Пятнаццаць праменьчыкаў цяпла

ВЫТОКІ гэтага незвычайнага тэлевізійнага фестывалю бяруць пачатак у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, калі пасля распаду нашай вялікай краіны прыкметна адчулася патрэба ў самых звычайных кантактах. Гэта быў 1993 год, напоўнены на постсавецкай прасторы неспакойнымі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі падзеямі. У Беларусі пасля незвычайна працяглых жнівеньскіх дажджоў няўрымслівая рака Гарынь выйшла з берагоў. Пад вадой апынуліся пойменныя ўгоддзі, пасевы сельгаскультур, нават прыбярэжныя населеныя пункты. Здымачная група Беларускага тэлебачання аператыўна выехала на Палессе і зняла ўнікальны матэрыял пра барацьбу палешукоў з незвычайнай воднай стыхіяй. Усё гэта і лягло ў аснову фестывальнага тэлефільма, назву якога трапна далі радкі з верша сучаснага беларускага паэта Змітрака Марозава — «Якое заўтра нас чакае ранне?». Праз развагі сялян, спецыялістаў аграпрамысловага комплексу, кіраўнікоў гаспадарак і падзеі тых неспакойных дзён стваральнікі фільма яскрава адлюстравалі сацыяльна-палітычны зрэз жыцця беларускай вёскі, якая перажывала тады даволі складаны перыяд рэфармавання. Якім шляхам ісці далей, хто будзе гаспадарыць на зямлі? Гэтыя і шмат іншых злабадзённых праблем паўставалі перад беларускай вёскай. Усё гэта і знайшло адлюстраванне ў тэлепраграме, што была прадстаўлена на творчы конкурс тэлевізійнага фестывалю аграрных праграм у Латвіі.

Чым яшчэ больш зблізіў вяскоўцаў Беларусі і Украіны ХХ Міжнародны тэлевізійны фестываль «Аграсвет» ва ўкраінскім Камянец-Падольску Хмяльніцкай вобласці

ВЫТОКІ гэтага незвычайнага тэлевізійнага фестывалю бяруць пачатак у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, калі пасля распаду нашай вялікай краіны прыкметна адчулася патрэба ў самых звычайных кантактах. Гэта быў 1993 год, напоўнены на постсавецкай прасторы неспакойнымі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі падзеямі. У Беларусі пасля незвычайна працяглых жнівеньскіх дажджоў няўрымслівая рака Гарынь выйшла з берагоў. Пад вадой апынуліся пойменныя ўгоддзі, пасевы сельгаскультур, нават прыбярэжныя населеныя пункты. Здымачная група Беларускага тэлебачання аператыўна выехала на Палессе і зняла ўнікальны матэрыял пра барацьбу палешукоў з незвычайнай воднай стыхіяй. Усё гэта і лягло ў аснову фестывальнага тэлефільма, назву якога трапна далі радкі з верша сучаснага беларускага паэта Змітрака Марозава — «Якое заўтра нас чакае ранне?». Праз развагі сялян, спецыялістаў аграпрамысловага комплексу, кіраўнікоў гаспадарак і падзеі тых неспакойных дзён стваральнікі фільма яскрава адлюстравалі сацыяльна-палітычны зрэз жыцця беларускай вёскі, якая перажывала тады даволі складаны перыяд рэфармавання. Якім шляхам ісці далей, хто будзе гаспадарыць на зямлі? Гэтыя і шмат іншых злабадзённых праблем паўставалі перад беларускай вёскай. Усё гэта і знайшло адлюстраванне ў тэлепраграме, што была прадстаўлена на творчы конкурс тэлевізійнага фестывалю аграрных праграм у Латвіі.

ГЭТЫМ запомніўся той першы тэлевізійны фестываль аграрных праграм, які прайшоў у Латвіі. На ўрачыстым закрыцці форума міжнароднае журы абвясціла лаўрэатаў з розных еўрапейскіх тэлекампаній. Беларуская тэлепраграма «Якое заўтра нас чакае ранне?» трыумфальна атрымала Гран-пры. Дарэчы, за мінулыя дваццаць тэлевізійных фестываляў «Аграсвет» яшчэ тройчы тэлежурналісты Беларусі ўдастойваліся такога высокага гонару.

Менавіта гэта першая сустрэча аграрных тэлежурналістаў на латышскай зямлі заклала традыцыі фестывалю «Аграсвет»: бескампрамісныя і чэсныя праграмы на конкурсе, вострыя дыскусіі ўдзельнікаў з гасцямі форума, знаёмствы з усім новым і цікавым у аграрным сектары краіны, прымаючай фестываль. Канечне, ніхто тады і не марыў, што будзе адолены шлях да дваццатага фестывалю. Тэлежурналістам — ініцыятарам правядзення тэлефорума — не проста ўдалося захаваць фестываль, але пастаянна весці важную справу, дапамагаючы стымуляваць працу аграрыяў.

І ВОСЬ новая сустрэча ва Украіне. На працягу тыдня журналісты знаёміліся з аграрным сектарам Хмяльніцкай вобласці, наведвалі рэфармаваныя сельскагаспадарчыя вытворчыя калектывы розных раёнаў, цікавіліся жыццём вяскоўцаў, перспектывамі развіцця рэгіёну. Падчас сустрэчы кіраўнік Хмяльніцкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Васіль Ядуха адзначыў, што чацвёрты год запар вобласць зберагае пазітыўную дынаміку развіцця аграпрамысловага комплексу, а па многіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці нават лідзіруе ва Украіне. Асноўныя плошчы  сельгасугоддзяў тут адводзяцца пад збожжавыя і тэхнічныя культуры. Апошнім часам масава стала развівацца садоўніцтва.

Міністр аграрнай палітыкі і харчавання Украіны Мікалай Прысяжнюк шчыра падзякаваў аграрных тэлежурналістаў за работу па прапагандзе дасягненняў у аграрным сектары і адзначыў, што журналісты, аналізуючы ініцыятывы аграрыяў, даволі часта многае падказваюць, што спрыяе весці галіну правільным шляхам, дае магчымасць развіваць пазітыўны рух у нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці і аднаўленні вёскі.

А тым часам міжнароднае журы вырашала лёс пераможцаў у пятнаццаці намінацыях творчага конкурсу. Вельмі прыемна адзначыць, што ўсе пяць прадстаўленых на суд журы беларускіх тэлепраграм сталі прызёрамі ХХ юбілейнага Міжнароднага тэлевізійнага фестывалю «Аграсвет». Як адзначыў член журы ХХ Міжнароднага тэлефестывалю «Аграсвет», кандыдат філалагічных навук, расійскі прафесар Рыгор Тараненка, узровень конкурсных работ беларускіх тэлежурналістаў з году ў год набывае больш аналітыкі і пры гэтым актыўна прадстаўляе жыццё сучаснай беларускай вёскі. З мінулых гадоў мне добра помніцца тэлевізійная праграма Сяргея Кацьера з Першага нацыянальнага тэлеканала Беларусі пра брэсцкую гаспадарку «Астрамечава». Гэта творчая работа была ўдастоена Гран-пры ў 2010 годзе. А як па-майстэрску  прадставіла  рэжысёр   Белтэлерадыёкампаніі Валянціна Гумілеўская маладога кіраўніка з Віцебшчыны Алега Вішнеўскага, які нарадзіўся і вырас у абласным цэнтры, але памяняў гарадскі асфальт на гумавыя боты галоўнага заатэхніка гаспадаркі. Журналісты сачылі за яго лёсам некалькі гадоў. Былі на яго вяселлі, расказалі пра яго першынца, а таксама пра прызначэнне дваццацігадовага Алега Вішнеўскага намеснікам старшыні гаспадаркі. Цікава, як далей склаўся лёс гэтага апантанага вёскай маладога беларуса? Думаецца, што на наступных фестывалях мы яшчэ ўбачым працяг пра гэтага маладога чалавека.

Высокую ацэнку журы дало тэлевізійнай праграме таксама з Віцебшчыны аўтара і рэжысёра Дзмітрыя Булойчыка «Актуальны рэпартаж: афрыканская чума свіней», дзе на прыкладзе буйных і найбольш паспяховых свінакомплексаў вобласці даволі цікава разгледжаны асноўныя дзяржаўныя метады па абароне прамысловай свінагадоўлі ад небяспечнага захворвання.

Вялікую цікавасць у журы выклікала і конкурсная праграма гомельскіх тэлежурналістаў «Нацыянальны парк «Прыпяцкі»: усё ўключана!», у якой захапляльна распавядаецца пра ўнікальны куточак Беларускага Палесся, дзе створаны дзяржаўны запаведнік, які сёння прымае турыстаў з усіх куткоў свету. Тут ёсць усё неабходнае для паўнацэннага адпачынку: камфортная гасцініца, магчымасць займацца паляваннем ці рыбнай лоўлей, распрацаваны экалагічныя маршруты па затоках Прыпяці і глыбінным самабытным палескім вёскам.

— А мяне ў гэтай гомельскай тэлепраграме вельмі захапіла знаёмства з вёскай новага пакалення, — падключаецца да размовы намеснік старшыні журы ХХ Міжнароднага тэлефестывалю «Аграсвет», загадчыца рэдакцыі эксмперыментальных тэлепраграм Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны Алена Загараднюк. — Я і раней чула пра беларускія аграгарадкі, але, калі ўбачыла на экране праграму пра Ляскавічы, што на беразе Прыпяці, з’явілася вялікае жаданне трапіць туды і сваімі вачыма паглядзець на гэты сапраўдны еўрапейскі гарадок, пахадзіць па мясцоваму сафары-парку, наведаць музей прыроды. Адным словам, заставацца раўнадушнай ад такой праграмы проста немагчыма.

НЕАДНАРАЗОВЫ старшыня журы фестывалю акадэмік Украінскай аграрнай акадэміі навук, Герой Украіны Пятро Саблук адзначае пастаянны высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. Яго кранула праграма пра станаўленне палескага фермера Міхаіла Шруба, які цяпер паспяхова вядзе свой бізнес на зямлі. І пры гэтым стварыў спрыяльныя ўмовы для жыцця землякоў, якія некалі паверылі яму і падтрымалі. Цяпер яго сялянская гаспадарка — адна з найбольш эканамічна моцных не толькі на Гомельшчыне.

Увогуле на гэтым фестывалі шмат беларускіх праграм прысвечана Палессю. «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» з Мінска даслала даволі грунтоўнае аналітычнае даследаванне «Палессе, без права на памылку» з цыкла «Зваротны адлік», які ідзе на Другім нацыянальным тэлеканале Беларусі. Аўтар Г. Арцюшкевіч і рэжысёр М. Рэчкалава глыбока аналізуюць вынікі шырокамаштабнай меліярацыі ў паўднёвай частцы рэспублікі, дзе ў савецкія часы ствараліся саўгасы, будавалася жыллё і масава асушаліся балоты. Меліяраваныя землі давалі высокія ўраджаі, а пасля некалькіх гадоў ператвараліся… у пустыню. Гарэлі тарфянікі, над Палессем насіліся буры пылу, а галоўнае, у рэгіёне мяняўся клімат. Ды і не толькі ў гэтым рэгіёне. Еўрапейцы раптам зразумелі, што ўраганы, смерчы і навадненні ўчасціліся на кантыненце таксама шмат у чым з-за асушэння Палесся! Вучоныя ўстанавілі: балоты паглынаюць парніковыя газы і вырабляюць у некалькі разоў больш кіслароду, чым дрэвы. Але пры асушэнні выдзяляюць вялікую колькасць вуглекіслаты. І назвалі нашы балоты «лёгкімі Еўропы». Зараз у Беларусі ідзе новы этап меліярацыі. Праўда, весці яе абяцаюць з улікам мінулых памылак. Паколькі тэма меліярацыі закранае многія краіны, яна вельмі актуальная, і стваральнікам праграмы ўдалося аргументавана прааналізаваць гэту важную праблему. І як вынік — званне лаўрэата фэстывалю «Аграсвет».

УДЗЕЛЬНІКІ гэтага прафесійнага форуму мелі магчымасць азнаёміцца з лепшымі работамі калег, прыняць удзел у дыскусіях з вучонымі-аграрыямі і спецыялістамі гаспадарак Хмяльніцкай вобласці. Як адзначыў прэзідэнт Еўразійскай Акадэміі тэлебачання і радыё Валерый Рузін, фестываль штогод збірае аднадумцаў, нераўнадушных у сваёй творчасці. Расказваць пра вяскоўцаў не так проста, але ганарова. І ў кожнай конкурснай праграме — праменьчык цяпла, падоранага людзьмі працы.

Кожная сустрэча на такім фестывалі абагачае, поўніць творчы багаж. А часам і падказвае самыя нечаканыя тэмы, формы падачы матэрыялу. І яшчэ вельмі прыемна, што з кожным годам ўсё больш упэўнена гэты форум заяўляе пра сябе. Ён унікальны па форме і па зместу. А яшчэ не менш важна, што поўніцца маладымі журналістамі, у якіх ёсць цікавасць расказваць пра людзей вёскі.

І хочацца спадзявацца, што на наступным Міжнародным тэлефестывалі «Аграсвет», які ўпершыню перашагне на азіяцкі кантынент (плануецца яго правядзенне ў Казахстане) Беларусь будзе прадстаўлена таленавітай плеядай маладых тэлежурналістаў-аграрыяў, у якіх вялікае поле дзеяння, бо на Беларусі багатыя аграрныя вытокі.

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Фота аўтара

Хмяльніцкая вобласць, Украіна

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter