"Дзiкiя танцы"

Стамбульскія ўрокі для беларусаў у Кіеве. Міжнародны конкурс “Еўрабачанне-2004” завяршыўся днямі ў Стамбуле. Па выніках глядацкага галасавання (па падліках спецыялістаў у прамым эфіры за ходам конкурсу назіралі 10 мільёнаў чалавек з 36 краін) пакарыла музычную Еўропу песня “Дзікія танцы” ў выкананні Русланы. З вялікім адрывам ад астатніх удзельнікаў яна набрала рэкордную колькасць балаў – 280! Такім чынам, сёлетняй пераможцай “Еўрабачання” стала Украіна.
Другi вынiк атрымала песня дэбютанта конкурсу — прадстаўніка Сербіі і Чарнагорыі Желькі Ёксімавіча. Дарэчы, прыемна адзначыць, што абодва гэтыя пераможцы ў розны час станавіліся лаўрэатамі Гран-пры “Славянскага базару ў Віцебску”: Руслана – у 1996-м, Жэлька Ёксімовіч– у 1999 годзе. Расіянка Юлія Савічава заняла ў фінале 11-е месца. Як і заўсёды на “Еўрабачанні”, краіны-суседкі аддавалі шмат галасоў адна адной. Напрыклад, 10 балаў выставіла Расія Украіне, 12 — Украіна Расіі. Між іншым, удзельнічала ў фінальным галасаванні і Беларусь, якая дала абодвум сваім суседкам вышэйшую адзнаку — па 12 балаў. Што да песень-пераможцаў, то, здаецца, з увядзеннем на “Еўрабачанні” новых правілаў (з-за вялікай колькасці жадаючых удзельнічаць падзяленне конкурсу на паўфінал і фінал адбывалася сёлета ўпершыню) трэба забыць пра тое, што “Еўрабачанне” лічылася конкурсам песні. Цяпер гэта хутчэй конкурс-шоу, і падыходзіць да яго падрыхтоўкі трэба адпаведна. Сапраўды, ацаніць “калейдаскопам” адну за другой звыш дваццаці раней не чутых песень тэлегледачу наўрад ці магчыма. Дый не будзе ён гэтага рабіць. І перш, чым саму песню, хутчэй запомніць яе “карцінку” на тэлеэкране. Ва ўсякім разе, здаецца, менавіта гэта пацвердзілі і вынікі конкурсу — і ў фінале, і паўфінале. Магчыма, якраз адсутнасць такой “карцінкі” перашкодзіла поспеху на “Еўрабачанні” выканаўцаў нашай краіны. А каб было іх выступленне больш відовішчным, знешне яркім, можа, змаглі б беларусы наблізіцца да фіналу. Бо выбар нашай песні, мяркуючы па тых жа выніках і пераможцах, быў зроблены правільны. Прысутнічалі ў ёй і модны сёлета на “Еўрабачанні” нацыянальны фальклорны каларыт, і цікавая апрацоўка, і неардынарны вакал. Не было шоу. Хаця наўрад ці вінаваты ў тым уласна выканаўцы — дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Яны для перамогі рабілі ўсё, што маглі, а першаадкрывальнікам ніколі не бывае проста. Напэўна, наступным будзе лягчэй. Iм пачынаць рыхтавацца да новага конкурсу варта ўжо зараз. Дарэчы, ён будзе юбiлейны, 50-ты, i ехаць на гэты раз далёка не прыйдзецца. Услед за «Дзiкiмi танцамi» «Еўрабачанне-2005» прыбудзе ва Украiну. I мы яшчэ паспяваем.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter