З Харкава прыйшла сумная вестка пра смерць паэтэсы Маі Львовіч

Пяцімоўная паэтэса

З Харкава прыйшла сумная вестка пра смерць Маі Львовіч, з якой у свой час быў у творчым сяброўстве Уладзімір Караткевіч ды іншыя беларускія пісьменнікі
З Харкава прыйшла сумная вестка пра смерць Маі Львовіч, з якой у свой час быў у творчым сяброўстве Уладзімір Караткевіч ды іншыя беларускія пісьменнікі

Паэтэса Мая ЛьвовічПаэтэса, якая пісала вершы на ўкраінскай, беларускай, рускай, яўрэйскай і сербскай мовах, нарадзілася 23 красавіка 1933 года ў Адэсе. Аднак карэнні ў яе — нашы, беларускія: маці паходзіла з Гомеля, а бацька — з Веткі. Адтуль яны перасяліліся ва Украіну, у 1938-м пераехалі з Адэсы ў Харкаў. У 1941-м бацька пайшоў на фронт, а маці з дзецьмі рушыла ў Казахстан. Пасля вайны сям’я вярнулася ў Харкаў, дзе Мая працягнула вучобу ў школе, якую закончыла з сярэбраным медалём.

Потым быў Харкаўскі ўніверсітэт: спачатку нямецкае аддзяленне, потым — украінскае. Скончыла яго Мая Давідаўна з адзнакай. Аднак ужо ў час вучобы цяжка захварэла, перанесла аперацыю на сэрцы, атрымала інваліднасць. Таму адпала мажлівасць хадзіць на працу. Добра хоць, што выдавецтва “Прапар” дало ёй магчымасць працаваць карэктарам-надомнікам. У побыце дапамагалі маці, сябры. Адначасова Мая Львовіч пісала і перакладала вершы. Першыя ўзніклі яшчэ ва ўніверсітэце на рускай мове, затым яна перайшла на ўкраінскую. Перакладала з польскай, чэшскай, сербскай. Апошняй захапілася так, што сама пачала на ёй пісаць вершы, друкавацца ў Югаславіі. Завочна пасябравала з вядомай сербскай паэтэсай Дзесанкай Максімавіч.

І паступова ўзрастала цікавасць паэтэсы да прарадзімы-Беларусі. Лістоўна, а потым і асабіста яе падмацоўвалі Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізьнік, Аляксей Пысін, Максім Танк, Віктар Ярац, якія перакладалі ўкраінскія вершы паэтэсы. У 1971-м яна ўпершыню наведала Беларусь, а потым прыязджала ў Мінск і на Гомельшчыну некалькі разоў. Перакладала беларускую паэзію, прозу, народныя казкі, рыхтавала ўкраінска-беларускі сінанімічны слоўнік. У 1984-м Мая Львовіч стала сябрам Саюза ўкраінскіх пісьмен­нікаў, у 1996-м — беларускага Саюза. Паступова яе паэзія ператварылася са шматмоўнай у дзвюхмоўную: у зборніку “Цяпельца-вогнік” (1995) арыгінальныя беларускія і ўкраінскія тэксты ідуць паралельна, што сустракаецца вельмі рэдка.

Адначасова з паэтычнай творчасцю і перакладчыцкай дзейнасцю Мая Львовіч актыўна вяла і грамадскую. На як кватэры часта збіраліся харкаўскія беларусы і беларусісты — на чале з дацэнтам універсітэта Аляксандрай Кавалёвай. Іх там чакала даволі багатая бібліятэка беларускіх кніг, мінская і гомельская перыёдыка. Шматбаковая дзейнасць паэтэсы была адзначана прэміяй часопіса “Березиль”.

...Нядаўна Сяргей Шычко, адным з першых у Мінску даведаўшыся пра смерць паэтэсы, якая наступіла 13 ліпеня, пісаў у газеце “Літаратура і мастацтва”: “Відаць, прыйдзе яшчэ той час, калі і ў Беларусі вартым чынам адзначаць Маю Львовіч, выдадуць яе творы ёмістым фаліянтам”. Ад сябе да гэтых слоў у канцы некралога падкажу, дзе шукаць творы для такога выдання. На працягу 1990-х мая харкаўская карэспандэнтка дасылала мне ў Цэнтр імя Францыска Скарыны на шматках паперы, але надрукаваныя на машынцы, копіі ўсіх сваіх новых вершаў. Сёння яны клапатліва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, адкуль іх і можна ўзяць укладальніку.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter