"Прыярытэт свайго, роднага, не азначае нацыянальнай iзаляванасцi"

Сёння ў Маскве зазiхацiць трэцяя зорка — зорка трыумфу беларускай эстрады. Сёння ў культуры народаў Беларусі і Расіі адбудзецца падзея значная і знакавая. Знакавая таму, што зорка ў гонар славутага нашага земляка маэстра Фінберга на плошчы Зорак у Маскве будзе закладзена якраз у дні адкрыцця года культуры Беларусі ў Расіі,чым адзначаецца вялікі ўклад дырыжора і кіруемага ім музычнага калектыву ва ўмацаванне адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Зорка, што сёння з’явіцца на плошчы Зорак, 75-я па ліку і трэцяя ў гонар беларускіх майстроў культуры. Ігар Лучанок, Уладзімір Мулявін, а цяпер — народны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву, Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі, Міхаіл Фінберг. Сапраўды, Бог тройцу любіць.
Напярэдадні падзеі наш карэспандэнт сустрэўся з Міхаілам Якаўлевічам. Пад акампанемент тэлефонных трэляў, удакладненняў, узгадненняў перад паездкай у Маскву праходзіла размова. Маэстра пачаў з таго, што... — Хоць гэта зорка імянная, яна адзначае працу ўсяго калектыву, тых, з кім я крочыў побач 17 год, колькі існуе аркестр, а таксама ўклад у агульную справу кампазітараў, паэтаў і, хачу гэта падкрэсліць, журналістаў, якія падтрымлівалі і папулярызавалі нашы пачынанні. — А ўспомніце, Міхаіл Якаўлевіч, як той-сёй іранізаваў, калі цяпер ужо ў далёкім 1992 годзе маладая тады газета “Рэспубліка” і аркестр падпісалі дагавор аб садружнасці. Маўляў, гэта перажыткі саўковасці... — Але аказалася, што не трэба руйнаваць “до основания” тое карыснае, што будавалася гадамі. Не трэба “сбрасывать с корабля истории” тое, што рухае той карабель наперад. Грамадства пачынае гэта ўсведамляць. Нездарма выпрацоўку ідэалогіі, выхаваўчую работу, якая абапіраецца ў тым ліку і на лепшае, што было ў мінулым, Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка лічыць надзвычай важнымi складаль-нiкамi стратэгіі дзяржаўнага будаўніцтва. — У такім разе як вызначае стратэгію творчага калектыву, якім кіруе, маэстра Фінберг? — У самым пачатку быў вызначаны магістральны напрамак аркестра: беларуская музыка і беларускае слова. Гэтаму напрамку, як вы ведаеце, мы былі верныя ўсе гады. Немагчыма ў інтэрв’ю пералічыць усе імпрэзы, прысвечаныя беларускай музыцы. Безліч прэм’ер! Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, цыкл “Славутыя імёны Беларусі”, цяпер ужо знакамітыя фестывалі камернай музыкі, чараду якіх адкрылі “Музы Нясвіжа”. Я прытрымліваюся простых і натуральных высноў — дзяржава толькі тады будзе самастойнай і суверэннай, калі мае сваю мову і сваю культуру. Прыярытэт свайго, роднага, зусім не азначае нацыянальнай ізаляванасці. З крыніц сусветнай культуры аркестр чэрпае поўнай мерай. Мы іграем музыку розных стыляў і напрамкаў — ад джаза да класікі. Дзякуючы шырокай эрудыцыі і прафесіяналізму аркестр запрашаюць да ўдзелу у самых прэстыжных праектах: міжнародных конкурсах і фестывалях, “Еўрабачанні”, “Славянскім базары”, на якім салісты аркестра заваёўвалі самыя высокія месцы, у тэлепраектах расійскіх каналаў “Угадай мелодыю”, “Ступень да Парнаса”, “Песня года”, у творчых вечарах самых яркіх зорак ра-сійскай эстрады. Большасць з іх далі згоду прыняць удзел у канцэрце аркестра, які адбудзецца ў зале “Расія” ў дзень закладкі зоркі, за што я ім вельмі ўдзячны. — Успамінаю, як у адной нашай размове вы, як бы вызначаючы галоўнае ў сваім жыцці, сказалі: “Музыка — гэта не толькі прафесія, гэта — лёс. Я палюбіў, люблю і, думаю, буду заўсёды любіць музыку. Гэта галоўнае ў нашай прафесіі — любіць. І самае страшнае — разлюбіць. Музыкант робіцца рамеснікам. Тады – музыцы смерць”. За гады вы не перамянілі думку? — Іначай ці стаў бы я працаваць па дванаццаць гадзін у суткі? Мучыцца над новымі праектамі, ламаць галаву над тым, дзе здабыць грошы, як дапамагчы артыстам у іх бытавых турботах, трэсціся ў аўтобусе, перакрываючы за суткі дарогу да Масквы і назад? — Тады адкажыце на пытанне, якое некалі задаваў сваім артыстам адзін вялікі рэжысёр: чым будзем здзіўляць? Чым жа будзе здзіўляць слухачоў у бліжэйшы час заслужаны калектыў — Дзяржаўны канцэртны аркестр пад вашым кіраўніцтвам? — Натуральна, што сезон праходзіць пад знакам вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы. Падрыхтавана вялікая праграма “Песні Перамогі”, у якой гучаць лепшыя песні, створаныя ў час вайны і ў пасляваенныя гады. Гэта своеасаблівая анталогія патрыятычнай песні. У праекце асаблівае месца займае блок песень “Через всю войну” Уладзіміра Муля-віна — даніна памяці вялікаму песняру. Дарэчы, на цырымоніі закладкі яго зоркі на плошчы Зорак прагучаў наш сумесны з “Песнярамі” праект. Да сям’і камерных фестываляў, якія «прапісаліся» ў малых гістарычных гарадах Беларусі, далучаецца новы — у Навагрудку, горадзе, які ў старажытнасці быў сталіцай Беларусі, дзе нарадзіўся і жыў волат сусветнай паэзіі Адам Міцкевіч. І яшчэ з’явіцца, на наш погляд, вельмі важны праект. Для прафесійнай падрыхтоўкі маладых выканаўцаў эстраднай песні на базе аркестра распачынае работу прадзюсерскі цэнтр, які ўзначальвае вядомы кампазітар Алег Елісеенкаў. Спадзяёмся, што новыя зорачкі зазіхацяць у цыкле “Анталогія беларускай песні і паэзіі”, які аб’яднае беларускіх тварцоў ад “А” да “Я”. — Ад імя ўсёй “Рэспублікі” хачу шчыра павіншаваць вас, маэстра, з заслужанай ганаровай адзнакай. Будзем спадзявацца, што і надалей “Рэспубліка” і Дзяржаўны канцэртны аркестр, як вы некалі трапна зазначылі, будуць “крочыць пад адным парасонам”. Размаўляла
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter