Пяшчотны гігант

Добрага чалавека павінна быць многа — але не заўсёды гэта яму дапамагае У Беларусі цудам захаваліся рэшткі калісьці адной з самых багатых калекцый “свецкіх” фотаздымкаў даваеннага часу — “Сусветнага фота”. “Народная газета” ўжо расказвала пра лёс самой калекцыі, частка якой асела ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. Аднак дагэтуль ніхто асабліва не цікавіўся паходжаннем асобных фота і не імкнуўся “расшыфраваць” жыццёвыя гісторыі, схаваныя за сціплымі надпісамі. Напрыклад, такім: “Роберт Вадлаў, жыхар ЗША, самы высокі чалавек у свеце (8 футаў, 1/2 дзюйма). ЗША, 1937 г. “Як бачыце, сёлета фотаздымку мінула семдзесят год. Магчыма, за гэты час рэкорд Роберта быў неаднойчы пабіты. Ды і колькі гэта — 8 футаў, 1/2 дзюйма? У працэсе пошукаў інфармацыі пра гіганта карэспандэнт “НГ” высветліла, што і ў наш час жыццё “вялікіх людзей” поўніцца незвычайнымі падзеямі і выпрабаваннямі. Але вернемся да Роберта Вадлаў.

Рэкорд яго росту — 272 сантыметры — да гэтага часу зафіксафаны ў Кнізе рэкордаў Гінэса як абсалют, ніхто так і не змог перарасці велікана з амерыканскага гарадка Элтан. Дарэчы, інфармацыі пра асабістае жыццё Роберта ў беларуска- і рускамоўных крыніцах амаль няма, давялося карыстацца англамоўнымі. І гісторыя гэтага “вялікага хлопчыка”, які пражыў усяго 22 гады, не можа не крануць.
Вадлаў нарадзіўся ў 1918 годзе і быў старэйшым з пяці дзяцей, меў дзвюх сястрычак і двух братоў. Пры нараджэнні Роберт важыў 3,8 кілаграма і меў нармальны рост. І толькі ў чатыры гады хлопчык пачаў выклікаць здзіўленне ў знаёмых, бо рос вельмі хутка. Пяцігадовы Роберт наведваў дзіцячы садок у адзенні семнаццацігадовага падлетка. У восем “хлопчык” дасягнуў 1,88 метра і на фота выглядаў у два разы вышэйшым за равесніка. Не дзіва, што хутка — у трынаццаць гадоў пры росце 2,24 метра — Вадлаў быў аб’яўлены самым высокім бойскаутам у свеце. Дарэчы, ужо тады хлопец насіў абутак 57-га памеру! Прыкладна ў гэтым узросце старэйшы сын сям’і Вадлаў зазнаў першае расчараванне. З адзінаццаці да трынаццаці гадоў Роберт прадаваў часопісы, а свой заробак пералічваў на спецыяльны рахунак у банку. У 1931 годзе банк прагарэў, і хлопец страціў усе свае зберажэнні.
Васемнаццацігадовы Роберт дарос да 2 метраў 54 сантыметраў і важыў 177 кілаграмаў. Абутак гіганта да гэтага часу захоўваецца ў некаторых музеях ЗША, у тым ліку і ў яго родным горадзе Элтане. Шырока распаўсюджана меркаванне, што памер абутку Роберта дасягаў лічбы 37 (69 па нашых мерках!), але на самай справе, як сцвярджае даследчык Мэцью МакГроры, толькі 29-га або
30-га (каля 62-га памеру). Першапачаткова за абутак такога памеру бацькі гіганта вымушаны былі плаціць каля 100 долараў ЗША, што на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя было саліднай сумай. Пазней адна кампанія, якая займалася вытворчасцю абутку, забяспечвала Роберта чаравікамі бясплатна.
Імкнучыся падтрымліваць нармальны лад жыцця, хлопец збіраў маркі, а таксама захапляўся фатаграфіяй. Незвычайны рост, напэўна, дапамагаў маладому чалавеку знаходзіць нечаканыя ракурсы для сваіх фотаработ. Тым часам Роберт скончыў школу і далей атрымліваў адукацыю ў Шартліфскім юрыдычным каледжы. Калі яму споўнілася дваццаць гадоў, Роберт разам з бацькам ажыццявіў падарожжа па Злучаных Штатах, рэкламуючы абутковую кампанію. Яны наведалі больш за 800 гарадоў у 41 штаце! Бацька быў вымушаны мадыфікаваць свой аўтамабіль: выкінуць пярэдняе пасажырскае сядзенне, каб гігант мог выцягнуць свае доўгія ногі, седзячы на заднім. Дарэчы, усе астатнія члены сям’і Вадлаў былі нармальнага росту. Роберт моцна любіў сваю маці Эдзі і абыходзіўся з ёй вельмі мякка, пяшчотна, з-за чаго і ўзнікла новая мянушка — “Пяшчотны гігант”.
Роберт Вадлаў забяспечыў сабе месца ў гісторыі ў 1937 годзе, калі пабіў рэкорд ірландца, які памёр у 1877 годзе. Пры росце 2,6 метра і вагой 197 кілаграмаў хлопец стаў найвялікшым чалавекам свету. Шматлікія вандроўкі прынеслі яму папулярнасць. Роберт сустракаўся з галівудскімі зоркамі, ды і сам меў шматлікіх прыхільнікаў. Яшчэ ў 1933 годзе Роберт атрымаў на дзень нараджэння самую вялікую віншавальную паштоўку ў гісторыі элтанскага паштовага адзялення — 14х22 дзюйма (35,56х55,88 см).
 Прычынай унікальнага росту Роберта стала залішняя актыўнасць гіпофізу, які выпрацоўваў вялікія дозы гармону росту. Сучасная медыцына ведае, як вырашыць гэтую праблему, аднак у 1920-я гады падобнай тэрапіі яшчэ не было. У юнацтве Роберт Вадлаў мог пахваліцца добрым здароўем, але з кожным годам яно пагаршалася. Асаблівыя пакуты прыносілі хлопцу яго вялікія ступні. Пры хадзьбе малады чалавек быў вымушаны карыстацца мыліцамі. Ён слаба адчуваў свае ногі і неаднойчы націраў іх да страшных мазалёў. Падчас аднаго з такіх выпадкаў у жніўні 1940 года Роберт падчапіў фатальную інфекцыю. Дактары вымушаны былі размясціць хлопца ў гатэльным ложку, бо ў мясцовым шпіталі яны былі залішне малыя для гіганта. Аднак, нягледзячы на тэрмінова аказаную дапамогу і пераліванне крыві, праз некалькі дзён легендарны амерыканскі гігант памёр ва ўзросце дваццаці двух гадоў. Як паказала медыцынскае абследаванне, нават пасля смерці Роберт Вадлаў працягваў расці. У 1985 годзе на радзіме вялікага чалавека ўстаноўлена бронзавая фігура Роберта ў сапраўдную велічыню. І да нашых часоў яе называюць “Пяшчотны гігант”.

гэта цікава

Сёння самым высокім чалавекам свету афіцыйна, паводле Кнігі рэкордаў Гінэса, лічыцца кітайскі пастух Бао Сішунь. Калі меркаваць па паведамленнях у прэсе, характар у Бао — такі ж спакойны і лагодны, як у амерыканскага “Пяшчотнага гіганта”. У снежні мінулага года самы высокі чалавек на Зямлі выратаваў ад смерці двух дэльфінаў. Дзякуючы даўжыні сваіх рук Бао Сішунь, рост якога складае 2 метры 36 сантыметраў, змог выцягнуць са страўнікаў жывёл невядома як трапіўшыя туды кавалкі пластмасы. Дэльфіны хутка паправіліся.
А зусім нядаўна 56-гадовы Бао ...ажаніўся з дваццацівасьмігадовай дзяўчынай Ся Шуцзюань, рост якой складае ўсяго 1 метр 68 сантыметраў.  Як паведамілі інфармагенцтвы, вяселле прайшло ў адпаведнасці з мангольскімі традыцыямі ў горадзе Эрдас, дзе пахаваны Чынгісхан.
Як расказаў прадстаўнік расійскай кнігі рэкордаў “Дзіва” ў Беларусі Аляксандр Калінін, самым высокім жыхаром Расіі сёння лічыцца Аляксандр Сізаненка (рост каля 2,5 метра), рост украінскага рэкардсмена Леаніда Стаднюка — 2,53 метра.
У жанчын самы вядомы рэкорд росту —
2 метры 47 сантыметраў — належаў кітаянцы Жэнг Жынлян, якая памерла ў 1982 годзе ва ўзросце 17 гадоў. У свае чатыры гады дзяўчынка вырасла да 153 сантыметраў. З савецкіх жанчын-веліканаў самая вядомая — Ульяна Сямёнава, знакамітая баскетбалістка, якая нарадзілася ў Латвіі ў 1952 годзе і мела рост 2 метры 13 сантыметраў.
Дарэчы, па словах Аляксандра Калініна, самага высокага чалавека Беларусі сёння, хутчэй за ўсё, трэба шукаць сярод баскетбалістаў. Напрыклад, рост лепшага беларускага баскетбаліста 2006 года Уладзіміра Верамеенкі — 208 сантыметраў, рост другога нумара Ягора Мешчаракова — 205 сантыметраў, Уладзіміра Шарко (трэцяе месца па версіі газеты “Прессбол”) — па некаторых даных, 200 сантыметраў. Самым высокім баскетбалістам беларускай зборнай лічыцца Аляксандр Куль — 215 сантыметраў. Як паведаміў Аляксандр Калінін, афіцыйна ў беларускае  прадстаўніцтва Кнігі Гінэса заявак на рэкорд у апошнія гады не паступала.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter