Житель Миор Петр Вечерский воспитывает пятерых детей

Пяць зорачак Пятра Вячэрскага

Каб мець шчасце быць са сваімі дзецьмі, бацьку прыйшлося пераадолець перш за ўсё сябе

Жыхар Міёраў Пётр ВЯЧЭРСКІ — узорны тата. Ён выхоўвае пяцярых дзяцей, якія яго бязмежна любяць, і ён іх таксама. Трэба бачыць бацькавы вочы, калі расказвае пра сына і дачок, пра іх поспехі і захапленні. У сям’і атмасфера добразычлівая, усмешкі шчаслівыя, справы ладзяцца. Але шлях да такой ідыліі быў доўгі і няпросты, папярэднічалі ёй немалыя выпрабаванні. Пётр здолеў выбеліць чорную паласу, даказаў, найперш сабе, што ён сапраўдны мужчына, і адчувае сябе зараз бязмежна шчаслівым.



Дзеці ў сям’і як на падбор: ра-зумныя, ветлівыя, прыгожыя. Старэйшай Алёне 17 гадоў, у Полацкім каледжы набывае спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага, потым плануе ўдасканаліць навыкі ў Гомельскім універсітэце.

Наташа — дзесяцікласніца. Асабліва цікавіцца англійскай мовай. Плануе штурмаваць перакладчыцкую прафесію. Вадзім вучыцца ў восьмым класе і з вялікай ахвотай займаецца боксам. Наведвае спецыяльную секцыю і, што важна, у сваім невялікім узросце заняў тры першыя месцы на абласных спаборніцтвах.

Эрыцы і Лізе па 10 гадоў, яны двайняты. Розніца між з’яўленнем іх на свет — 15 хвілін. Знешне дзяўчат не надта і адрозніш, а вось па характары розныя. Ліза больш памяркоўная, Эрыка ж — агонь. Абедзве захоплены дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, добра малююць. Тату з Днём абаронцаў Айчыны павіншавалі адмысловымі самаробнымі паштоўкамі, на адной з якіх і ён намаляваны.

— Лепшыя падарункі ад дзяцей — зробленыя сваімі рукамі, — паказвае вырабы бацька.

Тым больш такія рэчы маюць душу, развіваюць пачуццёвасць і працавітасць, якіх дзецям Вячэрскага не займаць.

— Сын і дочкі не лайдачаць, самі робяць урокі, дапамагаюць у хатніх клопатах, могуць і есці прыгатаваць, прыбраць, памыць посуд. Малодшыя дзяўчынкі захацелі нядаўна мабільныя тэлефоны — не прасілі, не нылі, зараблялі стараннямі. Я, канечне, купіў. А яны старацца не перасталі.

— Складана быць татам чатырох дзяўчынак?

— Бывае, некаторымі пытаннямі ў тупік ставяць. У цэлым нескладана, дачок стараюся выхоўваць у пя-шчоце, з сынам абыходжуся стражэй. Хлопец ёсць хлопец. Прывіваю яму моцныя якасці, перадаю навыкі. Я сам рос без бацькі і ведаю, што значыць мужчынскія справы асвойваць самому.

Пётр Вячэрскі — з умелымі рукамі. Нямала гадоў займаўся будоўляй, аддзелкай. Цяпер старанна працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна:

— Фінансава забяспечыць вялікую сям’ю няпроста. Памятаю час, калі вяртаўся з адной работы, укладваў дзяцей спаць і бег на іншую. Часу не хапала катастрафічна. Здавалася, яшчэ б да сутак далучыць столькі ж.

— Сямейны бюджэт — не гумавы. На чым прыходзіцца эканоміць?

— Расходаў шмат, сям’я вялікая. Наш месячны бюджэт складае прыкладна 1100 рублёў. Гэта мой заробак і выплаты на дзяцей з нагоды страты кармільца. Плюс да гэтай сумы кожныя паўгода адрасная дапамога ад дзяржавы. Да таго ж стараюся падпрацоўваць. Грошы трачу з розумам. Ежу гатую сам — так танней, смачней і карысней. Нават гародніна нам падабаецца больш свая, не магазінная. Мае бацькі заўсёды трымалі ў хлеўчуку жывёлу і елі экалагічна чыстыя прадукты. У кватэры жывучы, статак не вырасціш, але хутка планую абзавесціся прысядзібным участкам.

І жыццё прыстойнае, і планы харошыя. Але ці заўсёды так было? І чаму нам часам здаецца, што шчасце прыходзіць само па сабе? Яго трэба заслужыць. А яшчэ адолець складанасці, спакусы і найперш — сябе. Хто перамог сябе, таму не страшна нічога.

Так і Пятра напаткала калісьці чорная паласа. Жонка, якая некалі была каханай і руплівай, абрала іншы шлях, які ў народзе называюць «крывой дарожкай». Абяззброілі праблемы са здароўем, з якімі мужчына ледзьве справіўся. Дзяцей на паўгода забралі ў прытулак. Але ўсё гэта цяпер Пётр Вячэрскі ўспамінае як страшны сон, які змяніўся зусім іншай, прыгожай явай. Тады, дзесяць гадоў таму, мужчына развёўся са спадарожніцай, вылечыўся, аднавіў правы на дзяцей і забраў іх з прытулку. Пачаў жыццё бадай з нуля:

— Спачатку з дзецьмі здымалі маленькую хату на 50 «квадратаў». А потым выйшаў закон аб бясплатным выдзяленні кватэр сем’ям, дзе чацвёра і больш дзяцей. Узяў крэдыт, які за мяне выплачвае дзяржава.

Ужо пяць гадоў, як сям’я Вячэрскіх жыве ў чатырохпакаёўцы. Цёпла, камфортна. З пакоя ў пакой і з рук на рукі снуе трохколерная кошка Софа, якая афарбоўкай нагадвае леапарда. А сама нават непародзістая. Ды і навошта тая парода, калі жыве ў шчаслівай сям’і, дзе ні сварак, ні адзіноты, толькі радасць і ўзаемаразуменне.

— Сямейны адпачынак праводзім весела і карысна, наведваем прыгожыя мясціны, — раскрывае карты Пётр. — Часцей сталі выязджаць, калі з’явіўся аўтамабіль. Гэта надзейны таварыш, які без праблем даімчыць да месца. Бываем у верхнядзвінскім міні-заапарку, у Браславе, Мінску, дзе жыве мая родная сястра.

— Спрэс гармонія. І ўсё ж, дзе знайсці сілы, каб пераадолець чорную паласу, перамагчы сябе і абставіны?

— Трэба верыць у Бога. Мы католікі, рэгулярна ходзім у касцёл. Дзеці ўдзельнічаюць у пілігрымках. Шчыра молімся. Просім у Заступніка апякунства і прабачэння грахоў. Зварот да Бога, несумненна, стварае абарону ад злога свету, здрады, хлусні, шкодных звычак, дазваляе зразумець сапраўдныя каштоўнасці.

Гаспадар здзіўляецца, чаму яго сям’ёй так часта цікавяцца журналісты. Увага, канечне, прыемная. Але за што?

— Нічога асаблівага я не зрабіў і не дастаў з неба зорак. Гэта ж мае крывінкі, а я іх тата. Як мне іх не любіць? Мне, акрамя дзяцей, нічога не патрэбна. Мы разам у кватэры пабудавалі свет, у якім жывём. І хоць за акном дождж ці холад, у нашай сям’і заўжды добрае надвор’е.

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ»

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter