Пясняр сям’i

25 лiпеня пайшоў з жыцця народны паэт Беларусi Янка Брыль
25 лiпеня пайшоў з жыцця народны паэт Беларусi Янка Брыль

Жыццё Янкi Брыля — жыццё шляхетнай Беларусi; тая духоўная прастора, асноўныя вехi якой — творчасць i сям’я.

Само паняцце «творчасць» для пiсьменнiка было святым, ён верыў у самадастатковасць творчасцi, у яе бяcконцае iснаванне, выяўленае, вядома ж, праз беларускае слова, праз беларускi колер.

Творчасць як вырошчванне хлеба — гэта iдэя блiзкая Янку Брылю...

Ён працаваў па–сялянску ашчадна, умеў дакладна разлiчыць суадносiны пачуцця i думкi, ухiляўся ад гучных сюжэтаў, шчаслiва пазбягаў доўгапiсання, любiў сцiслы вербальны малюнак, не верыў у апавядальны дынамiзм, таму ягоная проза непаспешлiвая, як Нёман.

Мастацкасць Янкi Брыля — не набытая, а прыродная!

Яго раман «Птушкi i гнёзды» будзе заўсёды нагадваць нам аб тым, што беларус абавязкова (!) павiнен з чужыны вярнуцца на радзiму; а калi тое немагчыма, то на чужыне павiнен заставацца беларусам.

Яго аповесць «Нiжнiя Байдуны» будзе вечна сведчыць пра тое, што i беларусы — нацыя весялосцi, нацыя здаровага смеху i гумару; iншая справа, што гэтым карнавальным мастацтвам мы незаўсёды ўмеем карыстацца.

Апавяданнi ж «Memento mori» i «Апоўначы», а найперш вялiкая кнiга «Я з вогненнай вёскi...», створаная разам з Алесем Адамовiчам i Уладзiмiрам Калеснiкам, як пераканаўча казалi, так i будуць пераканаўча казаць свету пра наша гiстарычна–галоўнае: беларусы — не пасiўныя ахвяры фашызму, а яго пераможцы.

Мiнiяцюры Янкi Брыля — свята псiхалагiчнай назiральнасцi, казачнасць нашай вёскi i мястэчка, ратушнасць нашай сталiцы, спраўджанасць Купалавай мары: роднае не знiкне!

Урэшце згадаю i сямейную сагу «Муштук i папка», але не толькi таму, што гэта цi не самы яркi твор у нашай лiтаратуры на страшную тэму палiтычных рэпрэсiй, а перш за ўсё таму, што гэта менавiта с я м е й н а я сага — своеасаблiвы маральны дакумент, паводле якога сям’я з’яўляецца для чалавека цi не асноўнай каштоўнасцю.

Сям’я — галоўная тэма Янкi Брыля.

Праз усё сваё доўгае жыццё памяркоўна i ўпэўнена пiсьменнiк даводзiў, здаецца, усiм вiдавочнае: беларусы — нацыя не раскiдная, а сямейная.

I ў гэтым было нешта царкоўнае, у тым сэнсе, што i святары, бадай, штодзённа гавораць нам пра тое, пра што мы i самi ад нараджэння ведаем: шануйце бацькоў, шануйце свой род, шануйце сям’ю i г.д.

Радасна мне ў гэтым развiтальным слове казаць пра Янку Брыля, шляхетнага класiка i прыгожага чалавека: ён напiсаў цудоўныя творы i стварыў цудоўную сям’ю.

Радасна таксама згадаць яго пранiклiвага вучня Мiхася Стральцова, якi аднойчы заўважыў, што празаiк Янка Брыль мае «непапсаваны таннай парадаксальнасцю розум».

Мусiць, гэта самы дакладны партрэт аўтара «Птушак i гнёздаў», прачулага пясняра беларускай сям’i.

Леанiд ДРАНЬКО–МАЙСЮК, 26 лiпеня 2006 года, 00 гадзiн 15 хвiлiн.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter