Паляўнічы з Драгічына стварыў адзіны ў краіне ансамбль рагавой паляўнічай музыкі

Пясняр беларускага палявання

Паляўнічы з Драгічына стварыў адзіны ў краіне ансамбль рагавой паляўнічай музыкі
Музыкант і паляўнічы з Драгічына Мікалай Шаўчук аб’яднаў два свае захапленні і стварыў адзіны ў краiне ансамбль рагавой паляўнічай музыкі.


Ёсць людзі, быццам колішнія грубкі, — цёплыя і грунтоўныя. Да іх цеплыні хочацца падсесці бліжэй, прытуліцца, калі за акном або на душы непагадзь. І слухаць iх бясконца. Дзед Бекас — з такіх. Пад гэтым імем Міколу Шаўчука ведае амаль кожны з тых, хто больш-менш сур’ёзна займаецца паляваннем. Ён заснаваў адзіны ў нашай краіне ансамбль рагавой музыкі, вывучае сігналы паляўнічых ражкоў, піша маршы і вершы, а таксама займаецца папулярызацыей малавядомай пароды сабак — беларускага ганчака.

З дзедам Бекасам мы пазнаёміліся напрыканцы вясны ў Белавежскай пушчы, на першым фестывалі паляўнічай музыкі. Мікола Шаўчук такіх па-дзей не прапускае. Абавязкова едзе, нават калі здароўе падводзіць. У пушчы кожны крок для дзеда Бекаса станавіўся выпрабаваннем. Цяжкая хвароба брала сваё. Апорай яму былі ўнук і металічная прылада на чатырох нагах. Аднак дзед Бекас трымаўся мужна. Апрануты ў старажытны строй беларускага паляўнічага, ён радаваў звонкім ражком гасцей фэсту, адказваў на бясконцыя пытанні. Пагаварыць з Міколам Шаўчуком тады не атрымалася. Але ён запрасіў да сябе ў госці, у палескі гарадок Драгічын. 

Для невялікага райцэнтра асоба Міколы Шаўчука вельмі маштабная, каб заставацца незаўважанай. Тут яго ведае кожны. Пяціпавярховік, у якім жыве дзед Бекас, адшукаў хутка — адразу за помнікам Леніну. На парозе сустракае гаспадар. Лагодна ўсміхаецца, вітаецца: «Хвала лесу!» На гэтыя словы неабходна адказаць такімі ж: «Хвала лесу!»

Простая і ўтульная кватэра. На сценах — процьма фотаздымкаў і дыпломаў. На паліцах і ў шафах — безліч кніг. Пакой тоне ў густым водары восеньскіх яблыкаў, што ляжаць на стале. Дзед Бекас садзіцца на ложак і ставіць умову: «Я буду размаўляць па-беларуску, а вы — пісаць на мове. Дамовіліся?» Дамовіліся. 

— Я заўсёды любіў музыку, прыроду і спорт, — пачынае свой аповед Мікалай Аляксандравіч. — Іграў на трубе, займаўся вольнай барацьбой. Паступіў у інстытут фізічнай культуры. Побач трэніраваліся чэмпіёны СССР, Еўропы. На суседнім дыване — сам Аляксандр Мядзведзь. А я ж быў худы як шчэпка! Ну, думаю, папаў. Але нічога, справіўся. Скончыў з чырвоным дыпломам. Стаў кандыдатам у майстры спорту.

Пасля інстытута Мікалай Шаўчук вярнуўся ў родны Драгічын. У секцыю вольнай барацьбы набраў першую групу хлопцаў. І пайшло-паехала. Сярод вучняў таленавітага трэнера — чэмпіёны Беларусі, прызёры юнацкіх чэмпіянатаў Савецкага Саюза: 

— Помню, прывёз неяк сваіх хлопцаў на спаборніцтвы ў Мінск, а нас прадстаўляюць: «Драчычын». Які, думаю, «Драчычын»? Але ж мы за родны горад адпомсцілі. З трынаццаці рабят дзевяць атрымалі медалі. Усе пыталіся, дзе гэтых пацаноў знайшоў. А я проста з імі працаваў як трэба. Па тэорыі як у інстытуце вучылі. 

Але ж галоўнай справай дзеда Бекаса стала музыка. З дзяцінства ён іграў на трубе. Падчас службы на Далёкім Усходзе ўваходзіў у склад вайсковага аркестра. Потым вучыў музычнай грамаце дзяцей у драгічынскай музыкалцы: 

— Неяк брат прывёз з Санкт-Пецярбурга карабельную трубу. Ну, я калі-нікалі браў яе з сабой на паляванне. Трубіў, што ў галаву прыйдзе. А ў 1999 годзе мяне запрасілі на конкурс, які праходзіў падчас нацыянальнага свята паляўнічых і рыбаловаў. Прыслалі ноты паляўнічых сігналаў. З таго часу гэтая тэма не дае мне спакою.

У 2001 годзе дзед Бекас заснаваў адзіны ў Беларусі ансамбль ражковай паляўнічай музыкі «Бекасікі». Хутка «Бекасікі» падраслі і сталі «Бекасятамі», а потым — i дарослымі «Бекасамі». Каля 30 разоў ансамбль прымаў удзел у замежных конкурсах і фестывалях. У асноўным у Польшчы: 

— З палякамі ў нас наладзіліся добрыя адносіны. Яны з радасцю нас запрашалі, а мы з задавальненнем ездзілі. Тады чэргі на мяжы былі страх якія! Прасіў памежнікаў прапусціць, каб дзеці на фестываль не спазніліся. Тыя, каб упэўніцца, што мы сапраўды на фестываль едзем, прасілі сыграць што-небудзь. Мае хлопцы выходзілі і паказвалі клас!

Чалавек актыўны, няўрымслівы, апантаны, Мікалай Шаўчук не стаў абмяжоўвацца толькі выкладаннем ігры на ражку. Ён пастараўся захапіць сваіх выхаванцаў вывучэннем біялогіі звяроў і птушак, турыстычных навыкаў, паляўнічай справы. Так неўпрыкмет склалася секцыя «Юны паляўнічы і рыбалоў». 

Дзед Бекас дастае з шафы ражок. Расказвае, што прывезлі яго з Германіі і каштуе ён нямала — 250 долараў. Зараз іграе спадар Мікола вельмі рэдка — здароўе не тое. Але ж пра сігналы паляў-нічых ён можа расказваць гадзінамі.

Пачынаючы з XV стагоддзя, без гукаў ражкоў не абыходзілася ні адно паляванне: «збор стралкоў», «прывітанне», «пачатак загону», «прызыў на абед», «падзяка прыродзе» — усяго ў арсенале паляўнічых больш за сотню розных сігналаў. Аднак на працягу апошніх дзесяцігоддзяў рагавая музыка не гучала ў беларускіх лясах. Адраджэнне традыцый — галоўная мэта адданага паляўнічага і музыканта з Драгічына. 

— Што за выява на гербе Радзівілаў? — хітра ўсміхаецца дзед Бекас. — Тры пераплеценыя ражкі. Яны ўзгадваюцца і ў «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. Шмат дзе яшчэ. Паляўнічая музыка, сігналы — гэта наша старадаўняя традыцыя. І яе трэба абавязкова аднавіць!

Фактычна кожны крок паляўнічага можна пракаментаваць сігналам. Гасцей лесу вітаюць гукамі ражкоў, клічуць на абед, аддаюць даніну павагі забітым звярам. Дзед Бекас расказвае, што самы складаны сігнал — «пабудка». Сёння ён амаль не ўжываецца. Самы любімы сярод паляўнічых — «прызыў на абед». Завяршаецца паляванне «падзякай прыродзе»: 

— У канцы дня на паляне выкладваюцца ўсе трафеі. Прычым строга па значнасці. Першым кладуць зубра, потым лася, мядзведзя. І так да самай маленькай птушачкі. Для кожнай жывёлы паляўнічыя павінны сыграць «развітанне з лесам». Яны забралі жыццё звера, і таму патрэбна аддаць даніну павагі. 

Сігналы з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Германіі. Іх дапаўнялі палякі, аўстрыйцы, венгры. Значная частка паляўнічых Еўропы карыстаецца менавіта гэтымі сігналамі. У тым ліку беларускія, польскія, літоўскія энтузіясты. У паляўнічых з Францыі, Чэхіі, Эстоніі свае, асобныя знакі. 

— У Польшчы паляўнічая музыка — гэта цэлы пласт нацыянальнай культуры. Кожны год праводзіцца некалькі буйных фестываляў, у якіх бяруць удзел тысячы чалавек. Я мару, каб і ў нас праходзіла нешта падобнае, але энтузіястаў вельмі не хапае. Некалі я хацеў арганізаваць у нашым раёне фестываль паляўнічых, запрасіць гасцей. Біўся-біўся і пакінуў, бо сам я гэта проста не пацягну.

Дзед Бекас аднекуль дастае агромністую папку. Паказвае ноты, вершы, тэксты, неадасланыя пісьмы ў канвертах без адрасоў.

— Нейкі час я нават з ложка падняцца не мог. Думаў, памру. Вырашыў сабраць усё, што зроблена. Перамагаючы боль, працаваў тры месяцы. Вось праграма развіцця рагавой і паляўнічай музыкі ў Беларусі. Гэта праграма першага Нацыянальнага фестывалю паляўнічай музыкі і культуры. Далей тэкст клятвы і цырымонія прыёму ў паляўнічыя. Трэба быць дзіваком, каб займацца ўсім гэтым, — усміхаецца дзед Бекас.

Мікалай Аляксандравіч гартае ноты. Ягоныя пераклады песень на беларускую мову, напісаныя ім «Марш паляўнічых» і «Драгічынская паляўнічая фанфара». А яшчэ — сотні тэкстаў і артыкулаў. Іх значная частка прысвечана музыцы, беларускім традыцыям палявання, любімай рацэ Ясельдзе.

Ёсць у дзеда Бекаса мара: каб усё, што зроблена за апошнія гады, не знікла, не прапала. Зараз ён стварае невялічкі сямейны музей, дзе будуць сабраныя тэксты, ноты, інструменты, фотаздымкі, граматы і прызы. А яшчэ ён вельмі спадзяецца, што справу яго жыцця працягнуць унукі Веніямін, Павел і Назар. Двое старэйшых ужо вучацца іграць на трубе і саксафоне: 

— У кожным райцэнтры ёсць музычная школа. Амаль у кожнай школе — духавое аддзяленне. Чаму б не зацікавіць хлопцаў, не вучыць іх паляўнічым сігналам? Трэба ж захаваць нашу традыцыю! Вучыцца можна на трубах, а потым купіць ражкі. Ражок — гэта тая ж труба, толькі тэмбр у яе больш прыгожы, загадкавы. Я распісаў усю праграму, кожны год, кожны занятак. На жаль, гэтым пакуль ніхто не зацікавіўся…

p.losich@gmail.com

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter