Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў, які праходзіў у “Раўбічах”, стаў адным з самых маштабных юніёрскіх турніраў у гісторыі гэтага віду спорту. Але ўнікальнасць яго не толькі ў лічбах.

“Раўбічы” пацвердзілі клас

Дзясяткі тысяч гледачоў, некалькі сотняў удзельнікаў і геаграфія ад Фінляндыі да Новай Зеландыі… Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў, які праходзіў у “Раўбічах”, стаў адным з самых маштабных юніёрскіх турніраў у гісторыі гэтага віду спорту. Але ўнікальнасць яго не толькі ў лічбах. 

“Raubichi” sports complex
Спарткомплекс “Раўбічы”

Для беларускага спарткомплексу гэты чэмпіянат ужо не першы. Больш за тое, сама гісторыя “Раўбічаў” пачынаецца з біятлона. У далёкім ужо 1990 годзе менавіта для правя-дзення першага на тэрыторыі СССР чэмпіянату свету — па біятлоне — і быў пабудаваны комплекс, які стаў у далейшым калыскай усяго зімовага спорту краіны. Лепшыя спартсмены свайго часу спаборнічалі тут яшчэ двойчы. Выходзілі на старт і іх юныя калегі. Гісторыя багатая, але цяперашнія спаборніцтвы ўсё роўна ўмудрыліся адгарнуць у ёй новую старонку. І зноў — дзякуючы “Раўбічам”. Напярэдадні турніру добра патрапаны за 25 гадоў комплекс перажыў рэканструкцыю. Настолькі маштабную, што, вярнуўшыся сюды ўпершыню пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы 2004 года ўжо ў ролі трэнера зборнай, паляк Тамаш Сікора не мог стрымаць здзіўлення.

— Я, вядома, чуў, што тут многае змянілася. Але нават падумаць не мог, што настолькі моцна. “Раўбічы” не пазнаць. І ў сваім ранейшым выглядзе гэта быў вельмі добры комплекс, а цяпер у мяне няма слоў, каб апісаць убачанае. Думаю, у Еўропе знойдзецца няшмат роўных аналагаў.
Словы Сікоры ў рознай інтэрпрэтацыі ў дні спаборніцтваў паўтаралі практычна ўсе госці. Многія з іх нават паспелі дамовіцца з кіраўніцтвам “Раўбічаў” аб правядзенні тут трэніровачных збораў. Аднак больш за ўсё арганізатараў і журналістаў цікавіла меркаванне афіцыйных асобаў. Тых, з кім Беларусь звязвае свае планы на будучыню — вярнуць у “Раўбічы” сапраўды вялікі біятлон. Планы гэтыя, дарэчы, цалкам рэальныя. Рэйс-дырэктар Міжнароднага саюза біятланістаў Франц Бергер аб перспектывах атрымання Беларуссю кубкавага этапу або чэмпіянату свету адгукаўся выключна ў пахвальных тонах. Першы віцэ-прэзідэнт IBU Віктар Майгураў у мінус спарткомплексу ўнёс толькі недастаткова ўмяшчальныя і зручныя трыбуны, што, па перакананні дырэкцыі, пры неабходнасці лёгка выпраўляецца. А адзін з самых аўтарытэтных у свеце біятлона людзей — расіянін Віктар Ціханаў, які перамагаў у “Раўбічах” яшчэ на самым першым чэмпіянаце свету, нават абяцаў беларускай заяўцы ўсялякае садзеянне. Праўда, нават у самым лепшым выпадку дарослы чэмпіянат свету прыедзе ў Мінск не раней за 2021 год — каляндар ужо распісаны. Але і да гэтага тэрміну, як паказалі нядаўнія юніёрскія баталіі, пуставаць мясцовыя схілы не будуць. 

Удзельнікі і чэмпіёны

Юніёрскія спаборніцтвы ў біятлоне — гэта заўсёды цікава. У свеце не так шмат відаў спорту, дзе пераход на дарослы ўзровень ажыццяўляецца гэтак імкліва, а працэнт “маладзёжных” чэмпіёнаў, якія папоўнілі ў далешым сваю калекцыю “дарослымі” ўзнагародамі, такі ж вялікі. Да 100 працэнтаў, вядома, не дацягвае, і страт па дарозе біятлон таксама ведае нямала, але прадказаць па юніёрскіх стартах граматны спецыяліст можа вельмі многае. Таму што ў адрозненне ад прагрэсуючых спартсменаў Бразіліі, Аўстраліі або Новай Зеландыі, якія ўсё яшчэ застаюцца экзотыкай у біятлоне і якіх трыбуны ў “Раўбічах” падтрымлівалі ўжо хоць бы за старанне, у выхадцаў з традыцыйна “біятлонных” краін нават у нефарсіраваным рэжыме работы на перспектыву парода праглядаецца нават з трыбун. Так яшчэ ў самым пачатку кар’еры вялікую будучыню прадказвалі нарвежцам Олі-Эйнару Б’ёрндалену і Тар’ею Бо, французу Мартэну Фуркаду і, вядома, Дар’і Домрачавай, якая не раз падымалася на юніёрскія п’едэсталы. Падобныя “масткі” галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Андрыян Цыбульскі рэкамендуе пера-кідваць асцярожна. У ранейшыя гады імкненне ў што б там ні было“даць вугалю” з самага старту каштавала кар’еры не аднаму таленавітаму беларускаму атлету. Але пры іншых роўных карціна складваецца цалкам выразная. І таму наўрад ці, напрыклад, згубіцца на шляху ў асноўную зборную нарвежка Інгрыд-Ландмарк Тандрэволд, якая заваявала ў “Раўбічах” аж 4 медалі. Варта запомніць імя расійскага “мультымедаліста” Аляксандра Дзядзюхіна, францужанкі Лены Арно ці ўкраінкі Юліі Журавок, якая паразіла ў “Раўбічах” усе 60 мішэняў у чатырох гонках. І, улічваючы ўзровень канкурэнцыі ў сучасным біятлоне, зусім не бравадай бачыцца няпэўнае “час пакажа, хто лепшы” аднаго з суаўтараў французкага “срэбра” ў юніёрскай эстафеце Эмільена Жакліна ў адказ на пытанне аб яго перспектывах у саперніцтве з Фуркадам і Жанам Гіёмам Беатрыксам. Рассудзіць гэтую спрэчку пакаленняў можа, сапраўды, толькі час, і далёка не факт, што пераможцамі ў гэтай спрэчцы выйдуць цяперашнія зоркі этапаў Кубка свету.

Belarusian Darya Blashko won the sprint race at the Junior World Championship in biathlon
Беларуска Дар`я Блашко выйграла спрынт на ЮЧМ па біятлоне. Фото БелТА

Беларускае “золата”

Перамагчы дома заўсёды прыемна. І таму, усяляк падкрэсліваючы непрымальнасць фарсажу ў рабоце з моладдзю, і трэнеры, і спартсмены беларускай каманды ў рэшце рэшт згаджаліся: медалі прыйшліся б дарэчы. Каб зразумець, наколькі “дарэчы”, дастаткова было паглядзець на твар старшага трэнера зборнай дзяўчат Уладзіміра Махлаева, які змяніўся і пасвятлеў пасля фінішу спрынтарскай гонкі. У ёй 19-гадовая Даша Блашко, якая віхурай праляцела па трасе, упершыню паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала, даказаўшы, што, на злосць усім скептыкам, будучыня ў беларускага біятлона ёсць. І няхай у гонцы праследавання Даша ўпусціла верны медаль, Уладзімір Махлаеў пра будучыню сваіх падапечных гаварыў з аптымізмам:

— Найважнейшы вынік гэтых перамог у тым, што цяпер усім, хто мае дачыненне да паказанага выніку, будзе прасцей аргументаваць і адстойваць свае пазіцыі. Пачынаючы з трэнерскіх пытанняў і заканчваючы фінансаваннем. Гэта ж таксама немалаважна: усе ўбачылі, што ў нас ёсць спартсменкі, якія пры належнай увазе і падтрымцы здольныя канкурыраваць і перамагаць на сусветным узроўні. Ці вось рэгіёны. Даша Блашко — віцебская, Аня Сола — наваполацкая. Цяпер, я спадзяюся, маладым перспектыўным спартсменам там будзе намнога прасцей з належнай падрыхтоўкай да старту...

Словы трэнера дзяўчаты пацвердзілі тым, што ў апошні дзень юнацкіх спаборніцтваў упершыню ў гісторыі беларускага біятлона ў бліскучым стылі выйгралі эстафету. Чакаем працягу!

Наша Даша

Чэмпіянат свету сярод юніёраў стаў сапраўдным бенефісам Дар’і Блашко. Гэты тыдзень для дзяўчыны з Наваполацка ўмясціў у сябе хваляванне, перамогу, стральбу па чужых мішэнях, якая каштавала вернага медаля, і, нарэшце, паўтор трыумфу ў складзе эстафеты. Не дзіўна, што паралелі з трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай Дар’яй Домрачавай балельшчыкі і журналісты пачалі праводзіць яшчэ пасля залатога спрынту. Пасля кур’ёзу ў праследаванні, дзе Блашко, у рэжыме кулямёта закрыўшы ўсе мішэні на суседняй устаноўцы, паўтарыла “подзвіг” сваёй знакамітай цёзкі, асацыяцыі сталі яшчэ больш трывалымі. І таму яшчэ больш хочацца, каб у будучыні ў яе ўсё атрымалася не менш паспяхова. Юнацкія ўзнагароды не абяцаюць абсалютна нічога, але, паводле слоў трэнераў, патэнцыял у дзяўчыны вельмі добры. А сама яна, дарэчы, сваё месца ў сузор’і сусветнага біятлона ацэньвае цалкам адэкватна.

The team of Belarus won in the girls’ relay race at the Junior World Championship in biathlon
Каманда Беларусі перамагла ў эстафеце. Фото БелТА

— Домрачава? Думаю, не варта рабіць такіх параўнанняў. Даша — вялікая спартсменка, а я знаходжуся толькі ў пачатку свайго шляху. Гадоў шэсць толькі займаюся біятлонам, у які перайшла з лыжных гонак. А два гады назад на чэмпіянаце свету ў Аберцілахе і зусім правалілася. Ён у гарах быў, а я аказалася не гатовая да тых умоў. 

“Золата” чэмпіянату свету ў “Раўбічах” — не адзіная за апошнія некалькі тыдняў перамога Блашко. І ўжо сапраўды не выпадковая. На адборачным чэмпіянаце краіны яна выйграла ўсе чатыры гонкі, а да гэтага стала чэмпіёнкай краіны і ў летнім біятлоне. Хто тут скажа пра выпадковасць поспеху? У рэшце рэшт, нездарма ж усім дэтэктывам і жаночым раманам Дар’я аддае перавагу мемуарам вялікага нарвежскага біятланіста Олі-Эйнара Б’ёрндалена…

Дзмітрый Камашка

Сяргей Булыгін, алімпійскі чэмпіён, чатырохразовы чэмпіён свету

— Параўноўваць чэмпіянаты 20-гадовай даўнасці і цяперашнія спаборніцтвы не так і складана. Сёння шмат гавораць аб тым, што біятлон змяніўся. Маўляў, бегчы ўмеюць усе і ўзровень канкурэнцыі вырас у разы. Гэта так, але перабольшваць сітуацыю ўсё ж не варта. Так, з тых часоў, калі я сам выходзіў на старт, многае змянілася, але, паверце, пешшу чэмпіянат свету было немагчыма выйграць ні тады, ні цяпер. І таму юнацкія і юніёрскія медалі маюць вельмі вялікае значэнне. Так, яны нічога не гарантуюць, але на чэмпіёна або прызёра чэмпіянату свету абавязкова звернуць увагу. Тыя дзяўчаты, якія паднімаліся на п’едэстал у “Раўбічах”, напэўна, будуць працаваць разам з нацыянальнай зборнай, трапляць на этапы Кубка IBU… Можна разлічваць і на Віктара Крыўко, і на Максіма Вараб’я. Цяпер склалася вельмі цікавая сітуацыя: у нейкай меры ўвесь наш від спорту здае тэст на пераканаўчасць. Клуб біятлона зрабіў усё, каб гэтыя спартсменкі з’явіліся і дараслі да медалёў. Цяпер іх трэба захаваць і весці далей…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter