Литературная страничка белорусского поэта Виктора Лупасина

Пяць навін ад Лупасіна

Літаратурная старонка беларускага паэта Віктара Лупасіна
Вітаю, дружа!

lupasin.png


Першая навіна


Вельмі добрая: антонімаў да слова «эўрыка» даслалі не дужа шмат, але цалкам дастаткова, каб зладзіць галасаванку «Укантакце». У шорт-лісце – ажно тры прэтэндэнты!

Юрась Р. даслаў антонімы «страта», «фэйл», «аблом», «маячня» і яшчэ адзін антонім.

Дзмітрый С. даслаў, на жаль, толькі адзін антонім.

Нарэшце, самы юны ўдзельнік конкурса Арцём С. даслаў наступныя антонімы: «пярдута» (італ. perduto – згубіў) і «трохінедапёр»!

Та-дам! I наш пераможца Арцём С. з ягоным «трохінедапёр». Вiншую!


Другая навіна


Яшчэ лепшая: суровы Лупасін вырашыў не галіцца, пакуль ягоны новы гурт «Зеленахвостыя» не сыграе першы канцэрт. Выпускі рубрыкі будуць рэгулярна суправаджацца свежым здымкам Лупасіна ў адным і тым самым ракурсе, так што ўседлівы чытач зможа скласці са здымкаў мульцік «Лупасін зарастае як партызан»!


Трэцяя навіна


Лепшая нават за другую: твораў мне пакуль даслалі надзвычай мала! Ты спытаеш, чаму гэта добрая навіна? Ды таму, што кан-ку-рэнцыі  амаль няма! Бярэш верш –> дасылаеш мне –> я яго друкую, амаль так! (гэта вельмі кароткачасовая навіна, хутка мне будзе прыходзіць дужа-дужа многа вершаў і надрукавацца будзе немажліва. Спяшайся!)


Чацвёртая навіна


Самая лепшая з чатырох: я вырашыў ладзіць паэтычныя разборы. Калі хочаш, каб твой верш быў разабраны са ўсёй строгасцю, дасылай яго мне з пазнакай «На разбор»! УВАГА: мае разборы ВЕЛЬМІ строгія і занудныя!


Пятая навіна


Зусім суперская: 10 кастрычніка а 16-й гадзіне ў фае Дома прэсы адбудзецца першае паседжанне Клуба лупа-літаратараў! Адрас Дома прэсы: Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а. Прыходзь сам, прынось творчасць!

апытанка.png


Ну а цяпер вершы, а дакладней, першы верш.


Яго напісаў ужо згаданы Арцём С., вучань восьмага класа гімназіі. Арцём С. ро­біцца першым удзельнікам паэтычнага хіт-параду.

«Эўрыка», – казаў банкрот,
Бо паняў: сярод iх быў «крот»!
Цяпер у турме сядзiць
Нявiнны дзядзька –
I ў яго няма дастатку.
Дзе крот? Яго з`еў кот.


А першым удзельнікам хіт-параду празаічнага робіцца 16-гадовая Лізавета К. з маленькім і страшнаватым апавяданнем «А вы уверены?»


А вы уверены?


Вы уверены, что знаете, кто ваша лучшая подруга, ваш парень, мать, отец? Вы, конечно же, скажете «да» и наверняка цокнете при этом.


А что если ваш парень – маньяк, мать – шпионка, а отец – преступник, которого ищут уже много лет? Что вы будете делать тогда, а?


Впадёте в депрессию, начнете говорить, что это бред или просто смиритесь с этим?


Каков будет ваш выбор?


Сейчас вы не знаете его: вы ещё не попали в эту ситуацию, и путь, который на данный момент кажется вам самым правильным и близким, может измениться в одну секунду, когда ваш мозг сам примет решение в этой критической ситуации.


А знаете, какой вопрос наверняка придёт вам первым в голову, окажись вы в этой ситуации?
«Кто я? Какова моя судьба?»


И знаете, что придёт вам в голову после это вопроса?


Ничего. Совершенно ничего. Мы не знаем, кто мы, откуда мы и зачем родились вообще.
Но я уверена лишь в одном: человек может узнать, кто он, только примеряя на себя разные маски, меняя образы.


Люди как малыши, пробующие всё на вкус, – могут узнать, кто они, лишь пробуя, а не живя в одном образе.


Бррр, аж самому страшнавата :-(Пайду паем смажанай індзейкі, таму што свінінкай такое жудаснае апавяданне не заясі. Будзем спадзявацца, што з намі апісаных жахаў не адбудзецца, а Лізу віншуем з дэбютам!


Ні Арцёма, ні Лізу я сёння крытыкаваць не буду, але не таму, што яны не вартыя крытыкі, а таму, што яны першыя. Твае вершы, калі захочаш... а, я ж ужо, здаецца, казаў пра чацвёртую навіну :-)


Ну і на завяршэнне сённяшняй рубрыкі мае вершы:


Некалькі беларускамоўных піражкоў!


вiнцэсь камунiкуе ўночы
з двума прыстойнымi людзьмi
на чыстай беларускай мове
яго пытаюць запалiць


* * *


агы аўаўа аўа ўоўэ
агуга гэўы ўаўагэ
калi зубная паста ў роце
нязручна вельмi размаўляць


* * *


васiль абуў красоўкi кеды
валёнкi боты i пайшоў
а ганначка сараканожка
ёй гэта ўсё крыху даўжэй


* * *


джэймс хэтфiлд iнгвi i валера
ляпiлi ўтрох снегавiка
а саладуха ў белым футры
нiводнага з iх не пазнаў


Птэрадактыль


Я — птэрадактыль
У пошуках рыбаў.
Бачу квадраты
Дачных сядзiбаў.
Бачу сляпучы
Сонечны дах.
Бачу мурашак на дзвюх
нагах.

Рыбы не бачу.
Самак не бачу.
Вымерлi самкi
З гора, няйначай.
Папараць-кветак
Тут не чуваць.
Трэба ізноў засынаць.

— Глядзi, птэрадактыль!
— Якi птэрадактыль?
Пэўна, на сонцы
Сплавiў свой дах ты!
Бусел, напэўна,
Цi салавей.
Пойдзем у дом да гасцей.


Вынаходнiк


Казалi: чалавеча, ты неадэкватны,
Штуршок не вытрываеш самы далiкатны.
Глядзi як трэба: стаў — стаiш на дзвюх нагах.
Iзноўку на адной... не, гэта нейкi жах!

Ён вытрываў штуршкi i выжыў недабiты,
Ён упадаў на дол, базальты i гранiты.
Прайшло сто тысяч год, а ён усё стаiць.
Ён даў нам новы рух — ён вынайшаў  х а д з i ц ь.


Дасылай свае цікавыя і нецікавыя адказы на адрас mushroom1948@bk.ru, туды ж дасылай прозу і вершы.


Фото Александра РУЖЕЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter