Проверено! Кремы, спреи, дымовые шашки - какое средство самое эффективное в борьбе с комарами

Пырскну — а ў адказ цiшыня


Лета, сонейка, цеплыня. Знаходжанне на прыродзе могуць азмрочыць хіба што камары. У гарачы поўдзень яны не асабліва актыўныя. А вось вечарам, калі вы вырашыце атрымаць асалоду ад пікніка ці пойдзеце паліваць агарод, уся камарыная раць — тут як тут. Ды і ў кватэрах па начах ад іх няма спакою. Мала таго, што непрыемна гудуць над вухам, дык яшчэ і кусаюцца балюча. Кожнае лета паліцы крам папаўняюцца сродкамі абароны ад надакучлівых вампіраў. Асартымент вялікі: крэмы, спрэі, спіралі, фумігатары, бранзалеты, інсектыцыдныя дымавыя шашкі... Карэспандэнт «Р» закупілася ўсім гэтым дабром і адправілася ў глухое месца, каб высветліць, які са сродкаў самы эфектыўны.

Стаць  «нясмачным»


Спярша вывучаю склад рэпелентаў. У аснове большасці з іх змяшчаецца ДЭТА, ці дыэтылталуамід. Гэтае рэчыва распрацавана яшчэ ў 1946 годзе арміяй ЗША для абароны вайскоўцаў. Зараз ДЭТА займае больш за палову сусветнага рынку рэпелентных сродкаў. На яго аснове робяць эмульсіі, аэразолі, крэмы, гелі. Гэтыя сродкі адрозніваюцца канцэнтрацыяй актыўнага рэчыва. Чым яна вышэй, тым, адпаведна, больш працяглай і эфектыўнай будзе абарона. Аднак тым большая рызыка ўзнікнення раздражнення на скуры.

Для абароны ад камароў на кароткі тэрмін, да паўтары гадзіны, вытворцы раяць аддаваць перавагу рэпелентам з канцэнтрацыяй ДЭТА да 10 працэнтаў. Для працяглай абароны канцэнтрацыя рэчыва можа перавышаць 20 працэнтаў.

Усе сродкі барацьбы з камарамі, якія мы сёння будзем тэсціраваць, можна ўмоўна падзяліць на дзве групы. Адны наносяцца непасрэдна на цела — спрэі, крэмы і ласьёны. Другія адпуджваюць насякомых пахам аддалена — спіралі, фумігатары, дымавыя шашкі.

Выратаваць радавога  грыбніка

Эксперымент пачынаем з тэсціравання рэпелентнага спрэю. У ім канцэнтрацыя ДЭТА складае 10 працэнтаў. Наношу яго на вопратку і на адкрытыя ўчасткі цела, як і прапісана ў інструкцыі. Чакаю. Камары вакол лятаюць, самыя смелыя сядаюць на скуру і тут жа ўзлятаюць як апараныя. З заяўленымі ўласцівасцямі спрэй справіўся на выдатна. З мінусаў адзначу няёмкае нанясенне. Складана кантраляваць распырскванне аэразолю. Частка рэчыва можа патрапіць у вочы ці нос.

Рука цягнецца за крэмам. Для яго нанясення выкарыстоўваю гумовую пальчатку, як і раіць вытворца. Дарэчы, сама пальчатка ў камплекце да крэму не прапанавалася. У інструкцыі ёсць агаворкі: «Ні ў якім разе не наносьце рэпеленты на парэзы, раны, раздражнёную скуру, вусны, вакол вачэй... Памятайце, што ДЭТА растварае некаторыя віды пластмас і сінтэтыкі. Яна можа ўступіць у рэакцыю з сінтэтычным адзеннем». Трохі падумаўшы, наношу крэм на твар. Вынік уразіў: ні вам хімічнага апёку, ні камарынага ўкусу. Абарона 100-працэнтная!

Крэм і спрэй паказалі нядрэнныя вынікі. Крэму хапіла прыкладна на дзве гадзіны абароны, спрэю — на гадзіну. Наш эксперымент не прэтэндуе на навуковасць. Пытанне, што лепш выбраць: крэм ці спрэй, так і павісла ў паветры. З аднаго боку, дзякуючы тэкстуры крэм лепш захоўвае канцэнтрацыю актыўнага рэчыва, а значыць, дзейнічае даўжэй. З другога боку, на адзенне крэм не нанясеш...

У магазінах выбар сродкаў ад камароў — вочы разбягаюцца.

Істотным мінусам абодвух сродкаў з'яўляецца тое, што пры актыўнай працы ці хадзьбе, калі пачынаецца працэс потавыдзялення, час дзеяння сродкаў скарачаецца.

Пах у спіралі ненадакучлівы. Аднак варта было ветру памяняць напрамак — і ўсю абарону адносіла ўбок.
Арганізаваць сабе спакойны пікнік без рызыкі быць укушаным можна з дапамогай спіралі. З яе дзеяннем нам удалося адбіцца ад камарынай атакі на тры гадзіны. Прынцып карыстання просты: падпальваеш, гасіш полымя — і ўсё. Спіраль тлее, і разам з дымам у паветра выдзяляецца алетрын. Ён адбівае ў камароў жаданне жыць за чужы кошт. Як па мне, пах у спіралі ненадакучлівы. Аднак варта было ветру памяняць напрамак — і ўсю абарону адносіла ўбок. Спіраль цалкам згарэла за 4 гадзіны. За гэты час некалькі асабліва галодных камароў усё ж змаглі мяне ўкусіць і з мярзотным гудзеннем вылецелi з-пад майго паражальнага ўдару далонню.

Кроў  за  кроў


А вось фумігатар — рэч больш складаная. Ён уключаецца ў разетку. На прыродзе электрычнасці няма, таму прыйдзецца разжыцца  на турыстычны фумігатар. У любой паляўнічай краме яго можна купіць прыкладна за 60 рублёў. Я ж вырашаю пратэсціраваць фумігатар у дачным доміку. У мяне два прыборы: адзін з пласцінамі, другі — з вадкасцю. Спярша кладу прамочаную інсектыцыдам пласціну ў прыбор, які награвае яе і ўтварае ахоўнае воблака ў радыусе 3—4 метраў. Камары загінулі ўжо праз паўгадзіны. Магутная штука! Дзеяння адной пласціны хапіла больш чым на 10 гадзін.


Ужо праз 15 хвілін пасля ўключэння вадкаснага фумігатара гудзенне камароў спынілася.

Надышла чарга вадкаснага фумігатара. Прынцып дзеяння той жа. Толькі замест пласціны флакончык з вадкасцю. Ужо праз 15 хвілін пасля яго ўключэння гудзенне камароў спынілася. Фумігатар з вадкасцю аказаўся магутней за свайго сабрата з пласцінамі.

Усе  сродкі  добрыя


Напрыканцы вырашыла звярнуцца да народных сродкаў. Калі верыць усемагутнаму Google, раней для адпуджвання камароў і іншых насякомых-крывасмокаў ужывалі адвар каранёў пырніку. Выкопваць карані пырніку я, вядома, не буду. Хоць бы таму, што не ведаю, як гэтая расліна выглядае. А вось шкіпінар у гаражы знайшоўся. Кажуць, ён выдатна ўсыпляе камароў... Наліваю яго ў талерку, зачыняю вокны і дзверы, выходжу з пакоя. Праз 15—20 хвілін камароў у ім сапраўды стала менш. Але з-за непрыемнага паху шкіпінару, які запаланіў пакой, спаць я ўсё роўна не змагла...


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter