Интервью с участником группы "Чистый голос" Валерием Прыгуном

Пяць у адным для чыстага голасу

Выдатную пяцёрку вакалістаў групы «Чысты голас» даўно ведаюць і любяць не толькі ў нашай краіне
Выдатную пяцёрку вакалістаў групы «Чысты голас» даўно ведаюць і любяць не толькі ў нашай краіне. Ім апладзіравалі ў Расіі і Украіне, Францыі, Іспаніі, Турцыі, Германіі, Польшчы, Партугаліі, ЗША, Індыі, Кітаі... І ўсюды гледачы падоўгу не адпускаюць артыстаў са сцэны, скандзіруючы «брава!». У прынцыпе, іначай і быць не можа, калі на іх канцэртах не саромеюцца слёз, а ад песень цяплее на душы. Невыпадкова яшчэ ў 1996 годзе калектыў у ліку першых быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Пра сённяшні дзень «Чыстага голасу» мы гутарым з адным з удзельнікаў групы Валерыем ПРЫГУНОМ.


— Валерый, снежань-студзень у артыстаў традыцыйна напружаныя — як гаворыцца, ёлкі. Цяпер ужо можна выдыхнуць?

— Сапраўды, час гэты крыху звар’яцелы — шмат працы, святочная мітусня. Але, здаецца, улеглася ўжо.

— «Чыстаму голасу» выступленні на карпаратывах знаёмыя?

— Калі яны добры спосаб зарабіць, дык навошта адмаўляцца? Мы абсалютна дэмакратычныя. Артысты ж для таго і прызначаны, каб ствараць людзям добры настрой. Гэта — наша прафесія.

— Нядаўна чытала вельмі эмацыянальныя водгукі пра выступленне групы ў Расіі на фестывалі тэатра і кіно «Амурская восень». «Чысты голас» у іх называюць сапраўдным адкрыццём для далёкаўсходняй публікі, сюрпрызам і талісманам фестывалю. Да такой увагі ўжо прывыклі?

— Заўсёды прыемна чуць пра сябе добрыя словы. Не думаю, што тыя, хто іх пісаў, хітравалі. Нам расказвалі, як пасля першага нашага прыезду і выступлення ў Благавешчанску горад яшчэ паўгода яго абмяркоўваў. Цяпер мы былі там ужо ў трэці раз з сольным канцэртам. І зноў — поўная зала.

— Па-мойму, поспех — пастаянны спадарожнік вашага калектыву ў розных краінах. Зараз гастралюеце шмат?

— Дастаткова. Але калі раней больш было выступленняў у Еўропе, то зараз часцей у Расіі. А яна — неабсяжная. Вось з Далёкага Усходу будзем рухацца паступова да сярэдняй паласы.

— Чаго сёння хочуць гледачы?

— Запыты розныя. На Захадзе аддаюць перавагу спевам a capella, класіцы, народнай музыцы — рускай, беларускай, украінскай. Тут і ў Расіі большым попытам карыстаецца музыка папулярная, эстрадная.

— Але ж рэпертуар у вас на любы густ.

— Пашыраць яго стараемся пастаянна. Вось нядаўна запісалі добрую папсовую песню спецыяльна для ратацыі на радыё – «Прыгажуня» кампазітара Алега Молчана на словы Ірыны Відавай. Гучыць цяпер пастаянна. Можа, хто і не здагадваецца нават, што гэта мы выконваем, стыль абсалютна хлапчуковай групы.


— Гэтак справа дойдзе і да так званай папсы таннай?

— Вядома, не. У нас дастаткова прафе-сіяналізму і густу, каб сабе гэтага не дазволіць. Акадэмічныя спевы a capella — наш канёк, козыр, гэта тое, што мы ўмеем і любім рабіць, тое, за што нас любіць глядач. Але іншай музыкі таксама хочацца — сучаснай, эстраднай, з элементамі джаза або року. Пры гэтым выконваць усё запар мы ніколі не будзем. Напрыклад, рэп ці ар-энд-бі — гэта не для нас, ні па стылі, ні па духу.

— Пра вас кажуць, калектыў для элітарнай публікі…

— Я б сказаў, для публікі дасведчанай, з добрым густам. І мы такой стараемся яе выхоўваць. Бо задача артыста не толькі забаўляць, радаваць гледача, але і падцягваць яго да больш высокага культурнага ўзроўню. Працэс марудны, цяжкі, але стараемся. Наогул, мы не імкнёмся працаваць па законах шоу-бізнесу, кансерватары ў гэтым сэнсе крыху — у дачыненні да музыкі, да прафесіі, да сцэны. Вось ужо больш за 20 гадоў спрабуем дастукацца да людзей менавіта сваёй творчасцю, і няважна, будуць гэта духоўныя песнапенні, выкананне класікі або сучаснай папулярнай музыкі.

— Паклоннікі заўважылі перамены ў складзе «Чыстага голасу»...

— У нас з’явіліся новыя тэнар і бас. Як і ўсе мы, яны таксама з кансерваторскай адукацыяй. «Чысты голас» сёння — гэта барытон Акім Тышко, прыйшоў у групу ў 2001 годзе, заслужаны артыст Беларусі тэнар Андрэй Пыжык, між іншым, мой аднакласнік, у калектыве мы з ім двое старажылаў. Два гады з намі тэнар Дзмітрый Мінікаеў, крыху больш за год — бас Юрый Гузіч, ён самы малады ўдзельнік. Вось — усе пяць нашых галасоў.

— Вас па-ранейшаму параўноўваюць з хорам Турэцкага?

— Параўноўваюць, асабліва ў Расіі. І мне здаецца, гэта нядрэнна, тым больш калі кажуць, што спяваем лепш.

— Пяцёра мужчын у адным калектыве — пяць розных характараў, выхаванняў, звычак, светапоглядаў. Сярод вас пануе згода ці пяць галасоў — гэта пяць меркаванняў?

— Вядома, у кожнага свае ідэі, густы, перавагі, таму спрэчкі адбываюцца даволі часта. Творчасць, наогул, працэс цярністы. Галоўнае, што ў гэтых спрэчках нараджаюцца ісціна і лагічны вынік, які ўсіх задавальняе. Дарэчы, у нас у калектыве першапачаткова не было і дасюль няма мастацкага кіраўніка. Усё вырашаем калегіяльна. Апошнім часам вось калегіяльна выбралі мяне неяк арганізоўваць працэс. А наогул, што датычыць працы, прадуцыравання нейкіх ідэй, мы ўсе як пяць мастацкіх кіраўнікоў. Можа, толькі Юра, паколькі пакуль навічок, у гэтым у меншай ступені ўдзель-нічае. Так што спрачаемся. Але галоўнае — што ў выніку са сцэны выдаём.

— Запрасіць выступіць «Чысты голас» — дорага і клапотна?

— Не танна, але не клапотна. Мы людзі не капрызныя. Райдар просты: прыстойная гасцініца, аднамесныя нумары, каб у душы гарачая вада была. Што яшчэ? Чай-кава ды бутэрброды, і не абавязкова з чорнай або чырвонай ікрой. Ну а што тычыцца ганарараў — так, наш калектыў — адзін з самых дарагіх у краіне. Але ж, ведаеце, добрае танным не бывае. Ды і самі мы не ў беспаветранай прасторы існуём — сем’і, дзеці.

— Свабодных жаніхоў, выходзіць, няма?

— Усе жанатыя. Прычым дзяцей у калектыве шмат. У мяне — дачка. У Юры — дзве. У Дзімы — двое дзяцей. У Андрэя — чацвёра. У Акіма — трое. Атрымліваецца 12. А калі ўлічыць дачку дырэктара калектыву і дваіх дзяцей гукарэжысёра, то ўсяго — 15! Так што паспяваем і добра працаваць, і дэмаграфічную праграму выконваць. Мабыць, пасля выхавання гледача гэта наша другая галоўная задача.

Iрына СВIРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter