"Акцёрам мяне зрабiла творчасць Макаёнка". Да поспеху Генадзь Аўсяннiкаў прыйшоў праз "Трыбунал"

Вось ужо 48 гадоў на працу народны артыст СССР i Беларусi Генадзь Аўсяннiкаў прыходзiць у Купалаўскi. Гэты тэатр на ўсё жыццё стаў для акцёра першым i адзiным. На яго легендарнай сцэне сыграна Гена-дзем Сцяпанавiчам звыш васьмi дзесяткаў роляў – рускай класiкi, драматургii савецкай, замежнай i, канечне ж, беларускай. Менавiта вобразы нацыянальнага рэпертуару сталi найбольш значнымi ў творчым лёсе Аўсяннiкава. А народны сакавiты гумар, арганiчнасць, уменне стварыць непаўторны малюнак ролi – галоўнымi якасцямi прафесiянальнага майстэрства артыста.
Вось ужо 48 гадоў на працу народны артыст СССР i Беларусi Генадзь Аўсяннiкаў прыходзiць у Купалаўскi. Гэты тэатр на ўсё жыццё стаў для акцёра першым i адзiным. На яго легендарнай сцэне сыграна Гена-дзем Сцяпанавiчам звыш васьмi дзесяткаў роляў – рускай класiкi, драматургii савецкай, замежнай i, канечне ж, беларускай. Менавiта вобразы нацыянальнага рэпертуару сталi найбольш значнымi ў творчым лёсе Аўсяннiкава. А народны сакавiты гумар, арганiчнасць, уменне стварыць непаўторны малюнак ролi – галоўнымi якасцямi прафесiянальнага майстэрства артыста. 19 лютага ў Генадзя Сцяпанавiча юбiлей. Вядомаму акцёру – 70. Напярэдаднi мы сустрэлiся з iм у Купалаўскiм. — Як перад`юбiлейны настрой, Генадзь Сцяпанавiч? — Настрой бадзёры, але калi шчыра, то я i не адзначаў бы гэты юбiлей. Гэта ж трэба нейкi адлiк рабiць: разважаць, што здарылася, што не здарылася. А я проста жыву. Але ж калi такi рубеж прынята адзначаць, дык калi ласка. — Як вызначылася ў вашым лёсе – быць акцёрам? — Усё атрымалася выпадкова. Мяркуйце самi. Вучыўся ў машынабудаўнiчым тэхнiкуме ў Магiлёве. Пасля – у мараходным вучылiшчы ў Рызе. А потым прыехаў у Бялынiчы ў школу ў 9-ы клас. Там пачаў займацца мастацкай самадзейнасцю, i нешта асаблiвае ўва мне заўважыла адна настаўнiца — Марыя Мiкалаеўна Гедда. З яе благаславення ў 1953 годзе я, закончыўшы дзесяты клас, адправiўся паступаць у тэатральны iнстытут, куды мяне адразу i прынялi. — А чаму ж марахода не атрымалася? Хiба выключылi за што? — Ды не. Сам расчараваўся. У мараходцы — рэжым, трэба рана ўставаць, у час класцiся, а тое не па мне было. Гэта цяпер я лёгка ўстаю яшчэ раней, чым у тым вучылiшчы патрабавалася. А тады — не стрываў дысцыплiны... — Усё жыццё вы верна адда-дзены Купалаўскаму. Мiж тым пэўны час ваш акцёрскi лёс тут складваўся няпроста i зусiм не “зоркава”. — А ў тэатры i не бывае, каб адразу табе звалiлiся ўсе “зоркавыя” ролi – i Рамэа, i Трэплеў, i Гамлет, i Атэла... За рэдкiм выключэннем такое здараецца. Часцей за ўсё “бяззоркавы” перыяд бывае працяглы i вельмi працяглы. — У вас — больш чым дзеся-цiгоддзе. У той час гэта не палохала? — Канечне, нiякавата было. Тым больш што ў маiх аднакурснiкаў Галi Талкачовай, Машы Захарэвiч, Вiктара Тарасава ўжо з’явiлiся значныя ролi. Але мяне гэта не крыўдзiла. Можа, толькi зайздросцiў крыху. — Сёння вы — вядучы майстар сцэны. Пасля якой ролi вас заўважылi i ваша творчая iндывiдуальнасць стала запатрабаванай? — Наогул, акцёрам мяне зрабiла творчасць Андрэя Макаёнка. Пунктам адлiку можна лiчыць 1971 год i ролю Цярэшкi Калабка ў спектаклi па яго п’есе “Трыбунал”. Адтуль я ўжо iграў ва ўсiх п’есах Макаёнка – “Таблетку пад язык”, “Пагарэльцы”, “Выбачайце, калi ласка”, “Лявонiха на арбiце”... — Зараз вы плённа заняты ў рэпертуары тэатра. З асаблiвым поспехам iдзе ваш монаспектакль “Беларусь у фантастычных апавяданнях” паводле Яна Баршчэўскага. Яго вы будзеце iграць i ў дзень свайго юбiлею. А якiмi новымi вобразамi жывяце сёння? — Да вясны рыхтуем прэм’еру – “Мёртвыя душы” па Гогалю, дзе ў мяне роля Сабакевiча. Пакуль толькi пачатак працы, ужываюся. — Цi ёсць роля жаданая, як кажуць, запаветны Гамлет? — Гамлет – не маё амплуа. А мары маёй, вiдаць, не будзе ўжо здзяйснення. Мне вельмi хацелася сыграць Швейка. Але, напэўна, не атрымаецца ўжо. Узрост не той. Хаця нiхто канкрэтна не ведае, колькi гадоў Швейку было. Але ж калi ў войска забралi, то ўсё ж маладзейшы за мяне. Такiх жа, як я, бяруць толькi ў абоз на апошнi воз. — Але ж сучасны тэатр любiць i дазваляе сабе нечаканыя эксперыменты? — Эксперыментаваць, канечне, можна, i ёсць асобныя пастаноўкi, якiя сапраўды цiкавыя. Але калi, напрыклад, рабiць з “Трох сясцёр” чатыры... Прабачце, гэта не для мяне. Я — адэпт рускага псiха-лагiчнага рэалiстычнага тэатра. — Вы здымалiся ў многiх фiльмах i адносiцеся да лiку тых выдатных акцёраў, якiя ў адсутнасцi галоўных кiнароляў ствараюць вельмi яркiя, запамiнальныя эпiзоды. Зараз кiнапрапановы ёсць? — Апошнiм часам больш у карцiнах “при участии “Беларусьфильма” – “Каменская”, “Закон”, вось нядаўна “Прыватны дэтэктыў”. Цяпер жа мода на тэлесерыялы. Iншы дзень можна розныя, быццам адзiн, глядзець, толькi iмены герояў мяняюцца. — Самi гледзiце? — Спецыяльна, каб, баранi Бог, чарговую серыю не прапусцiць — не. Я наогул не веру, калi кажуць: “Пайду хутчэй дадому, бо там пачынаецца 20-я серыя”. Мне здаецца, што людзi жартуюць. — Гледзячы на вас, можна сказаць, што ў побыце вы чалавек вясёлы. — Як калi. Хутчэй я — чалавек настрою. — Цi задаволены вы, як складваўся ваш лёс? — Вось Швейка шкада. А ўвогуле, я задаволены. Усё, што неабходна, у мяне ёсць. Гадоў дык нават магу каму пазычыць. Вось каб яшчэ здароўе вярнуць, каб як 20 гадоў таму. Але паколькi гэта немагчыма, то ўсё ў мяне добра...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter