Пяць падзей тыдня вачыма дырэктара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» паэта Алеся Бадака


Указ Прэзiдэнта «Аб матэрыяльным стымуляваннi работнiкаў прадпрыемстваў, якiя аказваюць сацыяльныя паслугi»

Што робiць звычайны чалавек, калi сам‑насам аказваецца з хворым, у прыватнасцi, iнфекцыйна заражаным? Зразумела, iмкнецца як мага хутчэй аддалiцца ад яго, каб зберагчы сваё здароўе. Але так не могуць паступiць медыцынскiя работнiкi, супрацоўнiкi некаторых iншых арганiзацый, якiя, рызыкуючы сваiм здароўем, не проста кантактуюць з хворымi, а змагаюцца за iх жыццi. I мы бачым, што сёння праз iх штодня праходзяць не адзiн i не два чалавекi. Таму, безумоўна, тая падтрымка, якая прадугледжана указам Прэзiдэнта, iм вельмi патрэбная.

500‑годдзе Жыровiцкага манастыра 

Першы раз я пабываў там у другой палове 1980‑х, калi мы, студэнты БДУ, трапiлi ў Слонiм на вайсковыя зборы. Апошнi па часе раз быў у Жыровiцах летась, калi ў Слонiме адзначаўся Дзень беларускага пiсьменства. I хоць за гэтыя дзесяцiгоддзi там шмат што змянiлася, менавiта ў такiх святых месцах адчуваеш усю ўмоўнасць часу i глыбокая мiнуўшчына падаецца ўчарашнiм днём. У будзённым жыццi душа ў табе звычайна схавана недзе глыбока: усё нейкiя клопаты, мiтусня, спрэчкi. А там яна быццам агаляецца i на яе сыходзiць урачыстасць i пакорлiвасць. Сам па сабе гэты факт нельга назваць ачышчэннем, але адчуць у сабе адухоўленасць — гэта таксама немалаважна.

Дзень славянскага пiсьменства

У «Мастацкай лiтаратуры» вельмi добрыя адносiны з пiсьменнiкамi i выдаўцамi з многiх краiн славянскага свету, што, спадзяюся, вiдаць па назвах нашых перакладных кнiжных серый: «Сябрына», «Созвучие». Ёсць яшчэ штогадовы альманах перакладной лiтаратуры «Далягляды» ды i проста калектыўныя зборнiкi i аўтарскiя кнiгi замежных пiсьменнiкаў. I хачу сказаць, што ў блiзкiм i далёкiм замежжы часам дзякуючы ўдзелу i падтрымцы «Мастацкай лiтаратуры» таксама выходзяць кнiгi беларускiх аўтараў. Таму гэта наша агульнае свята. I менавiта таму словазлучэнне «далёкае замежжа», калi я гавару пра сваiх сяброў‑калег, хочацца ўзяць у двукоссе: яны заўсёды ў маiм сэрцы, таму блiзкiя мне.

Мiжнародная акцыя «Ноч музеяў» у анлайн‑фармаце

Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Усе сённяшнiя анлайн‑праекты — а iх з’явiлася вельмi шмат у розных сферах культуры — прыцягваюць да сябе не проста вялiкую колькасць людзей, а часам значна большую, чым калi яны праводзiлiся ўжывую. Ну не ўсе могуць — асаблiва з глыбiнкi — наведаць той жа Нацыянальны мастацкi музей. Не ўсе могуць наведаць тэатры. А галоўнае, мне здаецца, многiя людзi раней былi перакананыя, што iм гэта нецiкава. I такiя акцыi дапамагаюць iм адчуць у сабе цягу да высокага мастацтва.

Бушуючае надвор’е 

Здаецца, яшчэ нядаўна я абмяркоўваў са сваiмi калегамi, што цяжка прыпомнiць, калi была такая цёплая зiма, як сёння спрабуем успомнiць, калi апошнi раз была такая халодная вясна. Спрабуем — i не можам. Я не скажу, што так ужо баюся гэтага холаду, якi па беларускiх мерках не такi i вялiкi. Мяне больш засмучае iншае. Я вельмi люблю май, люблю назiраць, як на дрэвах распускаецца лiстота, як цвiтуць сады. Але на фоне хмарнага неба ўсё гэта адбываецца не так святочна i ўрачыста. Таму вельмi спадзяюся, што апошнiя днi апошняга вясновага месяца нас паспеюць парадаваць па‑сапраўднаму сонечным i цёплым надвор’ем.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter