Пяцісотгадовую «Біблію» Францыска Скарыны прывезлі ў Беларусь

Наперадзе – 495-годдзе з дня выдання першай кнігі, надрукаванай Францыскам Скарынам.

Сёлетні год багаты на культурныя падзеі. Паспелі адзначыць юбілеі Янкі Купалы, Янкі Брыля, Максіма Танка. Наперадзе – 130-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. І яшчэ адна круглая дата – 495-годдзе з дня выдання першай кнігі, надрукаванай Францыскам Скарынам. Беларускі першадрукар выдаў вялікую колькасць кніг, але, на жаль, на яго радзіме зараз іх толькі дзесяць. Усе яны захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Нават у музеі беларускага кнігадрукавання ў тысячагадовым Полацку, дзе нарадзіўся асветнік, няма ніводнай. Прыезд яшчэ адзінаццаці выданняў Скарыны ў Мінск -- не менш як цуд. Упершыню дваццаць адна кніга славутага асветніка экспануецца ў Беларусі на выставе “Францыск Скарына: падарожжа на Радзіму”, што днямі ўрачыста адкрылася ў галоўнай бібліятэцы краіны. Аб тым, як рарытэтныя кнігі з Германіі трапілі на радзіму іх аўтара, даведалася карэспандэнт «НГ».

Сярод адзінаццаці кніг-помнікаў пачэснае месца займае кніга “Быццё” з гравіраваным тытульным лістом. Далей “адкрываюць” чытачам свае старонкі чатыры кнігі Царстваў са знакамітым партрэтам беларускага першадрукара, знаёмым яшчэ з “Буквара”. У Беларусі такога партрэта няма ў  арыгінале. Вось яна — “Біблія славіка”, выдадзеная ў Празе ў 1517 годзе. Зараз, калі кніга раскрыла свае старонкі для навукоўцаў і даследчыкаў, складана ўявіць, што рука чалавека не кранала іх з 1527 года, калі рэдкі экзэмпляр належаў выбітнаму тэолагу і дзеячу Рэфармацыі ў Сілезіі Іагану Хесу. Мабыць, таму кніга так добра захавалася. Нядаўна кніжныя шэдэўры былі ў Кракаве, у Ягелонскім універсітэце. А зараз на некалькі тыдняў прыехалі “пагасціць” у Беларусь.

А пачалося ўсё ў 2003 годзе, калі ў Германіі быў абвешчаны Год Бібліі, расказвае Маціяс Венцэль, дырэктар Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі ў горадзе Гёрліц (Германія). Супрацоўнікі бібліятэкі вырашылі падрыхтаваць выставу выданняў Бібліі са сваіх фондаў. Адабраўшы некалькі асобнікаў часоў Лютэра, лонданскую шматмоўную Біблію 1657 года і надрукаваную ў 1759 годзе ў Маскве Елізавецінскую Біблію, супрацоўнікі пачалі вывучаць старыя рукапісныя каталогі, часткова складзеныя яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя. Адзін з запісаў абвяшчаў: “Біблія славіка, Прага, 1517”. Зацікавіўшыся, спецыялісты знялі гэтую кнігу з паліцы, палічыўшы яе прывабным і падыходзячым па тэме экспанатам, і ўключылі ў экспазіцыю. Па завяршэнні выставы гэтая кніга хутчэй за ўсё адправілася б на ранейшае месца, калі б яе не ўбачыў у вітрыне тэолаг з Гёрліца Петэр Лоберс, які некалькі гадоў працаваў выкладчыкам ва ўніверсітэце ў Санкт-Пецярбургу і валодае царкоўнаславянскай мовай. Ён заявіў аб асаблівай каштоўнасці канвалюта (збору кніг), а потым наладзіў кантакт з іншым прафесарам, які неадкладна прыехаў у Гёрліц, вывучыў асобнік і, нарэшце, падрабязна растлумачыў, якое значэнне мае гэтая знаходка для гісторыі культуры. Потым на канферэнцыі ў Мінску і Сафіі ён паведаміў аб выяўленні гэтага выдання і праінфармаваў супрацоўнікаў нямецкай бібліятэкі аб выкліканым у СМІ рэзанансе. Яго навуковы артыкул быў апублікаваны ў часопісе гэтай установы сем гадоў таму.

З тых часоў асобнік Бібліі Скарыны ўваходзіць у лік найважнейшых аб’ектаў бібліятэкі. Выданні, выпушчаныя ва ўласнай друкарні Францыска Скарыны ў Празе, прылічваюцца да бібліяграфічных рэдкасцяў.

— Мы ганарымся тым, што змаглі дадаць да вядомых раней 39 канвалютаў выданняў Скарыны яшчэ адзін, саракавы, выяўлены ў нашых фондах, — адзначае Маціяс Венцэль. — Нашу асаблівую радасць выклікае тое, што цяпер канвалют дэманструецца ў Беларусі, на радзіме Францыска Скарыны, і займае пачэснае месца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а затым будзе прадстаўлены ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” у горадзе, дзе справу Скарыны працягнуў Сымон Будны.

Верхнялужыцкая бібліятэка не мела рэсурсаў для таго, каб ідэнтыфікаваць старадаўнія выданні на славянскіх мовах, што знаходзяцца ў іх фондах. На дапамогу нямецкім калегам прыйшлі беларускія спецыялісты. Такое супрацоўніцтва вылілася ў сумесны праект Міністэрства культуры Беларусі і Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь.

Праз сем дзён арыгіналы ўнікальных выданняў апынуцца па-за межамі Беларусі, аднак застануцца на радзіме першадрукара ў электронным варыянце. Кнігі-шэдэўры алічбавалі ўсяго за 24 гадзіны. Гэта — праект дзяржаўнага значэння. Тым больш што 2012 год аб’яўлены ў Беларусі Годам кнігі.

Сапраўды, у кожнай кнігі свой лёс. Колькі яшчэ выданняў Францыска Скарыны захоўваецца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Цюмені, Адэсе! І колькі яшчэ сюрпрызаў рыхтуе спадчына Скарыны нашым нашчадкам!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter