“Бясспрэчна, яны сумуюць па гаспадарах”: як адчуваюць сябе пастаяльцы гасцініцы для жывёл

Пяць зорак на чатыры лапы

Лета адпраўляе ў водпуск, вабіць нязведанымі мясцінамі. На жаль, далёка не ва ўсе падарожжы можна ўзяць з сабой хатняга гадаванца. Каб даведацца, ці можна са спакойнай душой пакінуць на каго-небудзь кошку або сабаку, карэспандэнт «Рэспублікі» наведала адзіную ў Мінску дзяржаўную гасцініцу для жывёл.

Будынак гатэля для нашых чатырохлапых зорак знаходзіцца на вуліцы Тышкевічаў. Ужо на падыходах чуецца забіяцкі сабачы брэх — відаць, нехта з пастаяльцаў адправіўся на прагулку, пакуль яго гаспадары адпачываюць.

— Неабавязкова адпачываюць, — папраўляе мяне Тамара Царыкоўская, дырэктар ДП «Фаўна горада». — Да нашых паслуг звяртаюцца, калі гаспадарам трэба легчы ў бальніцу або паехаць у санаторый, адправіцца на спаборніцтвы, на вяселле або пахаванне, у камандзіроўку. Зразумела, летам пастаяльцаў значна больш, але гасцініца ніколі не пустуе. Вось зараз у нас жывуць 20 сабак, 6 катоў і папугай. На сёння нумары забраніраваны яшчэ для шасці пастаяльцаў.

Тамара ЦАРЫКОЎСКАЯ.

Тэрмін знаходжання тут чатырохлапых гасцей неабмежаваны. Адзін сабака, напрыклад, затрымаўся аж на 120 дзён, кошка — на 89. Гадаванца таксама можна прыводзіць у гасцініцу толькі на дзень — прыкладна гэтак жа, як дзіця ў сад. Такая паслуга зручная для тых, чыйму любімцу патрэбна лячэнне, а гаспадар заняты на рабоце. Ветурач і рабочыя па доглядзе за жывёламі выканаюць усе прадпісанні. Дарэчы, пад наглядам пастаяльцы знаходзяцца кругласутачна: персанал гасцініцы працуе пазменна.
Кеша рады ўвазе.

Галоўная ўмова для таго, каб гадаванца прынялі на пастой, — наяўнасць ветэрынарнага пашпарта з адзнакамі аб усіх праведзеных працэдурах і прышчэпках. Пры паступленні яго абавязкова яшчэ раз агледзяць, а гаспадару прапануюць запоўніць спецыяльную картку, у якой трэба адзначыць імя і ўзрост гадаванца, яго звычкі і асаблівасці, пажаданні па ўтрыманні і кармленні.

— Зараз у нас жыве папугай Кеша, дык вось яго клетку на ноч трэба абавязкова накрываць, — прыводзіць прыклад Тамара Уладзіміраўна. — Быў сабака, які вельмі прыветна ставіўся да людзей, але не любіў іншых жывёл, таму яго прасілі выгульваць асобна. Хаця мы і так гуляем з кожным паасобку, кантактаў паміж жывёламі, калі гэта, зразумела, не сябры з адной кватэры, не дапускаем.

У гасцініцы дзейнічаюць 72 «нумары», якія дзеляцца пароўну на катоў і сабак. Ёсць некалькі VIP-пакояў. Ад звычайных яны адрозніваюцца памерамі, наяўнасцю асобнага акна і ўласнага выхаду на выгул. Гаспадар можа прывезці сюды ўсе дарагія любімцу рэчы — хоць канапу з тэлевізарам.

Гучыць прывабна, аднак хочацца асабіста ўпэўніцца, што жывёлам тут камфортна.

— Бясспрэчна, усе яны сумуюць па гаспадарах, — зазначае дырэктар ДП «Фаўна горада». — Адны прывыкаюць да нас хутчэй, другія павольней, а некаторыя і зусім не прывыкаюць. Асабліва гэта датычыцца катоў.

У каціным пакоі на 16 нумароў нас сустракае рознагалосае «мяў». Хто асцярожна пазірае здалёк, хто трэцца аб сетку ў чаканні ласкі, а чорны кот па мянушцы Лексус актыўна дабіваецца ўвагі: працягвае лапу праз сетку з яўным намерам літаральна прыцягнуць да сябе наведвальнікаў. Рахманая шэрая кошка Тантан мяўкае, здаецца, па-беларуску, але размаўляць з ёй лепш на кітайскай мове: яе гаспадары — кітайскія студэнты, якія з’ехалі дадому на канікулы. Тантан будзе жыць у гасцініцы да канца жніўня.

Хаскі Эва пасябравала з рабочай па доглядзе за жывёламі Насцяй Халадзінскай.

Свістком ад чайніка заходзіцца белы шпіц. Па-філасофску спакойна разглядае нас плямісты сетар Блу — адразу відаць, што выхаваны дыпламатам, які зараз паехаў у водпуск на радзіму. І ніхто з пастаяльцаў не застаецца абыякавым, калі бачыць Насцю Халадзінскую, рабочую па доглядзе жывёл. Яе з’яўленне прадказвае выхад на прагулку, а значыць, бегатню, свавольства і нават магчымасць пацалавацца з прыгожай дзяўчынай, чым з задавальненнем карыстаецца сіба-іну Закі.

Адны суткі знаходжання любімца ў гасцініцы гаспадарам ката абыдуцца ў 12,71 рубля. Для ўтрымання сабак паслугі крыху даражэй: ад 14,67 рубля за догляд маленькага па памерах да 18,33 рубля — за догляд буйнога. У гэты кошт уваходзяць пражыванне і абслугоўванне, а вось аб харчаванні гаспадары або клапоцяцца самі, або даплачваюць асобна.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter