжар, наадварот — як аблачынку, што яшчэ нясе мяне ў маю далеч, дзе шмат творчых задум, шмат спадзяванняў на тое, каб мець і свайго чытача, і цікавасць да сваіх твораў, і самую звычайную жаночую радасць — шчасце жонкі, маці, каб усё было добра ў дзяцей, унучкі...

“У кожным нумары “Маладосці” ёсць адкрыццё”
— Раіса Андрэеўна, вы — галоўны рэдактар аднаго з найбольш запатрабаваных у нашай краіне літаратурных часопісаў. Якіх поспехаў дасягнуў рэдакцыйны калектыў “Маладосці” за апошнія гады?
— Мне даводзілася шмат дзе працаваць на працягу жыцця, — успамінае Раіса Баравікова. — Як і многія мае калегі, пачынала я з рэдакцыі раённай газеты —  працавала ў быхаўскай раёнцы. Потым была праца ў штотыднёвіку “ЛІМ”, у жаночым часопісе “Алеся”, у “Чырвонай змене”. Азіраючыся на гэты шлях, не магу не заўважыць, што тыя апошнія пяць гадоў, што я працую ў часопісе “Маладосць”, былі ў маім жыцці, напэўна, самымі цікавымі.
Я ўпэўнена, што кожны літаратар павінен працаваць у літаратурным выданні. Калі пісьменнік працуе ў літаратурным выданні, ён узнімаецца на новы ўзровень успрымання літаратуры — пачынае думаць не толькі пра сваю творчасць, а пра ўвесь літаратурны працэс, клапаціцца пра тое, каб наша літаратура паўставала перад чытачом больш цікавай, прафесійнай, каб яна развівалася ў рэчышчы сучаснай сусветнай літаратуры, арганічна ўлівалася ў літаратурны працэс і магла спаборнічаць з літаратурамі свету... І для мяне як для пісьменніцы пяць гадоў работы ў “Маладосці” сталі надзвычай плённымі, пладатворнымі, працавалася мне з вялікім жаданнем, імпэтам.
Праца ў “Маладосці” не дазваляе замкнуцца ў нейкіх уласных думках, састарэць душою. У часопісе друкуецца шмат літаратурнай моладзі. А малады аўтар — гэта заўсёды адкрыццё, нечаканасць. Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што ў кожным нумары “Маладосці” ёсць адкрыццё. Не даюць апускаць планку і людзі, з якімі даводзіцца працаваць: і Алесь Наварыч, і Андрэй Сідарэнка, трошкі ранней працаваў у часопісе і Алесь Бадак. Гэта як раз тое пакаленне саракагадовых пісьменнікаў, на чыіх плячах — увесь цяжар і радасць развіцця нашай сучаснай літаратуры.
“Маладосць” — гэта і шматгадовыя традыцыі, як сёння кажуць, брэнд: менавіта гэты часопіс абіралі для сябе такія волаты нашай літаратуры, як Быкаў, Караткевіч, каб упершыню прадставіць чытачу свае творы. На працягу існавання часопіса яго рэдагавалі слынныя, знакамітыя, таленавітыя нашы пісьменнікі — Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Пімен Панчанка. У рэдакцыі “Маладосці” працавалі Алесь Жук, Янка Сіпакоў, Леанід Дайнэка, незабыўная Жэня Янішчыц.
 Цяперашняя “Маладосць” імкнецца не згубіць традыцыі і адначасова не адставаць ад жыцця. “Маладосць” памяняла свой знешні выгляд — цяпер гэта сучасны глянцавы часопіс, якім, дарэчы, захапляюцца літаратары, што прыязджаюць у нашу краіну з Расіі, Украіны. Выходзіць часопіс у часопісы “Фантаст”, неўзабаве з’явіцца і яшчэ адзін дадатак — “Першацвет”. У ім мы плануем прадстаўляць літаратурныя аб’яднанні, якіх вельмі шмат існуе ў нашай краіне — пры школах, іншых навучальных установах, бібліятэках.
“Года к суровой прозе клонят”
— Але большасці нашых суайчыннікаў Раіса Баравікова вядома не як галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, а як паэтка і пісьменніца. З якімі творчымі набыткамі прыйшлі вы да юбілею?
— Апошнія гады, як я ўжо казала, у творчасці для мяне аказаліся на дзіва плённымі. Праўда, не так багата пісала я паэзіі. Як сказаў некалі Пушкін, “года к суровой прозе клонят”. Апошнімі гадамі я з задавальненнем працую ў жанры прозы. Напісала кнігу для падлеткаў “Казкі астранаўта. Касмічнае падарожжа беларусаў”. Яна была выдадзена і знайшла чытача. Была таксама напісана кніга апавяданняў “Вячэра манекенаў”. Кніга гэта выйшла тыражом 3 тысячы экземпляраў і карысталася попытам. Прыемнымі былі і водгукі ў друку. І як творцу мяне гэта  проста заклікае да новай работы. Цяпер я працую над новай кніжкай для падлеткаў “Казкі з гербарыя”. Напісалася фантастычна-гістарычная аповесць для падлеткаў “Казімір, сын Ягайлы, плюс Насця з 8 “Б” раўняецца сэрца, пранізанае стралою” — гэта ўсё запісваецца як формула. Да аповесці ўжо ёсць пэўная цікавасць — урывак з яе я надрукавала ў “Настаўніцкай газеце”. Вершы пішуцца таксама, але я лічу, што ў паэзіі тое лепшае, што я магла зрабіць, мною ўжо зроблена. Дарэчы, днямі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў сігнал майго зборніка вершаў “Дрэва для райскай птушкі”. Кніга цудоўна аздоблена, і мне б хацелася, каб яна знайшла свайго чытача. Сёння ў мяне шмат творчых задум, толькі вельмі хочацца, каб удалося іх здзейсніць.
Фізік і лірык — гарманічны саюз
— Акрамя таго, што вы дзеяч культуры, вы яшчэ і жонка, маці, бабуля...
— Я ніколі не блытала такія вельмі важныя для мяне паняцці, як работа, творчасць і сям’я. У маім жыцці яны заўсёды існавалі паралельна. За рабочым сталом я  — творца, у сваім кабінеце — галоўны рэдактар, а дома, як ва ўсіх жанчын, у мяне ёсць абавязкі перад мужам і дзецьмі. Мой муж да творчасці адносіны мае толькі як першы чытач маіх твораў. Ён — навуковец, камп’ютэршчык,  займаўся камп’ю-тэрамі яшчэ тады, калі яны існавалі ў выглядзе ЭВМ на палову агромністага пакоя. Камп’ютэршчык ён прыроджаны, пра яго гавораць, што камп’ютэр ён адчувае рукамі. Ведаеце, фізік і лірык — гэта гарманічны саюз. Кепска ўжываюцца два творцы...
У мяне сын і дачка. Сын займаецца маркетынгам, дачка — навукаю. У свае 24 гады яна паспела скончыць радыётэхнічны універ-сітэт і неўзабаве будзе абараняць магістранцкую дысертацыю. У яе цяга да навукі, і як маці я гэтым вельмі задаволена. Сын старэйшы за дачку на 10 гадоў. Ёсць у мяне і ўнучка Ліза, ёй ужо два гады. Бабуліны казкі пакуль што не чытае — ёй яшчэ рана...


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter