"Берагiня" — бераг надзеi

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” прайшоў на Гомельшчыне. З усіх рэгіёнаў Беларусі з’ехалася ў цэнтр усходнепалескага рэгіёна на рудабельскую зямлю ў г.п. Акцябрскі каля паўтысячы ўдзельнікаў і гасцей.
Менавіта ў гэтых мясцінах у трэці ўжо раз фестываль адбыўся невыпадкова. Тут захоўваюцца найкаштоўнейшыя скарбы нашай духоўнай спадчыны. Тут жывыя так званыя носьбіты – захавальнікі, выканаўцы аўтэнтычнага фальклору, якія не толькі ашчадна зберагаюць, але і перадаюць маладым сваё дзівоснае майстэрства, якое фактычна знівеліравана ў еўрапейскіх краінах. Трэці Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва – выдатная падзея беларускай культуры, якая ўзнікла на аснове пакуль што нерастрачанай, яшчэ жывой традыцыі народнай творчасці, харэаграфічнай і песеннай аўтэнтычнай культуры беларусаў. Аўтар ідэі адраджэння аўтэнтычнай народнай харэаграфіі, кіраўнік праекта, этнахарэограф, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры Мікола Козенка асабліва падкрэслівае, што фестываль ладзіцца менавіта тут і дзякуючы таму, што моцны калектыў арганізаваны пад эгідай Міністэрства культуры. Акцябрскі райвыканкам правёў вялікую і нябачную закулісную працу. Дырэктару фестывалю Святлане Беразоўскай — асаблівая ўдзячнасць. Гэты фестываль — вынік шматгадовай працы па праекце дзяржаўнай праграмы, зацверджанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, “Танцавальны фальклор і дзеці”, у якім задзейнічаны 9 раёнаў з розных абласцей Беларусі. Тамара Варфаламеева, старшыня экспертнага савета фестывалю, вядомы этнамуколаг, даследчык і фалькларыст, пераканана, што на Беларусі існуе новы кірунак фестывальнага руху, які зарадзіўся менавіта тут, на Гомельшчыне, і які мае якасныя адрозненні ад усіх іншых фестываляў, што праводзяцца ў нашай краіне. Ён абсалютна унікальны, ні на што не падобны. Сапраўды, гэты фестываль — магутная альтэрнатыва ўсёй той пошласці, якая каторае дзесяцігоддзе льецца на нас з экранаў тэлебачання, з радыёпрыемнiкаў. Гэта нібыта чыстая крыніца сярод патоку папсы, што нахлынула на нашых дзяцей у апошнія дзесяцігоддзі. І гэта той нячасты выпадак, калі дзеці бяруць з задавальненнем тое, што дае ім народнае мастацтва. У першым фестывалі ў эпіцэнтры стаяў конкурс народных побытавых танцаў, і дзеці танцавалі праграму з 15 танцаў, пачынаючы з 3-га класа да 11-га, і гэта было цудоўна. Кожны быў асоба, кожны танцаваў так, як падказвала генетычная памяць, як танцавалі іх бабулі і дзядулі. Цяперашні фестываль пайшоў наперад значнымі крокамі, рэалізуецца праект, у аснове якога ляжаць прынцыпы народнай педагогікі: калі дзяўчыну аддавалі замуж, яна ўмела і ткаць, і вышываць, і плесці, і калыханкі спяваць, і аладкі смачныя спячы, песні-карагоды вадзіць. Гэтыя прынцыпы і выкарыстаны падчас фестывалю. Як жартуюць калегі з абласцей, у наступным фестывалі хлопцы будуць паказваць і майстэрства дамы будаваць. Сёлета ж адзін з хлапчукоў хвацка выкручваў верацяно, майстэрства гэтае ад дзеда пераняў. У фестывалі “Берагіня” ёсць розныя праграмы: харэагра-фічнае, музычнае, дэкаратыўна-побытавае мастацтва і канцэртная праграма. У харэаграфічным мастацтве дзеці абавязкова праходзяць праз конкурс танцавальных пар. Хлопчыкі ўмеюць і запрасіць прыгожа дзяўчынку, і падзякаваць за тое, што яна дала магчымасць адчуць сябе мужчынам, кавалерам. Дзеці водзяць карагод і танцуюць кадрылю, вальс, шматфігурныя полькі і, вядома ж, лявоніху. Яны праходзяць праз намінацыю музычнага мастацтва. Спяваюць абрадавыя, пазаабрадавыя песні, іграюць на музычных інструментах. На фестывалі гучалі гармонікі і дудкі, ліра і бубен. А яшчэ тут плялі паясы, вышывалі арнамент свой рэгіянальны, выразалі выцінанкі, плялі з саломкі. Вельмі важна тое, што на фестывалі поруч з дзецьмі і спявалі, і танцавалі старыя бабулі. А вядомыя майстры працавалі на па-мастацку аформленых падворках разам са сваімі вучнямі. Вельмі слушныя і дакладныя словы выказаў у адрас Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан: “Сёння, калі адбываецца на нашых вачах страшэннае спрашчэнне масавай культуры, асабліва харэаграфіі і песні, калі вялізная маса маладых і нават старых людзей вяртаецца да першабытнага прымітыву (нават ніжэй першабытных танцаў, бо яны тады былі знакавымі, выяўлялі эмпірычныя і міфалагічныя сэнсы), адраджэнне аўтэнтычнага фальклору пакідае надзею на прыход новай эры мастацкай культуры, прызначэнне якой – адухаўленне грамадскага і асабiстага быцця чалавека на зямлі”. “Берагіня” – гэта бераг надзеі на вяртанне да сваіх каранёў, да першавытокаў з небыцця і бяспамяцтва.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter